У сярэдзіне траўня амаль адначасова прыйшлі два паведамленьні пра адстаўкі з высокіх пастоў, якія фармальна адбудуцца пры канцы чэрвеня, з розьніцай усяго ў адзін дзень. Абедзьве будуць мець значныя наступствы для міжнароднай палітыкі. Толькі заяву Тоні Блэра пра адстаўку з пасады лідэра Лейбарысцкай партыі, а значыць — і прэм’ер‑міністра Вялікай Брытаніі, чакалі ўжо даўно. А вось вымушаная адстаўка прэзыдэнта Ўсясьветнага банку Пола Вулфавіца выглядала сэнсацыйнай. Вулфавіц хоць і прызнаў свае памылкі, да апошняга часу адмаўляўся сыходзіць з пасады добраахвотна. Але галасаваньне рады дырэктараў УБ вісела над ім дамоклавым мячом, і прэзыдэнт банку абвясьціў пра свой «добраахвотны сыход».

Пол і Тоні

Пяцідзесяцічатырохгадовы Тоні Блэр і шасьцідзесяцідвухгадовы Пол Вулфавіц абсалютна не падобныя. Адзін нарадзіўся ў шатляндзкім Эдынбургу ў сям’і юрыста. Другі нарадзіўся ў Нью‑Ёрку ў сям’і матэматыка — габрэйскага эмігранта з Польшчы.

І хаця для абодвух палітыка сталася галоўнай справай жыцьця, у іх ад самага пачатку былі зусім розныя матывы, мэты, стыль і манера паводзінаў. Дастаткова згадаць скандальны выпадак з Вулфавіцам, калі ён падчас наведваньня мячэці мусіў зьняць чаравікі, і ўсе ўбачылі, што ў яго дзіравыя шкарпэткі. Уявіць сабе падобную гісторыю з заўсёды апранутым паводле моды, франтаватым і адначасова прывабным Блэрам проста немагчыма.

Блэр застаўся ня толькі самым маладым у гісторыі Вялікай Брытаніі прэм’ерам (ён прыйшоў да ўлады ўсяго ў сорак чатыры), але, бадай, самым папулярным. Яму не хапіла пары гадоў, каб дагнаць кансэрватарку Маргарэт Тэтчэр паводле працягласьці прэм’ерства. Але тройчы запар перамагчы на ўсеагульных выбарах лейбарыстам да Блэра не ўдавалася ніколі. Пры ім эканоміка Англіі дэманстравала стабільны рост, зьменшылася беспрацоўе, пашырыўся доступ да адукацыі. Не ў апошнюю чаргу праз актыўную ролю й пасярэдніцтва Блэра ўдалося дасягнуць доўгачаканага палітычнага ўрэгуляваньня ў Паўночнай Ірляндыі.

Вулфавіц, які некалькі разоў займаў пост намесьніка міністра абароны ЗША, лічыўся клясычным «ястрабам» у палітыцы. Ня меншым ястрабам, чымся ягоны непасрэдны шэф — Доналд Рамсфэлд. Вулфавіц быў адным з галоўных распрацоўнікаў амэрыканскай вайсковай стратэгіі ў Іраку, а таксама адным з архітэктараў канцэпцыі глябальнай вайны з тэрарызмам (калі тут падыходзіць слова «архітэктар»).

Вайна ў Іраку стала самым непапулярным «эпізодам» у палітычнай кар’еры Тоні Блэра, які ў сакавіку 2003‑га цалкам падтрымаў прэзыдэнта Джорджа Буша‑малодшага ў вайсковай апэрацыі супраць Хусэйна. І хаця летась частка брытанскага кантынгенту была выведзеная зь Іраку, папулярнасьць лейбарыстаў і асабіста Блэра сярод брытанскіх выбарцаў за гады ірацкай вайны адчувальна зьменшылася. Пацыфісты нават прыдумалі яму крыўдную мянушку — «пудзель Буша».

Але тая самая вайна каштавала кар’еры і Вулфавіцу. У 2005‑м, калі празь няўдачы ў Іраку пачала траціць папулярнасьць адміністрацыя Буша, ён быў адпраўлены ў адстаўку. Праўда, адстаўку больш чым ганаровую: узначаліў Усясьветны банк.

