У старым горадзе Вільні адкрылі помнік лекару‑літваку Цэмаху Шабаду, які зьяўляецца прататыпам галоўнага героя казкі Карнея Чукоўскага «Доктар Айбаліт».

«Калі я чытаў казку пра Айбаліта, яшчэ ня ведаў, што яна створана на падставе жыцьця рэальнага доктара. Ужо тады такія вялікія людзі былі ахутаныя пылам забыцьця, цяпер прыйшоў час сьцерці яго», — зазначыў прэм’ер‑міністар Літвы Гедымінас Кіркілас.

Інцыятарам усталяваньня помніка быў «Фонд літвакоў», заснаваны ў 2004 г.

Доктар Шабад (1864—1935), прысьвяціў сваё жыцьцё лячэньню дзяцей і беднякоў. Па ягонай ініцыятыве ў Вільні быў створаны прытулак для сіротаў, рэалізоўваліся сацыяльныя праграмы.

Паводле скульптара Ромаса Квінтаса, помнік усталяваны на тым месцы, дзе знакаміты габрэйскі доктар, што жыў непадалёк і выйшаў прагуляцца па Старым горадзе, сустрэў дзяўчынку з коткай на руках. У жывёлы ў языку тырчэў рыбацкі кручок, які Шабад адразу лёгка выдаліў пінцэтам. Шабад сапраўды ня раз лячыў чацьвераногіх сябраў віленскай дзятвы, хоць быў «чалавечым» доктарам.

Двойчы, яшчэ да Першай сусьветнай вайны, падчас прыездаў у Вільню, у ягоным доме і спыняўся Карней Чукоўскі. Пісьменьнік расказваў, што менавіта Шабад стаў для яго прататыпам доктара Айбаліта.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?