Музычная энцыкляпэдыя сьвятаў ад самага вясёлага беларускага поп‑рок праекту. У альбоме апяваюцца, як традыцыйныя сьвяты (Купальле, Каляды), так і саўковыя разам з малазвыклымі яшчэ эўрапейскімі (як Хэлоўін ці дзень сьв.Патрыка). Музыка разьлічаная ня толькі на тое, каб павесяліцца ды патанчыць.

У апалітычным раней праекце Вольскага зьявіліся пратэставыя ноткі, як у песьні пра «таварыш маўзэр», прысьвечанай Дню Вялікай Сацыялістычнай Рэвалюцыі. «Дасталі вы сваімі Сталіным ды Дзяржынскім», — пяецца тут. Калі ўлічыць разнаплянавасьць апошніх альбомаў NRM ды ZET, можна сказаць, што мяжа між гэтымі праектамі ды «Крамбамбуляй» стала зусім празрыстай. Цяпер яе язык не павернецца назваць «папсовым» ці то «эстрадным» праектам, ён канчаткова скаціўся ў андэграўнд. Да ўсяго, апошнія песьні «Крамбамбуля» запісала бяз знаных гасьцей — Гюнэш, Кулінковіча і Міхалка, таму харызма Лявона тут запанавала напоўніцу.

На «Сьвяточнай» няма гіту калібру «Абсэнту» і «Гасьцей», які б адразу падхапіў народ. Кожная песьня — добрая па‑свойму, але ніводная не выбіваецца з шэрагу ды ня вязьне на вушах. Затое каманда ўзбагацілася ў музычным пляне — на дыску сустракаем стылізацыі пад рэгі, цыганскую музыку, стыль ВІА, фольк‑рок. Альбом каштоўны і мультымэдыйнай часткай, аформленай з гумарам ды густам. «Крамбамбулю» можна лічыць пачынальнікамі беларускага карпаратыўнага поп‑року. На нефармальных урачыстасьцях, вясельлях, днях народзінаў бяз гэтай музыкі аніяк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?