Гэтая міжнародная фінансавая інстытуцыя дапамагла вельмі многім краінам у эканамічным разьвіцьці і карыстаецца высокім аўтарытэтам ва ўсім сьвеце. З банкам супрацоўнічае сёньня і ўрад Беларусі. УБ нядаўна вылучыў 50 млн даляраў на пераадоленьне наступстваў Чарнобылю.

На скрыжаваньні палітыкі й маралі

Менавіта вайна ў Іраку міжволі скрыжавала біяграфіі гэтых двух абсалютна неардынарных асобаў у сучаснай палітыцы, якія жывуць па розныя бакі Атлянтыкі, патрапіла ў абодвух рыкашэтам.

Але ёсьць яшчэ адзін важны момант, які дазваляе разглядаць абедзьве адстаўкі ў адным ключы. Гэта маральны фактар. У 2006 годзе ўспыхнуў скандал, калі стала вядома, што лейбарысты падчас выбарчай кампаніі сталі прымаць ня толькі прыватныя ахвяраваньні (гэта паўсюдная практыка для палітычных партыяў на Захадзе), але ж і браць пазыкі ў буйных прадпрымальнікаў. Апошнія ў абмен нібыта атрымлівалі пасады лордаў, званьні рыцараў і г.д. Блэра некалькі разоў выклікалі ў сувязі з гэтымі абвінавачаньнямі на допыты ў пракуратуру. І хаця доказаў віны ці хаця б датычнасьці прэм’ера да скандалу не было, лідэр лейбарыстаў вырашыў узяць адказнасьць за лёс сваёй партыі на сябе і заявіў пра будучую адстаўку. Калі ён абвясьціў яе перад выбарцамі сваёй акругі, побач зь ім была ягоная каханая жонка.

Пол Вулфавіц на той момант, калі ён перайшоў на працу ва ЎБ, быў ужо ў разводзе. Супрацоўніца банку Шаха Рыза, якая была палюбоўніцай Вулфавіца, зрабілася ягонай падначаленай. Гэта ўжо само па сабе пярэчыла этычным нормам карпарацыі. Але Вулфавіц яшчэ й выкарыстаў сваё службовае становішча для таго, каб падвысіць сваёй падначаленай аклад да 193 590 даляраў у год. Гэта больш, чымся ў дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс.

І нашмат менш, дадамо, чымся ў шмат якіх банкаўскіх работнікаў альбо чыноўнікаў у якой‑небудзь Расеі, напрыклад. Для крутога расейскага ці нават і беларускага бізнэсоўца 16 тысяч на месяц — гэта не мяжа.

Але такі вось дзіўны народ, як выявілася, працуе, ва Ўсясьветным банку, які можа выдаваць шматмільярдныя крэдыты цэлым краінам. Шчодрасьць новага шэфа ў дачыненьні да ягонай падначаленай не была ацэненая выканаўчымі дырэктарамі ўстановы, якія яшчэ нядаўна аднагалосна прызначалі Вулфавіца яе прэзыдэнтам. Між іншым, заступаючы на пасаду, ён абяцаў у першую чаргу змагацца з… карупцыяй.

Апраўданьні Вулфавіца, быццам ён ня ведаў правілаў карпарацыі, у якую прыйшоў працаваць, гучаць, мякка кажучы, непераканаўча. У ЗША, дзе так зацята змагаюцца з усімі відамі полавай дыскрымінацыі, выкарыстаньнем полавай прыналежнасьці ў службовых мэтах ды й проста забараняюць «шуры‑муры» на працы, падобныя апраўданьні выглядаюць, дальбог, наіўнымі.

Кажуць, што Вулфавіц зусім ня меў прафэсійнага досьведу й здольнасьцяў, каб заняць самую высокую пасаду ва Ўсясьветным банку. Але гэта не зусім так. Ён пачынаў адукацыю на факультэце матэматыкі. Акрамя таго, у яго ёсьць досьвед у распрацоўцы ядравай стратэгіі, у кіраваньні вялікімі калектывамі.

Але ж прафэсійныя якасьці тут не дапамаглі. Не дапамагло ні прызнаньне Вулфавіца ў дапушчаных памылках, якія ён абяцаў выправіць ударнай працай, ні падтрымка прэзыдэнта ЗША. Нават выключная роля Злучаных Штатаў у міжнароднай фінансавай палітыцы, якую падрываў гэты банкаўскі скандал, ня стала вырашальным фактарам.

