14 ТРАЎНЯ

Некалькі соцень юнакоў

Штомесячная акцыя салідарнасьці «16» у сераду сабрала пад сьценамі касьцёлу Сьвятога Язэпа 300 чалавек. Так моладзь выказала падтрымку вернікам, якія змагаюцца за вяртаньне храму. Людзі трымалі ў руках сьвечкі, маліліся. За ўсім уважліва назіралі некалькі дзясяткаў спэцслужбістаў і амонаўцаў. Недалёка стаяў аўтазак.

Маладзёны трымалі ў руках літары, якія ўтваралі надпіс: «Вярніце храм вернікам». Акцыя скончылася сумесным выкананьнем гімну «Магутны Божа». Пасьля моладзь паставіла сьвечкі да прыступак бажніцы.

Затрымалі дзяўчат

Каля станцыі мэтро «Няміга» міліцыянты затрымалі трох актывістак моладзевага руху Насту Шышкову, Касю Дзядкоўскую і Алесю Кавалеўскую. Дзяўчаты ішлі на акцыю ў бок будынку КДБ. Міліцыянты знайшлі ў іх партрэты зьніклых палітыкаў і сьвечкі ды завезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну.

Юрась Зяньковіч расплаціцца

Супрацоўнікі міліцыі Савецкага раёну Менску затрымалі аднаго з заяўнікаў «Чарнобыльскага шляху» сябра Сойму Партыі БНФ Юрася Зяньковіча. На яго склалі пратакол паводле арт. 23.34. КаАП («парушэньне грамадзкага парадку падчас правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). Паводле міліцыянтаў, калёна дэманстрантаў падчас «Чарнобыльскага шляху» выйшла на праезную частку, спыніўшы рух транспарту.

Акцыі ў рэгіёнах

Адметнасьцю травеньскай акцыі салідарнасьці стала вывешваньне бел‑чырвона‑белых сьцягоў. Асіповіцкія «маладафронтаўцы» 16 траўня вывесілі ў сваім горадзе некалькі нацыянальных сьцягоў. Сьцягі, расьцяжкі і графіці зьявіліся і на цэнтральных вуліцах Нясьвіжу. У Наваградку «маладафронтаўцы» распаўсюджвалі ўлёткі з інфармацыяй пра перасьлед па палітычных матывах, раздавалі мінакам значкі «За Свабоду».У Салігорску акцыя салідарнасьці адбылася, нягледзячы на моцны дождж, што цягнуўся акурат тыя 15 хвілінаў, колькі й акцыя. Міліцыянты і «ціхары» сядзелі ў аўто і не заміналі ўдзельнікам.
За вывешваньне расьцяжак у Нясьвіжы ў ноч на 16‑га была затрыманая актывістка Наста Азарка. Яе выклікалі на гутарку ў РУУС, дзе палохалі адказнасьцю за ўсе наступныя апазыцыйныя акцыі ў горадзе.
У Полацку ўвечары актывісты незарэгістраванага «Маладога фронту» зладзілі пікет ля помніку сьвятой Эўфрасіньні.
У Магілёве група актывістаў з партрэтамі зьніклых і зьняволеных палітыкаў прайшла цэнтральнымі вуліцамі.

17 ТРАЎНЯ

Дашкевічу далі іншую

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, які адбывае паўтара году зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, атрымаў лягчэйшую працу — пілаваць дошкі. Раней ён цягаў бярвеньне.

Казулін сустрэўся

Палітвязень Аляксандар Казулін, што адывае пакараньне ў калёніі «Віцьба‑3», сустрэўся са сваякамі. Паводле словаў дачкі палітыка Юліі, выглядае бацька няблага.

