«Сваім рашэньнем беларускі парлямэнт яшчэ раз прадэманстраваў, што ён кішэнны і несамастойны. Пазбаўленьне парламэнтарыямі льготаў не зьнізіць глыбіню беднасці і не падвысіць узровень жыцьця маламаёмасных катэгорый насельніцтва нашай краіны», — заявіў лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч у адказ на прыняцьце Палатай прадстаўнікоў праекта закона «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзянаў».

«У кожнай краіне ёсьць сацыяльна неабароненыя групы насельніцтва, якія маюць абмежаваныя матэрыяльныя рэсурсы і яны, як ніхто іншы, патрабуюць сацыяльнай дапамогі. Гэта малазабясьпечаныя грамадзяне, шматдзетныя і няпоўныя сем’і, адзінокія інваліды і пэнсіянэры, студэнты і беспрацоўныя. Ільготы аказваюць адчувальны ўплыў на іх матэрыяльнае становішча, а гэта ў сваю чаргу спрыяе скарачэньню ўзроўню беднасьці і паляпшэньню дэмаграфічнай сытуацыі.

Эканоміка, нягледзячы на прапагандысцкія штампы, знаходзіцца ў цяжкім стане. Без рэформаў, яна не здольная забясьпечыць сацыяльныя стандарты. Нельга зьліквідаваць усе льготы пакуль сацыяльная дапамога не стане адраснай. Сацыяльна‑эканамічная палітыка ўраду павінна быць накіраваная на падвышэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва на аснове павялічэньня рэальных прыбыткаў грамадзянаў.

Разам з правядзеньнем сацыяльна‑эканамічных рэформаў стратэгічнай задачай дзяржавы павінна зьяўляцца павялічэньне памеру заробку, які павінен быць дастатковым не толькі для задавальнення бягучых патрэбаў у сілкаваньні, вопратцы, але і патрэбаў у паўнавартасным адпачынку, а таксама ў фармаваньні сваіх зьберажэньняў».

milinkevich.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0