9 траўня

Затрыманьні на Дзень Перамогі

9 траўня падчас сьвяткаваньня Дня Перамогі ў Менску былі затрыманыя актывісты моладзевых дэмакратычных арганізацыяў. Сябры ініцыятывы «Новы шлях» віншавалі вэтэранаў у парку Горкага. Яны раздавалі ім паштоўкі з улёткамі, у якіх заклікалі падтрымаць моладзь, што адстойвае дэмакратычныя каштоўнасьці. Супрацоўнікі міліцыі Ленінскага раёну падышлі да маладзёнаў, калі ў тых ужо не засталося ніводнай улёткі, і перапісалі ў юнакоў пашпартныя дадзеныя.

У цэнтры Менску пасьля сьвяточнага салюту былі затрыманыя 19‑гадовы Ільля Шарбінскі й 17‑гадовы Раман Багдановіч. Міліцыянтаў найхутчэй зацікавілі значкі «За свабоду!», што насілі хлопцы. Затрыманых даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну.

У Магілёве пратэставалі супраць адмены льготаў

У Магілёве каля 100 студэнтаў пратэставалі супраць адмены льготаў. За акцыяй, якая доўжылася дзьве гадзіны, назіралі міліцыянты ды выкладчыкі магілёўскіх ВНУ.

Моладзь правяла пікет ды арганізавала збор подпісаў за захаваньне ільготаў. Студэнты працягнуць зьбіраць подпісы непасрэдна ў ВНУ, а потым перададуць іх ва Ўпраўленьне адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму. Адзін зь лідэраў магілёўскай суполкі моладзі БНФ Аляксандар Анісімаў паведаміў, што на групу моладзі, якая ішла на акцыю, напалі невядомыя ў цывільным і моцна пабілі.

10 траўня

Супраць Яраслава Грышчэні зноў узбудзілі крымінальную справу

Адпаведную пастанову актывісту незарэгістраванага «Маладога фронту» ўручыла сьледчая Баранавіцкага ГУУС Юлія Аскальдовіч. У ім гаворыцца, што Я.Грышчэня пасьля заявы ў Баранавіцкім ГУУС, зробленай ім 20 красавіка 2007 г. аб добраахвотным спыненьні ўдзелу ў дзейнасьці «МФ», «фактычна працягнуў удзел у дзейнасьці гэтага незарэгістраванага грамадзкага аб`яднаньня пры правядзеньні шэсьця «Чарнобыльскі шлях» 26 красавіка 2007 г., пра што сьведчаць адзьнятыя матэрыялы». На падставе гэтага пракурор Баранавіч Аляксандар Смаль пастанавіў узбудзіць крымінальную справу паводле арт. 193‑1 КК (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).

Маладым сацыял‑дэмакратам адмовілі ў рэгістрацыі

Моладзеваму грамадзкаму аб’янаньню «Маладыя сацыял‑дэмакраты — Маладая Грамада» адмоўлена ў дзяржрэгістрацыі. Адмова Мін’юсту матываваная тым, што статут наваўтворанага аб’яднаньня не адпавядае патрабаваньням ч.3 арт.9 закону «Аб грамадзкіх аб’яднаньнях».

«Падавіцеся вашымі льготамі!»

Пад Міністэрствам адукацыі ў Менску прайшла акцыя супраць адмены льготаў студэнтам. Каля трох дзясяткаў актывістаў руху «За свабоду!» cкінулі кашулі і пракрычалі «Падавіцеся вашымі льготамі!» Пасьля актывісты апранулі байкі з надпісам «За свабоду!» ды зьніклі. За акцыяй назіраў ахоўнік будынку, які адабраў у маладых людзей мэгафон і прыгразіў выклікаць міліцыю.

Карная псыхіятрыя

Магілёўскай актывістцы апазіцыі Крысьціне Шацікавай адмоўлена ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па факце яе затрыманьня і шпіталізацыі. Падстава для адмовы — пракуратура Ленінскага раёну Магілёва правяла праверку і высьветліла, што службовыя асобы Магілёўскага абласнога псыхіятрычнага шпіталя, а таксама супрацоўнікі ППС УУС Магілёўскага аблвыканкаму, якія праводзілі затрыманьне і дастаўлялі К.Шацікаву ў шпіталь, дзейнічалі ў межах правоў, якія надаюцца законам «Аб міліцыі» і законам «Аб псыхіятрычнай дапамозе і гарантыі правоў грамадзян пры яе аказаньні». Шацікаву затрымалі на падставе калектыўнай заявы, напісанай нібыта жыхарамі яе дому.

Крымінальная справа супраць Шылы

Упраўленьне КДБ па Менскай вобласьці ўзбудзіла новую крымінальную справу супраць салігорскага актывіста «Маладога фронту» 17‑гадовага Івана Шылы. Сьледчы Вітольд Аляксееў паведаміў Івану, што справа ўзбуджаная паводле арт. 193 КК РБ за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, і Шыла мае статус падазраванага.

