Памятаеце анэкдот пра грамадзяніна нападпітку, які упарта шукае ключ пад ліхтаром толькі таму, што там сьвятлей?

Алегорыю навявае дыскусія у блогу, выкліканая маім артыкулам пра візыт іранскага прэзыдэнта. Хто-кольвек даводзіць, што ўладу трэба пахваліць за пошук хоць якой альтэрнатывы, найперш энэргетычнай. А што, маўляў, прапануеце ўздымаць лапкі перад Вялікім Братам?

Улада заслугоўвала б камплімэнтаў, каб пачала выбудоўваць каркас энэргетычнае бясьпекі гадоў 12 таму. Але акурат тады распачаўся вялікі інтэграцыйны паход наўпрост у пашчу энэргетычнага ўдава. Цяпер даводзіцца ратавацца сутаргавымі высілкамі.

І ці там шукаем ключ, каб выскачыць з аднабокай залежнасьці?

Выпрацаваны не ад добрага жыцьця курс на разьвіцьцё кантактаў з праблемнымі рэжымамі ды проста бедным трэцім сьветам не абяцае вялікіх дывідэндаў.

Я прыводзіў ужо прыклад: наш таваразварот зь Нямеччынай у 68 разоў большы, чым зь Іранам. Дый афіцыйны лідэр стаў з гонарам падкрэсьліваць, што ў ЭЗ мы экспартуем ужо болей, чым у Расею. Так што элемэнтарная лёгіка падказвае: Эўропа — вось галоўны вэктар стратэгічных інтарэсаў. Але нашае начальства цьвердзіць: мы лётаем туды, дзе нас добра страчаюць!

Трошкі дзіўны крытэр для вызначэньня прыярытэтаў замежнай палітыкі.

Толькі вось ня трэба аб прагматызьме! Усе гэтыя "вялікія дугі" ў выніку аказваюцца блефам. Аблом за абломам. Згадайце, як пры канцы эры Мілошавіча будаваліся ўтапічныя пляны далучэньня Югаславіі да саюзу Беларусі і Расеі. Потым Менск хадзіў па лязу, ладзячы гешэфты з Садамам Хусэйнам (які, аддадзім належнае, ахвяраваў сымбалічную суму на будаўніцтва "чупа-чупса":-).

Нарэшцэ, трэці сьвет, зь якім так абдымаліся на саміце ў Гаване, нядаўна падклаў сьвіньню пры галасаваньні ў ААН. Хаця дасюль наша дыпляматыя даводзіла: асядлаўшы Рух недалучэньня (118 краінаў — гэта вам ня хвост сабачы!), мы ва ўсіх пытаньнях займеем бальшыню ў Аб'яднаных Нацыях. Але на нядаўніх выбарах у Раду правоў чалавека Беларусь праляцела як фанэра.

Зрэшты, места ў Радзе — не галоўнае. Галоўнае ж, што ў прынцыпе выгадней сябраваць з багатымі і свабоднымі краінамі, чым з адсталымі ды цемрашальскімі рэжымамі. Гэта ўжо калі аб прагматызьме казаць.

Канешне, у шэйхаў грошы ёсьць. Але наіўна спакушаць гэную публіку тым, што Беларусь можа стаць для іх мастком у Эўропу. Па-першае, самі на задворках. Па-другое, "як маеш грошы, дык для ўсіх харошы". Арабскія капіталы выдатна круцяцца на Захадзе і бяз нашага пасярэдніцтва.

Натуральна, варта выціскаць карысьць з кожнага вэктару. Гандляваць хоць з чортам лысым, калі ён бярэ нашы трактары ці ўгнаеньні. Або нам прапануе нешта са зьніжкай (хоць тут звычайна — ага, трымай кішэнь!). Але ня трэба так біць у прапагандовыя бубны! Ніякае ідэйнае братэрства тут і не начавала. Ды і ў эканамічным пляне такія хаўрусы для нас не панацэя.

Што да пэрсыдскіх узораў айчыннай замежнай палітыкі, то яны падманлівыя хаця б таму, што Іран ва ўмовах ізаляцыі тэхналягічна дэградуе. "Саманды" — копія ня самай новай мадэлі "Пэжо", а копія заўжды горшая за арыгінал.

Так што і эканамічныя, і палітычныя надзеі на пэрсыдзкі дыван-самалёт падаюцца ілюзорнымі.

Дый, кладучы руку на сэрца, у сэнсе цывілізацыйным мы, канешне ж, зьнітаваныя са Старым Сьветам непараўнальна шчыльней, чым з экзатычнымі сябрамі. Там — нашыя карані і наша пэрспэктыва.

Беларусі свае ключы трэба шукаць у Эўропе.

Рэпрадукцыя: В.М.Васьняцоў. "Дыван-самалёт".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?