Калі сёньня, ўсю дэмакратычную Беларусь турбуе Гамлетаўскае пытаньне — «Быць ці ня быць?» — для мяне асабіста адказ — відавочны — «Быць!»

Быць расколу, быць здрадзе свайму народу! Дзеля гэтага ня трэба быць «семи пядей во лбу». Гэты працэс ідзе амаль што ўжо цэлы год, Кангрэс — гэта завяршальны этап.

Каму гэта патрэбна?

Ёсьць тры зацікаўленыя бакі:

Перш за ўсё, Лукашэнку, Расеі і, канечне, Захаду. З Лукашэнкам усё ясна — дзеля асабістай ўлады. Расеі — дзеля сфэры ўплыву й інкарпарацыі Беларусі. Зацікаўленасьць Захаду відавочная — дзеля энэргетычнай бясьпекі й адмываньня грошай праз падстаўную апазыцыю. Нікому з трох бакоў моцная, незалежная, дэмакратычная, квітнеючая Беларусь не патрэбна. Аднак яны свае інтарэсы прыкрываюць «фігавым лістком» — клопатам за лёс беларускага народу. Канечне, ні Расея ні Захад ня будуць наўпрост рабіць нейкія сілавыя захады. Кожны зь іх хоча выглядаць анёлам, а выконваць брудную справу даручаюць іншым. У нашым выпадку на гэту ролю абралі «трыё бандурыстаў» — А.Лябедзьку, В.Вячорку, С.Калякіна. Не прынцыпова, хто зь іх галоўны, прынцыпова — хто канкрэтна «заказаў» Беларусь, калі і за колькі? Адказ мы, відавочна, атрымаем пазьней.

Пакуль што можна паразмаўляць пра сцэнар. Ён мне нагадвае падзеі 1999 году, калі такім жа чынам раскалолі самую моцную палітычную структуру — Беларускі Народны Фронт.

Галоўнымі дзейнымі асобамі ў той час выступілі —З.Пазьняк і В.Вячорка. Удзельнікі тых падзей, фронтаўцы, добра пра гэта памятаюць. У аднаго лідэра — З.Пазьняка ўзялі верх асабітыя амбіцыі сваёй выключнасьці, у В.Вячоркі — прэтэнзіі на гэтую выключнасьць; і ў выніку — моцнай народнай плыні няма.

Калі ў той час разбурылі партыю, то цяпер руйнуюць вызвольны рух, а гэта ўжо зусім іншы «каленкор», гэта ўжо натуральная здрада. Адзін з гэтага «трыё» С.Калякін не хавае сваіх поглядаў на будучыню.

С.Калякін («Наша Ніва» ад 21.05.07г.) ў інтэрв’ю «Радыё Свабода»:

— Было прадэманстравана адзінства поглядаў па стратэгічных напрамках.... Партыя камуністаў будзе не толькі працягваць сваю барацьбу ( за што? — Я.М) ў рамках аб’яднанных дэмакратычных сілаў. Яна будзе ў авангардзе гэтых сілаў і працэсаў (зноў ў сьветлую будучыню? — Я.М), што адбываюцца ў Беларусі.

В.Вячорка, А.Лябедзька — «оў»! — Сярожа ў найбліжэйшы час здасьць і вас! Балівар не вытрымае трох!

Цяпер пра расклад сілаў на Кангрэсе. Рэгіянальныя канфэрэнцыі засьведчылі, што відавочнай, значнай перавагі ў «музыкаў» няма. Разьбежка недзе ў 20-30 галасоў.

Таму, калі на палітрадзе разглядалася пытаньне аб удзеле ў Кангрэсе VIP-асобаў (слова нейкае брыдкае і абразьлівае, а размова ішла пра людзей — Я.М) у колькасьці 273 чалавекі, ПКБ залямантавала аб сваёй нязгодзе, бо парушаўся балянс, а ім неабходная абсалютная перавага галасоў. Наіўны і шчыры, як дзіця, Радзім Гарэцкі:

— Я лічу, што гэта не зусім справядліва і правільна. Чаго тут баяцца? Тым больш Рады інтэлігенцыі, каб яна прагаласавала. Думаю, што гэта не зусім правільна і разумна. Але, думаю, што гэта іх справа — вырашаць.

Памыляецеся, шаноўны спадар Гарэцкі! Гэта таксама і Ваша справа, справа нашай інтэлегенцыі, нашага сумленьня і гонару.

Паэт Генадзь Бураўкін:

— Калі мяне запросяць, я не ведаю, пайду ці не пайду. Бо мне ўсё трывожней і трывожней ад таго, што вырабляюць гэтыя нашы лідэры, замест таго каб шукаць паяднаньня. Я ня ведаю чаго яны шукаюць? Дзеля чаго яны ўзьняліся супраць Мілінкевіча? Ну а хто? Гэтыя ж людзі, якія сёньня крытыкуюць Мілінкевіча, яны ж у палітыцы намнога даўжэй, чым Мілінкевіч! Яны ж нічога не змаглі зрабіць лепшага, чым Мілінкевіч. Даруйце, але як некалі сказаў наш клясык: «Чаго вам хочацца, панове?