11 траўня

Кацярыну Садоўскую пакінулі ў турме

Пра гэта яна паведаміла ў лісьце дахаты з Гомельскай жаночай калёніі. Камісія ў калёніі двойчы вывучала яе характарыстыку й пастанавіла, што «зьняволеная ня стала на шлях выпраўленьня». Нагадаем, праваабаронца Кацярына Садоўская асуджаная на 2 гады пазбаўленьня волі.

Ператрус у Шылы

У салігорскага «маладафронтаўца» Івана Шылы, супраць якога пачалі крымінальную справу, адбыўся ператрус. Кіраваў працэдурай маёр салігорскага КДБ Дземідовіч С.М. Ператрус працягваўся 2,5 гадзіны. Спэцлужбісты канфіскавалі нататнікі Івана, значкі, прэсу. Іх зацікавіў кампутар хлопца, у якога адсутнічаў сыстэмны блёк.

13 траўня

Акцыі ў падтрымку касьцёла сьвятога Язэпа

Менскія актывісты павесілі на мосьце на вул.Няміга расьцяжку з заклікам «Абаронім касьцёл 16 траўня, у 19.00». Расьцяжка правісела на мосьце каля гадзіны, пакуль яе не зьняла міліцыя. Былі распаўсюджаныя ўлёткі з заклікам прыйсьці на супольную малітву за вяртаньне касьцёлу вернікам, якая адбудзецца 16 траўня, у Дзень беларускай салідарнасьці. Каля самога храму адбываўся збор подпісаў у яго падтрымку.

Сход інтэлігенцыі ў лесе

IV сход прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі з удзелам 100 дэлегатаў з розных рэгіёнаў краіны адбыўся ва ўрочышчы Прыстанька Стаўпецкага раёну, на беразе Нёману. На тым самым месцы, дзе 9 ліпеня 1906 г. прайшоў нелегальны зьезд беларускіх настаўнікаў з удзелам Якуба Коласа. Удзельнікі сходу абралі 47 дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў і ўхвалілі зварот з шэрагам патрабаваньняў да ўлады.

14 траўня

Дашкевіча вярнулі на тартак

Палітвязень Зьміцер Дашкевіч зноў працуе ў калёніі на лесапільным ўчастку. Раней ён быў зьмешчаны ў турэмны шпіталь з‑за праблемаў з хрыбтом. Болей за тыдзень ад Зьмітра не было зьвестак. Цяпер ён паведаміў праз знаёмых, што працуе зноў там, дзе і працаваў.

Тацяна Севярынец зьвярнулася ў суд

Маці палітыка Паўла Севярынца Тацяна Севярынец зьвярнулася ў суд Першамайскага раёну Віцебску — яна патрабуе аднавіць яе на працы ў віцебскай сярэдняй школе №40. Настаўніцу з 35‑гадовым стажам звольнілі нібыта за прагулы: начальнік аддзелу адукацыі Першамайскага раёну Ўладзімер Шлома, падпісаўшы заяву спн.Севярынец на адпачынак за свой кошт, праз колькі дзён адмяніў рашэньне. Вярнуўшыся з адпачынку, Т.Севярынец даведалася, што прапусьціла шэсьць працоўных дзён. Бараніць інтарэсы настаўніцы ў судзе будзе вядомы віцебскі адвакат Міхаіл Замалін. На судовае паседжаньне зьбіраюцца й бацькі вучняў сярэдняй школы №40, дзе Тацяна Севярынец выкладала расейскую мову ды літаратуру.

Сьцяг над райвыканкамам

Супрацоўнікі баранавіцкай міліцыі абвінавацілі актывіста «Маладога фронту» Яраслава Грышчэню ў дробным хуліганстве. Падставай стаў відэазапіс, зроблены ўначы. Камэра зафіксавала, як «маладафронтавец» на будынку баранавіцкай адміністрацыі замяніў афіцыйны сьцяг на бел‑чырвона‑белы.

Сьцягі ўдзень

У розных раёнах Менску былі вывешаныя нацыянальныя сьцягі. Паблізу ст.м.»Пушкінская» вялізны сьцяг правісеў больш за дзьве гадзіны. Прыблізна ж столькі пралуналі сьцягі ля плошчы Калініна ды Акадэміі мастацтваў. Гадзіну мінакі назіралі сьцяг на даху дому на вул.Харужай, што ў народзе завуць «кукурузінамі». Быў заўважаны сьцяг і ў мікрараёне Лошыца.

Канцэрт ZET і IQ‑48 забаранілі

Супольны канцэрт гуртоў ZET і IQ‑48 мусіў адбыцца ў клюбе «Арэна». Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пасьля званка з камітэту па ідэалёгіі Менгарвыканкаму кіраўніцтва клюбу адмовілася ад мерапрыемства. Як паведаміў лідэр «ZET» Лявон Вольскі, канцэрт перанесьлі ў клюб «Катакомбы».

СП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0