Дзяржаўны літаратурна‑мемарыяльны музей Якуба Коласа ў сувязі з 125‑годдзем народнага паэта Беларусі экспануе свае фонды ў шэрагу гарадоў Беларусі. Пра гэта 16 мая ў Мінску на прэс‑канферэнцыі паведаміла дырэктар музея Зінаіда Камароўская.

Паводле яе слоў, экспазіцыя з рэчавымі, пісьмовымі і выяўленчымі рэліквіямі, сярод якіх уласныя рэчы паэта і арыгіналы лістоў з калекцыі музея, ужо дэманстравалася ў Гомелі, а цяпер экспануецца ў Бабруйску (Магілёўская вобласць). Затым выстава адправіцца ў Магілёў, Брэст, Віцебск, Нясвіж (Мінская вобласць) і ў Музей Максіма Рыльскага ў Кіеве (Украіна).

Сярод плануемых мерапрыемстваў музея ў гэтым годзе З.Камароўская назвала XVIII фестываль юных музыкантаў «Сымон‑музыка» з літаратурным прадстаўленнем «Слова пра Коласа» (Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці, 18.05), літаратурна‑музычны вечар «Лучнасць муз», прысвечаны 120‑годдзю Марка Шагала і 125‑годдзю Я.Коласа, адкрыццё новай экспазіцыі ў філіяле музея ў Стаўбцоўскім раёне і выставы, прысвечанай 95‑годдзю сустрэчы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы з Якубам Коласам на хутары Смольня ў Стаўбцоўскім раёне (пры канцы чэрвеня), прэзентацыю першага тома 20‑томнага збору твораў Я.Коласа (у другой палове мая), выданне кампакт‑дыска «Якуб Колас у музыцы», правядзенне міжнароднай канферэнцыі «Каласавіны», выданне энцыклапедычнага даведніка «Акружэнне Якуба Коласа».

У рамках міжнароднай акцыі «Ноч музеяў», што распачынаецца вечарам 19 мая, упершыню будзе паказаны арыгінал рукапісу паэмы Я.Коласа «Сымон‑музыка», які на гадзіну прадставяць сваякі паэта.

Паводле слоў дырэктара Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Сяргея Вечара, у праграму акцыі «Ноч музеяў» уключаны канцэрты старадаўняй музыкі, выстава старажытных шахмат, дэгустацыя страў старалітоўскай кухні.

Сярод запланаваных мерапрыемстваў гэтага года С.Вечар назваў асеннюю выставу «Мастацкае срэбра» з фондаў музея, што ўключаюць больш за 40 тыс. твораў з каштоўных металаў, а таксама экспазіцыю «Касцярэзнае рамяство Беларусі», у якой будуць прадстаўленыя рэліквіі з многіх музеяў краіны. Дырэктар музея выказаў надзею, што ў наступным годзе пачнецца рэканструкцыя другога корпуса ўстановы па вуліцы Фрунзэ, 19 у Мінску плошчай каля сямі тысяч квадратных метраў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?