Калі Вулфавіца дэманстратыўна не ўлучылі ў сьпіс запрошаных на міжнародную канфэрэнцыю па праблемах Афрыкі, той публічна заявіў, што сыходзіць.

Цікава, што ў прэсе адразу зьявіліся чуткі, быццам Блэру ў будучым могуць прапанаваць пасаду прэзыдэнта Ўсясьветнага банку.

Адстаўка як самагубства

Як бы там ні было, ясна, што Тоні Блэр са сваімі здольнасьцямі, заслугамі перад брытанцамі ды абаяньнем не прападзе. Напэўна, і Вулфавіц зможа ў далейшым пракарміць і сябе, і сваіх дзяцей, і Шаху Рызу.

А ці можна ўявіць сабе падобную сытуацыю ў нас? Зразумела, як і трэба было чакаць, абедзьве гісторыі былі выкарыстаныя дзяржаўнымі СМІ напоўніцу. Яны абсмоктваліся ў прэсе як знак разлажэньня заходняга грамадзтва. Калі ўжо на самым версе можна сустрэць падобных амаральных тыпаў, дык што ўжо гаварыць пра астатніх?

Між тым, Блэр павёў сябе ў вышэйшай ступені карэктна і тактоўна пасьля гібелі прынцэсы Дыяны. Сытуацыя для каралеўскай сям’і, брытанскай каралевы ды нават у цэлым для ўсяго ангельскага грамадзтва была тады блізкай да крытычнай. І ў гэтай сытуацыі Блэр праявіў сябе як сапраўдны джэнтэльмэн, які ўратаваў гонар каралевы.

Ды й сам ягоны сыход у адстаўку, калі прэм’ер‑міністар дае магчымасьць праявіць сябе на новай пасадзе свайму старому сябру і — што там хаваць — шматгадоваму спаборніку Гордану Браўну, сыход на ўзьлёце бліскучай кар’еры… Хіба гэта ня прыклад высакароднай і адказнай пазыцыі моцнага палітыка й чалавека?

Вулфавіц павёў сябе куды менш прыстойна. Але ж і ён вымушаны быў пайсьці ў адстаўку. І ня проста пад ціскам дырэктараў банку. А пад ціскам грамадзкасьці, інтарэсы якой заўсёды прадстаўляе прэса. Не які‑небудзь асобны орган, а прэса ў цэлым, як зьява, ад якой палітык нікуды не схаваецца.

Няма сэнсу нават параўноўваць сытуацыю з гучнымі адстаўкамі на Захадзе (якіх было й будзе яшчэ шмат у сучаснай гісторыі) і сытуацыю ў нашай краіне. Яны прынцыпова адрозьніваюцца, паколькі на высокія пасады, паводле савецкай традыцыі, не абіраюць, а толькі прызначаюць. І якую б гнюснасьць ні зьдзейсьніў намэнклятурны чыноўнік (калі толькі вышэйшай асобе ня прыйдзе да галавы зрабіць публічную дэманстрацыю публічнага пакараньня якога‑небудзь міністра), пакараньнем яму будзе ў горшым выпадку паніжэньне ў пасадзе. Засунуць куды‑небудзь, дзе да злачынцы не дабяруцца журналісты і дзе можна перачакаць да лепшых часоў, — вось і ўсё пакараньне.

Добраахвотная адстаўка, тым больш з маральных прычынаў, успрымаецца супольнасьцю чыноўнікаў амаль як самагубства. Таму тым, хто рашыцца на яе, альбо адмовіцца ад пасады, дараваньня чакаць не даводзіцца. Мы ведаем шмат выпадкаў, калі высокапастаўленыя дзяржаўныя чыноўнікі, пазбаўленыя пасадаў, пераходзілі ў апазыцыю. Выпадкаў, калі чыноўнік сыходзіў у адстаўку добраахвотна, — адзінкі. Паводзіць сябе па‑людзку ў нас лічыцца подзьвігам. Ня толькі на высокай пасадзе. У звычайным паўсядзённым жыцьці таксама.

Таму ў нас і не было пакуль свайго Блэра. І нават Вулфавіца.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0