А.Мілінкевіч:

— Я вельмі паважаю партыйных актывістаў, але ж гэта маленькая частка дэмсілаў. І калі не далучаюць да форуму пісьменьнікаў, прысутнасьць якіх у залі — гэта ж гонар для самога кангрэсу, пра што тады казаць? Сумна гэта, нават вельмі сорамна. Гэта яшчэ адно сьведчаньне, што атрымліваецца кулюарная тусоўка.

А вось сп. Лябедзекіу зусім не сорамна. Ён мяркуе наступным чынам:

— Что касается списка VIP-персон то когда при произнесении фамилии три четверти членов комиссии удивлённо пожимают плечами, то согласитесь, есть вопросы. У меня не вызывает ни тени сомнения такие кандидатуры как Нил Гилевич, Радим Гарецкий, Василий Старовойтов (глядзі, нарэшце ўспомнілі пра яго! — Я.М.), Иван Никитченко и им подобные фігуры. Но когда к ним вагоном пристёгивают ещё две сотни, пусть себе хороших, достойных, но мало кому известных людей, то мы размываем статус лиц «общенационального уровня.

Сп.Лябедзька! А калі заклікалі людзей пад дубінкі, то таксама галасавалі па кожнай кандыдатуры? Аднак справа тут нават ня ў тым і ня столькі ў тым, хто будзе дэлегатам, а ў тым — як яны прагаласуюць.

Разгледзім расклад бакоў.

На Кангрэс абрана 863 дэлегаты. Быў пададзены дадатковы сьпіс для ўдзелу ў кангрэсе яшчэ 273 чалавек. Зь іх — 28 палітычных вязьняў, 47 прадстаўнікоў інтэлігенцыі, 55 — дэпутатаў ВС 13 скліканьня. Усяго выходзіць лічба 1136 дэлегатаў з правам голасу.Для прыняцьця рашэньня, якое патрэбна гэтым махлярам, неабходная большасьць, а гэта 569 галасоў . А дзе ўпэўненасьць, што яны прагаласуюць за іх сцэнар? Няма такой упэўненасьці. Таму далучэньне да кворуму 273 дэлегатаў, не заангажаваных у палітычных партыях і рухах, ставіць пад сумнеў перамогу іх авантуры.

Таму, каб пазьбегнуць рызыкі, яны ўключылі толькі 28 палітвязьняў, маўляў, гэта лічба істотна ня зьменіць расклад сіл.

Павал Севярынец на пытаньне — «Як Вы ацэньваеце канфлікты, непаразуменьні вакол лідэрства ў аб’яднанай апазыцыі?», адказаў:

— Сытуацыю гэтую я, канечне, ацэньваю як кепскую. Насамрэч, на жаль, за апошні год апазыцыйная бюракратыя існавала сама сабе і змагалася там у пытаньнях «хто галоўны?», «хто вінаваты?», амаль ніколі не даходзіла да пытаньня «што рабіць?», а вось супраціў беларускі быў сам па сабе.

Таму на Кангрэсе ня будзе вырашацца патаньне, як і што будзе рабіць беларускі нацыянальны рух, супраціў... Я думаю, што ён існуе паралельна апазыцыйным структурам. Думаю, што там будзе вырашацца пытаньне, магчыма, хто фармальна будзе ачольваць апазыцыю, але зноў жа, апазыцыя і нацыянальны супраціў, на жаль, у апошні год — гэта дзьве розныя рэчы.»

Падсумоўваючы выказваньні вядомых людзей, і з асабістых пазыцый прыходзіш да высновы, што шабас, імя якому «кангрэс», ня што іншае як вялікая здрада з боку палітычных махляроў, вынікам якой стане раскол ў грамадзтве.

Рэжым Лукашэнкі, Пуцін з асалодай чакаюць яго вынікаў, якія, магчыма, самі адрэжысэравалі. Таму, каб ня даць ім магчымасьць зруйнаваць наша грамадзтва, наш вызвольны рух, прапаную:

Аб’явіць байкот ганебнаму кангрэсу.

Калі не — прыйсьці і выказаць недавер усяе палітрадзе АДС. А.Лябедзьку, В.Вячорку, С.Калякіну, А.Бухвоставу, Н Палевіковай пэрсанальна, і прагаласаваць за гэтую прапанову.

Абраць новы склад Палітрады зь ліку адданных беларускай справе дэлегатаў кангрэсу, незалежна ад лідэрства і партыйнай прыналежнасьці. У нацыянальным вызвольным руху не павіна быць падзелу па партыях і рухах.

Абраць адзінага лідэра АДС — А.Мілінкевіча.

Калі будзе спроба заблякаваць гэтыя рашэньні, на знак пратэсту пакінуць залю паседжаньня. Мы згубім час, але ня згубім сумленьне, не абрынем нашу супольнасьць у грамадзянскае супрацьстаяньне.

А гэтых здраднікаў пакінуць сам-насам, хай высьвятляюць паміж сабой, «чый козыр старэйшы?».

З павагай да беларускай супольнасьці.

Жыве Беларусь!

Яўген Мурашка, палітычны ўцякач, Нямеччына.
23.05.07г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0