Ніякага афіцыйнага распараджэння па дэмантажы спадарожнікавых антэн і кандыцыянераў з фасадаў будынкаў у Мінску не існуе, заявілі БелаПАН у прэс‑службе Мінгарвыканкама. Такім чынам у сталічнай адміністрацыі абверглі паведамленні, што з’явіліся ў газеце «Комсомольская правда» в Белоруссии», аб тым, што ў адміністрацыі раёнаў Мінска нібыта накіравана даручэнне прывесці фасады будынкаў у адпаведнасць з заканадаўствам і праектамі забудовы.

Як заявілі газеце ва УП «МТІС», «ёсць закон аб тым, што эстэтычнае аблічча горада нельга парушаць пры эксплуатацыі жылля, а ўзгадняць устаноўку антэн трэба з балансатрымальнікам дома і архітэктарамі».

На думку галоўнага мастака Мінска Аляксандра Андрончыка, якую ён выказаў карэспандэнту «Камсамолкі», «непрафесійная ўстаноўка антэн без узгаднення можа нанесці шкоду будынкам». «За парушэнні правілаў эксплуатацыі штрафуюць, але, думаю, да штрафаў не дойдзе — будуць толькі дэмантаваць», — зазначыў ён.

Як патлумачыў БелаПАН А.Андрончык, ён «выказаў газеце толькі сваю думку, а не рашэнне ўладаў горада». Паводле слоў прэс‑сакратара Мінгарвыканкама Святланы Шыцікавай, «у камітэце архітэктуры Мінгарвыканкама нам патлумачылі, што было выказана меркаванне аб эстэтызацыі аблічча горада».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?