Ва Ўкраіне ў львоўскім выдавецтве «ВолЯ» пабачыла сьвет новая кніга прыпавесьцяў Васіля Быкава. Яна дзьвюхмоўная — тэксты зьмешчаныя паралельна ў арыгінале і па‑ангельску. Дзесяць прыпавесьцяў Быкава на ангельскую мову перакладалі два жыхары Злучаных Штатаў Амэрыкі — прафэсар‑славіст унівэрсытэту Паўднёвай Алябамы Джозэф П. Мозур і перакладчык і журналіст з Флёрыды Ігар Казак [сын пісьменьніка Рыгора Крушыны - НН]. Пра іх супольную працу над перакладамі твораў клясыка беларускай літаратуры Ігар Казак распавёў нашай карэспандэнтцы Валянціне Аксак.

Валянціна Аксак: «Спадар Ігар, чаму зь вялікай творчае спадчыны Васіля Быкава вы выбралі для перакладу на ангельскую мову менавіта ягоныя апошнія, напісаныя ў жанры прыпавесьцяў, творы?»

Ігар Казак: «Быкаў засяроджваў увагу на канфліктах вайны, як у вас кажуць, Вялікай Айчыннай вайны. Ён быў чалавекам вялікай мужнасьці, напрыклад, ён разьвянчаў міты пра савецкіх партызанаў. Ён выступаў у абарону беларускай мовы. Ён добра ведаў псыхалёгію чалавека. Быкаў, як празаік, пэсыміст і аўтар твораў пра трагічныя падзеі. Мы з калегам прафэсарам Мозурам заўважылі, што літаратурныя творы Быкава — гэта хроніка беларускага жыцьця дваццатага стагодзьдзя.

І ўсе творы Быкава — гэта апісаньне трагедый калектывізацыі, вайны, сталінізму... Дык вось мы з прафэсарам Мозурам вырашылі зрабіць пераклад быкаўскіх прыпавесьцяў. Гэтыя прыпавесьці ўнікальныя, бо яны ўнівэрсальныя. Быкаў — унівэрсальны творца. Прыпавесьці створаныя з сарказмам і гумарам, а гэта нетыповы для Быкава стыль.

Наш дзьвюхмоўны зборнік зроблены для амэрыканскіх студэнтаў беларускае мовы і для беларусаў, якія вывучаюць ангельскую мову. Дарэчы, перакладаць прыпавесьці было цяжкавата, бо па гэты час яшчэ няма добрых беларуска‑ангельскіх слоўнікаў. Таму мы працавалі зь іншамоўнымі слоўнікамі, напрыклад, з расейска‑беларускім або польска‑беларускім слоўнікамі ды іншымі».

Аксак: «Ці гэта ваша першая спроба данесьці ангельскамоўнаму чытачу творы слыннага беларускага пісьменьніка, ці нешта перакладалі раней?»

Казак: «Так, ёсьць у мяне іншыя пераклады, напрыклад, маленькія навэлі. Ёсьць у мяне перакладзены «Аўганец», ёсьць таксама «Прэзыдэнт на дрэве». Я вельмі шаную ў гэтых творах гумар Быкава — унікальны, такі народны гумар. Таксама цяпер прафэсар Мозур працуе над перакладам вельмі цікавай аповесьці «Мёртвым не баліць».

Аксак: «А вашы пераклады ў ЗША друкаваліся?»

Казак: «Так. Напрыклад, мой пераклад прыпавесьці «Сьвіст», які ёсьць у гэтым зборніку, ужо друкаваўся ў апошнім нумары «Фікшэн інтэрнэшэнал». Гэта часопіс унівэрсытэту Сан‑Дыега ў штаце Каліфорнія. З вялікай цікавасьцю там была ўспрынятая гэтая публікацыя, бо там ніколі яшчэ беларускага пісьменьніка не друкавалі. Мяркую, што хутка будзе надрукаваны ў другім часопісе мой пераклад «Пахаджанаў». У гэтым творы паказаныя адносіны ўнівэрсальнага характару, бо можна ўспрыняць, што пахаджане — гэта амэрыканскія выбаршчыкі, якія блукаюць паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі. Увогуле, Быкаў — унівэрсальны пісьменьнік».

Аксак: «А як узьнік ваш творчы перакладчыцкі дуэт з прафэсарам Мозурам?»

Казак: «Спадар Мозур і я перакладалі на міжнародных перамовах у Жэнэве. Там і пазнаёміліся. Ён славіст, прафэсар унівэрсытэту ў Алябаме. Вось мы зь ім і вырашылі зрабіць такія пераклады з Быкава. Прафэсар Мозур мае таксама крытычныя артыкулы пра творчасьць Быкава».

Аксак: «Кнігу прыпавесьцяў Васіля Быкава, якая нядаўна пабачыла сьвет у выдавецтве «ВолЯ» ў Львове, ужо можна набыць тут, у Беларусі. А ці будзе яна распаўсюджвацца ў ангельскамоўных краінах?»

Казак: «Мы маем надзею, што яна будзе даступная і ў Амэрыцы для студэнтаў, для акадэмікаў, для ўсіх тых, хто мае зацікаўленасьць у беларускай мове і культуры. Але мы таксама хочам, каб яна шырока распаўсюджвалася ў Беларусі. На жаль, наклад пакуль не такі вялікі, як хацелася б, але, магчыма, будзе другое выданьне, калі кніга стане папулярнай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?