Польшча актыўна рыхтуецца да чэмпіянату Эўропы‑ 2012: праз тры гады цягнікі разгоняцца да 220 км/г.

Польская чыгунка вырашыла стварыць да чэмпіянату хуткую сувязь паміж галоўнымі гарадамі ў Польшчы. Час падарожжаў пры гэтым скароціцца практычна ўдвая. З Кракава да Варшавы можна будзе даехаць менш як за дзьве гадзіны (цяпер 2 гадзіны 45 хвілін), а да Гданьску — за чатыры (цяпер — сем).

— Вядома, магчымасьці хуткіх цягнікоў на Захадзе нашмат большыя, іх хуткасьць перавышае 300 км/г, аднак нашыя чыгуначныя шляхі не найлепшай якасьці, таму мы мяркуем, што пасьля мадэрнізацыі яны змогуць езьдзіць на 100 км/г павольней, чым у іншых дзяржавах Эўропы. Каб ехаць больш за 300 км/г, нам трэба пабудаваць цалкам новыя шляхі — кажа прадстаўніца польскай чыгункі Адрыяна Хібоўска.

На мяжы 2007 і 2008 будзе абвешчаны аўкцыён, дзе вырашыцца, якія цягнікі будуць езьдзіць па Польшчы — франзускія TGV, італьянскія Pendolino ці нямецкія ICE.

Рэкорд хуткасьці належыць французскаму TGV — 574,8 км/г. Нямецкі ICE на трасе Мадрыд‑Барсэлёна змог разьвіць хуткасьць 404 км/г. Аднак паколькі ад хуткасьці 400 км/г спажываньне энэргіі робіцца занадта вялікім, а супраціўленьне паветра выклікае такі шум, як рэактыўны самалёт падчас старту, падчас паездак хуткасьць цягнікоў абмяжоўваецца.

Такіх праблемаў ня мае італьянскае Pendolino, што едзе з максымальнай хуткасьцю 250 км/г. Менавіта гэтаму цягніку належыць рэкорд хуткасьці на польскай чыгунцы — 250,1 км/г.

Вольга Данішэвіч паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0