Напярэдадні Дня Перамогі ў Гомелі бульдозэр зруйнаваў помнік вайсковай гісторыі — драўляны дом нумар 46 па вул.Пляханава, дзе ў 1941—42 гадах знаходзілася падпольная явачная кватэра.

Непадалёк пачалося будаўніцтва новага мосту цераз Сож, і дом трапіў у зону зносу, але пра тое, каб разабраць яго па бярвенцах і аднавіць на новым месцы, як гэта робяць у цывілізаваным грамадзтве, гаворкі не было. Дом ператварылі ў кучу сьмецьця, а непатрэбную мэмарыяльную дошку ўлады ўрачыста падарылі 9 траўня мясцовай вэтэранскай арганізацыі. Ніхто ня біў вітрыны на вуліцах, што носяць імёны Барадзіна, Цімафеенкі, Шылава, Жалезьнякова — падпольшчыкаў, чый апошні год жыцьця быў зьвязаны з домам на Пляханава. Натоўп падпітай моладзі, што вярталася пасьля салюту дадому, не зважаў ня толькі на чорныя руіны будынку, але і на правілы дароржнага руху, а сьвяточна апранутыя міліцыянты цярпліва выслухоўвалі скаргі пра «скрадзеныя» мабільнікі…

«К этому акту вандализма относимся отрицательно», — стракацяць бліц‑апытаньнямі газэтныя аркушы. Ды, вядома ж, гаворка там ідзе пра іншыя падзеі ў іншай краіне. Няпроста заўважыць бервяно ва ўласным воку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?