Статкевіч — як той шчупак у сажалцы. Не дае спакою карасям з аб'яднанай апазыцыі :-) Вось зараз пачаў даймаць альтэрнатыўнай статэгіяй. Хоча сапсаваць усю арганізацыйную маліну!

Але канцэптуальную бомбу, якую зьбіраецца падкінуць дэлегатам "Эўрапейская кааліцыя", трэба думаць, абясшкодзяць прэвэнтыўна. Няма чаго народ баламуціць, і так столькі сіл патрацілі, каб зладзіць той кангрэс! Дый амбасадарам ужо прэзэнтавалі кананічны праект, а тут нейкія апокрыфы зьяўляюцца!

Карацей, ад нязручнай альтэрнатывы папросту адкараскваюцца. Прэсавая служба аргкамітэта "Народнае грамады" цытуе рэпліку Бухвостава на менскай рэгіянальнай канфэрэнцыі: "Наконт курсу ў Эўропу яшчэ трэба паглядзець...". Цікава, а якія ёсьцека варыянты? :-)

Сымптаматычна выказаўся сёньня на "Свабодзе" лідар Партыі БНФ. Па-першае, маўляў, "у стварэньні кааліцыйнай стратэгіі ўдзельнічалі альбо мелі магчымасьць удзельнічаць прадстаўнікі ўсіх суб'ектаў кааліцыі". А па-другое, "гэта хутчэй палітычныя гульні, чым насамрэч стратэгічная дыскусія".

Во як! То бок валтузьня вакол перафарматаваньня кааліцыі, што доўжыцца ўжо год, — гэта ня гульні, а вось прапановы, як перамагчы рэжым, — гульні. І увогуле, у бюракратычны цягнік "усеапазыцыйнага абмеркаваньня" вы, шаноўныя, ўскочыць не пасьпелі!

Я не пра тое, наколькі добры ці дрэнны Статкевічаў варыянт (ён, дарэчы, ляжыць вось тут). Але ад іншых лідэраў хацелася б пачуць тлумачэньне на пальцах: наша стратэгія лепшая вось таму і таму!

Тым болей што кананічны праект (зь ягонымі пэрлінамі кшталту "актывізаваць патэнцыйна актыўных":) выклікаў моцную крытыку. І не агульную, а з разборам па костачках.

Між тым рэгіянальныя канфэрэнцыі прайшлі ў тыповым стылі перацягваньня коўдры. Былі скандалы, бунтавалі мясцовыя актывісты... Але ці чулі вы пра нейкія канцэптуальныя дыскусіі? Здаецца, аб стратэгіі арганізатары думаюць у апошнюю чаргу. А найперш — пра новую расстаноўку крэслаў у штабе.

Ня будзе дзівам, калі ў падобным стылі пройдзе і сам кангрэс.

P.S. Тое, што яго дазволяць у Менску, было чакана. Зрабілі адчэпнага для Эўропы. Звыш таго, і ўдзельнікам пікантнага шоў перад тэлекамэрамі ня трэба далёка ехаць. Прасьпяваюць "Блакітны вагон" у звыклым месцы :-)

P.P.S. Трапіў у рукі нумар газэты "Товарищ" — воргана апазыцыйнай кампартыі. Увогуле там друкуюцца добрыя аўтары — Акудовіч, напрыклад. Але тэма кангрэсу падаецца ў такім барабанным стылі, што не стае хіба рубрыкі "Насустрач зьезду".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0