Прадпрымальніку Мікалаю Сапегу не ўдалося выкупіць і адрэстаўраваць Быхаўскі замак. Рэпартаж з Быхава Зьмітра Панкаўца.

закінутая абарончая сынагога XVI ст

Калі едзеш Быхавам, падаецца, што ўсё будаўніцтва тут спынілася яшчэ ў 1970‑я. Разам з тым горад утульны. Ці ён такі заўжды, ці рыхтавалі да візыту Лукашэнкі? Замак — адразу пры заезьдзе ў горад за мастом праз Дняпро. З усіх бакоў аточаны навюткім плотам, пастаўленым пару дзён таму з нагоды згаданага візыту.

У XVI—XVII ст. гаспадары Быхава — князі Хадкевічы і Сапегі —ператварылі яго ў магутную фартэцыю, адну з самых надзейных у Беларусі. Стары Быхаў і яго гераічная абарона адыгралі вызначальную ролю ў вайне з Масковіяй 1654—1667 г. Гісторыкі паўжартам называюць Быхаў «беларускім горадам‑героем».

За савецкім часам у сапегаўскім палацы месьцілася мэблевая фабрыка. Ужо гадоў пяць як тамака нічога няма. Заходзім у замак з боку галоўнай брамы. Яна адчыненая, аб’ект даўно ніхто не ахоўвае, і ён паступова руйнуецца.

А дзе ж бізнэсовец Мікалай Сапега, які браўся аднаўляць замак? На працягу двух гадоў прадпрымальнік з магнацкім прозьвішчам арандаваў у замку памяшканьні. Там у яго месьцілася лесапільня. Лесанарыхтоўчы бізнэс даваў вялікія і стабільныя прыбыткі. Тады і ўзьнікла ідэя рэўстарацыі замку з мэтай прыцягненьня ў Быхаў турыстаў.

Набіраю Сапегаў нумар. Мікалай з радасьцю пагаджаецца паразмаўляць, толькі пасьля дадае: «Вы да мяне ў Глуск прыедзеце?..» Цяпер ён жыве там, займаецца фэрмэрствам.

Сапега расказвае, як афармляў дакумэнты, патрэбныя для набыцьця замку, як справу тармазілі то мясцовыя бюракраты, то Адміністрацыя прэзыдэнта. Папяровая валакіта цягнулася два гады. Але прадпрымальнік быў пэўны, што ўрэшце атрымае замак ва ўласнасьць. Нават пачаў рамонт. Паправіў дах, прыбраў з памяшканьняў розны друз. Справа паціху рухалася.

У 2004 г. замак гарэў. Нехта зь мясцовых жыхароў прыйшоў з аўтагенам красьці трубы. Пачаў выразаць іх акурат у пажаранебясьпечнай зоне — у пакоі, дзе некалі мэблю пакрывалі лякам. Замак загарэўся. Міліцыя так і не знайшла вінаватага.

І нават пасьля таго Сапега не кідаў сваёй ідэі. Чаму? Ён раіць зайсьці зірнуць у адну з замкавых вежаў. Падымаюся на другі паверх, хоць, па шчырасьці, страшнавата: праз усю столь праходзіць здаравенная трэшчына. На другім паверсе ня лепей — дах дзе‑нідзе паправальваўся, расьце трава, прабіваюцца бярозкі.

Але з акна адкрываецца фантастычны краявід Дняпра і навакольля. Вось чым Сапега зьбіраўся завабліваць турыстаў. Аглядаюся ўнутры вежы: атынкаваныя сьцены, пачышчаны комін, няма друзу на падлозе. Здаецца, што яшчэ трошку часу — і Сапега змог бы давесьці да такога выгляду ўвесь замак.

Але ў канцы 2005 г. выйшлі новыя ўрадавыя пастановы, якія, лічы, забаранілі прыватнікам займацца лесанарыхтоўкамі. Бізнэс заняпаў. На мары пра выкуп замку давялося забыцца.

Спадар Сапега расказвае, што яму неаднаразова тэлефанавалі з прапановай узяць удзел у аўкцыёне па продажы замку: «Пачатковая цана была 360 млн рублёў, але рознымі шляхамі гэтую лічбу можна было зьбіць да 60 мільёнаў», — кажа Сапега. Удвая таньней за менскую аднапакаёўку. Але і такіх грошай Сапега ня мае. Іншых ахвотных набыць замак таксама не знайшлося.

За некалькі сотняў мэтраў ад замку стаіць закінутая абарончая сынагога XVI ст. Яна ў крыху лепшым стане, але і тут відавочна патрабуецца рэстаўрацыя. Усе ўваходы забітыя дошкамі. На сьценах надпісы чорнай фарбай — РНЕ.

Характэрна выглядаюць дахі старых быхаўскіх баракаў. На кожным зь іх дзясяткі спадарожнікавых талерак. Патэнцыйных гледачоў незалежнага тэлеканалу ў горадзе нямала.

За савецкім часам Быхаў быў вядомы тым, што ў горадзе разьмяшчалася база стратэгічнай авіяцыі. Закінуты аэрадром уражвае ня менш за замак і сынагогу. Даўжэзныя і шырачэзныя забэтаваныя ўзьлётныя палосы. Частку бэтоннай пліткі з аэрадрому ўжо вывернулі і паклалі ў горадзе замест асфальту. Згадваецца, што каля замку мы ішлі якраз па такіх плітах. На аэрадроме ж беларускія рокеры маглі б здымаць файныя кліпы, ці нават зладзіць рок‑фэст. Але пакуль не відаць энтузіяста, які б за гэта ўзяўся. Хіба Сапега, як адкупіць замак.

Фота Арцёма Лявы, «Наша Ніва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?