Міліцыя разагнала флэш‑моб

17 траўня ў Горадні мусіў адбыцца флэш‑моб на знак пратэсту супраць высяканьня дрэваў у розных раёнах гораду. На гарадзенскім блогу зьявіўся заклік зладзіць у цэнтры гораду 15‑хвілінную акцыю — выйсьці на вуліцы з плякатамі «Я дрэва. Сьсячыце мяне».
Міліцыя таксама цікавіцца інтэрнэтам — у вызначаны час маладых людзей чакалі супрацоўнікі ў форме, у цывільным і з відэакамэрай. Мерапрыемства расцанілі як несанкцыяваную акцыю і пікет. Ва ўдзельнікаў перапісалі дадзеныя, аднаго чалавека затрымалі, але пасьля высьвятленьня асобы адпусьцілі.

18 ТРАЎНЯ

Суд не задаволіў скаргі

На паседжаньні Гомельскага абласнога суду намесьніку старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзімеру Кацору і сябру КХП‑БНФ Уладзімеру Шыцікаву было адмоўлена ў задавальненьні скаргаў на рашэньне суду Цэнтральнага раёну Гомелю. Перад Днём Волі У.Шыцікаў ды У.Кацора былі прызнаныя вінаватым і ў зьдзяйсьненьні адміністрацыйнага правапарушэньня і асуджаныя на арышт.

Забаранілі пікеты ў падтрымку

Менгарвыканкам забараніў пікеты ў падтрымку палітзьняволенага Андрэя Клімава. Заяўкі на правядзеньне 21 і 22 траўня каля пракуратуры Менску і СІЗА № 1 падаў намесьнік старшыні АГП Ігар Шынкарык. У адказе за подпісам намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Мікалая Мятліцкага гаворыцца, што паводле Закону аб масавых мерапрыемствах не дапускаецца правядзеньне акцыяў на адлегласьці менш за 50 мэтраў ад пракуратуры, а таксама «тэрыторыяў арганізацыяў, што забясьпечваюць абароназдольнасьць, бясьпеку дзяржавы і жыцьцядзейнасьць насельніцтва».

10 тысячаў подпісаў за зьмены

Столькі было сабрана за месяц. Арганізатары кампаніі разьлічваюць сабраць 50 тыс. подпісаў пад зваротам да кіраўніка дзяржавы, Канстытуцыйнага суду, палаты прадстаўнікоў з заклікам прывесьці ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй закон «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях».

20 ТРАЎНЯ

Pазгoн cтудэнтаў

А 17:00 на плошчы Бангалор мусіла быць акцыя пратэсту моладзі супраць адмены льготаў. Каля парку сабралася 200 удзельнікаў. Пляцоўка была ачэпленая міліцыянтамі. Былі затрыманыя Алесь Каліта, Андрусь Саротнік, Франак Вячорка, Андрусь Ігнатовіч, Андрусь Ігнатчык, Мікалай Якушаў. Хлопцаў каля гадзіны пратрымалі ў РУУС Савецкага раёну. Моладзь рушыла да сквэру імя Янкі Купалы, дзе меркавала працягнуць мерапрыемства. Па дарозе затрыманьні працягваліся. На вуліцах па шляху калёны стаялі аўтазакі. Працяг акцыі адыбыўся на плошчы Незалежнасьці. Пасьля калёна рушыла па праспэкце ў бок Кастрычніцкай. Каля КДБ моладзь спынілі і разагналі амонаўцы. На вул.Гарадзкі вал затрымалі яшчэ 12 чалавек.

21 ТРАЎНЯ

Янукевіча забралі ў суд з дому

Раніцай Аляксей Янукевіч быў затрыманы ў сваёй кватэры супрацоўнікамі міліцыі. Ужо а 15‑й судзьдзя Савецкага райсуду Аксана Рэлява пакарала яго штрафам у 30 б.а. (945 тыс. рублёў). А.Янукевічу, заяўніку «Чарнобыльскага шляху» інкрымінаваўся артыкул «Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў». За тое самае атрымала ў судзе Савецкага раёну 25 б.в. (775 000 рублёў) штрафу актывістка АГП Валянціна Палевікова.

СП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0