Датэрміновае вызваленьне апазыцыйных палітыкаў Паўла Севярынца і Міколы Статкевіча не паўплывае на рашэньне выключыць Беларусь зь Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый Эўразьвязу.

Пра гэта заявіў Жан-Эрык Хольцапфэль, каардынатар па сувязях з Беларусьсю прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі.

Заява была апублікаваная ў часе онлайн канфэрэнцыі, наладжанай беларускім Інтэрнэт-выданьнем naviny.by.

Дыплямат падкрэсьліў, што “мэханізм сыстэмы прэфэрэнцый ніяк не зьвязаны з палітычнымі вязьнямі, ён зьвязаны з абаронай правоў прафсаюзаў і выкананьнем умоваў Міжнароднай арганізацыі працы”.

Рашэньне аб пазбаўленьні Беларусі гандлёвых прэфэрэнцый было прынятае Эўракамісіяй летась 20 сьнежня з адтэрміноўкай выкананьня на 6 месяцаў. Перагляд гэтага рашэньня можа адбыцца толькі на падставе новай справаздачы Міжнароднай арганізацыі працы, калі ў ёй будзе адзначаны прагрэс у Беларусі ў пытаньні выкананьня правоў прафсаюзаў. Гэтая справаздача будзе прадстаўленая ў чэрвені сёлета.

Спадар Хольцапфэль адмовіўся адказваць на пытаньне, ці сьведчыць вызваленьне палітвязьняў, што Беларусь робіць крок насустрач Эўропе. Ён толькі нагадаў, што вызваленьне ўсіх палітвязьняў зьяўляецца адным з ключавых патрабаваньняў Эўразьвязу, якія былі летась агучаныя ў дакумэнце “Што Эўразьвяз можа даць Беларусі?”

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?