Каардынацыйны камітэт Эўрапейскай кааліцыі выступіў з заявай напярэдадні Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

«26‑27 траўня павінен адбыцца Кангрэс дэмакратычных сілаў. Асноўная ўвага ініцыятараў Кангрэсу засяроджана на пытанні кіраўніцтва Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі (АДС). Між тым, па‑за сур’ёзным абмеркаваннем засталася стратэгія АДС, што з’яўляецца першасным і вызначае, у тым ліку, патрабаванні да кіраўніцтва АДС.

Праект стратэгіі, прапанаваны планава‑аналітычнай групай, заснаваны на спадзяваннях на эвалюцыю рэжыму ў бок дэмакратыі. Асноўны акцэнт у ім зроблены на перамовах з уладай. Нягледзячы на яго крытыку прадстаўнікамі Еўрапейскай Кааліцыі ў Палітычнай радзе, гэты праект выносіцца зараз на зацвярджэнне Кангрэсу. Еўрапейская Кааліцыя мусіць прапанаваць Кангрэсу свой, альтэрнатыўны праект стратэгіі АДС, заснаваны на мабілізацыі актыўнай часткі грамадства вакол ідэі еўрапейскага выбару для рэальнай барацьбы за свабоду Беларусі.

Аналіз, зроблены ў нашым праекце, даказвае, што эвалюцыя рэжыму ў бок дэмакратыі і сур’ёзныя перамовы з ім немагчымыя. Наадварот, яго эвалюцыя адбываецца ў зваротным накірунку, што выразна відаць на прыкладзе аднаго з удзельнікаў Еўрапейскай Кааліцыі — Маладога Фронту. Калі ў 2005 годзе да крымінальнай адказнасці быў прыцягнуты адзін сябар Маладога Фронту, то ў 2006 г. — 2, а ў 2007 — ужо 7. Такое неадэкватнае ўзмацненне рэпрэсій супраць моладзевай арганізацыі, большаць якой складаюць школьнікі і якая адмаўляе гвалтоўныя метады барацьбы, акрамя лагічнай эвалюцыі рэжыму мае яшчэ і іншыя прычыны. Згодна з атрыманай намі інфармацыяй, рэпрэсіі супраць Маладога Фронту ініцыяваны агентурай уплыву суседняй дзяржавы ў асяродку КГБ. Яны маюць на мэце:

аслабіць патрыятычнае, праеўрапейскае крыло АДС на карысць супрацьлеглага;

зрабіць пераследам дзяцей немагчымым паляпшэнне адносін беларускага рэжыму з дэмакратычным Захадам;

даказаць рэпрэсіямі супраць «страшэннага монстра» — Маладога Фронту лаяльнасць рэжыму службовых асоб КГБ, якія падазраюцца ў несанкцыяваных кантактах са спецслужбай суседняй дзяржавы.

Няма неабходнасці называць прозвішчы гэтых асоб — геаграфія рэпрэсій супраць Маладога Фронту яскрава сведчыць аб іх.

Нягледзячы на рэпрэсіі, Еўрапейская Кааліцыя будзе і надалей актыўна змагацца за еўрапейскі выбар для Беларусі, за еўрапейскія каштоўнасці, за свабоду. Нельга спадзявацца атрымаць «ярлык» на кіраванне краінай, прадаўшы крыху палітычнага і эканамічнага суверэнітэту. Тым болей, што ахвотнікаў падняць цану будзе ўзнікаць усе болей і болей .

Беларусь пастаўлена перад непазбежным каштоўнасным выбарам — у Еўропу ці ў Азію. Мы будзем патрабаваць ад дэлегатаў Кангрэсу публічнага і сумленнага выбару паміж гэтымі альтэрнатывамі, а таксама выбару паміж актыўнай барацьбой і бяздзейнасцю. Ад вынікаў іх выбару будзе залежаць магчымасць нашага аб’яднання з тымі ці іншымі арганізацыямі і палітыкамі.

Ад гэтага выбару залежыць будучыня Беларусі.

Жыве Беларусь!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?