27.05.2007 / 21:35

Працэс пяці 5

У панядзелак а 10:00 ў Савецкім судзе Менску пачынаецца працэс «маладафронтаўцаў». Хто яны, пяць абвінавачаных? Якая будучыня чакае Малады Фронт пасьля гэтага працэсу?

У панядзелак а 10:00 ў Савецкім судзе Менску пачынаецца працэс «маладафронтаўцаў». Хто яны, пяць абвінавачаных? Якая будучыня чакае Малады Фронт пасьля гэтага працэсу?

Зьмітра Хведарука, Барыса Гарэцкага, Насту Палажанку, Алега Корбана і Аляксея Янушэўскага вінавацяць у парушэньні арт.193 КК «Дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Ім усім ад 16 да 21 году. А.Янушэўскага на судзе ня будзе: хлопец папрасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі. Астатнім пагражае да двух гадоў турмы. Справу разгледзіць судзьдзя Руслан Аніскевіч.

Спробы зарэгістраваць арганізацыю, скліканьне ўстаноўчага сходу «МФ», каб спыніць крымінальны перасьлед, не далі плёну.

Упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі на лаве падсудных па палітычна матываванай справе апынуцца адразу пяцёра. А раней на «хіміях» і ў калёніі апынуліся старэйшыя лідэры «МФ» — Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч. Абсурдныя абвінавачваньні ў віцебскіх выбухах і двух забойствах выстаўляліся супраць жодзінскага «маладафронтаўца» Паўла Красоўскага. У дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі падазраюць і непаўналетніх Івана Шылу з Салігорску (яго ўжо спрабавалі зьвінаваціць у крадзяжы), Яраслава Грышчэню з Баранавіч. Іх справы не дайшлі да суду. Аршанца Сержука Гумінскага падазравалі ў нанясеньні графіці. Жлобінскага актывіста Эдуарда Зелянкова судзілі, але судзьдзя не адправіў хлопца ў турму, абмежаваўся штрафам.

Ад сакавіка 2006 г. па справе «Маладога фронту» прайшлі сотні допытаў. Пад «крыміналкай» хадзілі Сяржук Лісічонак, Сяржук Гудзілін, Наста Азарка...

У тым факце, што душаць менавіта «Малады фронт», нічога дзіўнага няма. Улада баіцца «МФ», як баіцца любой арганізацыі беларускамоўных. Вось чаму фактычна не засталося беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў, школаў і выданьняў. Вось чаму напаўзабароненай стала беларуская музыка.

28 траўня перад судом паўстануць тыя, хто прыйшоў у арганізацыю ўжо не за Паўлам Севярынцам, а за Зьмітром Дашкевічам, які зьяўляецца для іх неаспрэчным аўтарытэтам. Некаторыя, як Хведарук, упершыню ўбачылі Севярынца ўжо на «хіміі». Гэта ўжо трэцяе пакаленьне «МФ».

Артур Фінькевіч пэўны: нават калі працэс скончыцца прысудамі і турмой для сёньняшніх лідэраў «МФ», маладзейшыя зоймуць іхнае месца. Усе фігуранты крымінальнай справы адзначаюць, што «МФ» для іх стаў сапраўднай школай жыцьця. Ня выключана, што праз пару гадоў у «Малады фронт» прыйдуць маладзёны, якія натхніліся стойкасьцю Хведарука ці Палажанкі.

***

ЗЬМІЦЕР ХВЕДАРУК: ХАЧУ ВУЧЫЦЦА

Як і мноства аднагодкаў, Зьміцер Хведарук прыйшоў да беларушчыны праз дыск гурту NRM «Тры чарапахі», які даў яму паслухаць аднаклясьнік. З гэтага моманту, кажа, усё і пачалося. Што праўда, пасьля пачынае расказваць пра сваю першую настаўніцу Эльвіру Невяроўскую. «Беларускамоўная жанчына, якую пазьней звольнілі са школы праз тое, што адмовілася ў сваім кабінэце вешаць партрэт Лукашэнкі, — кажа Зьміцер. — Яна вазіла нас малых на экскурсіі ў Мір, Нясьвіж, Ружаны, па Гарадзеншчыне. Пэўна, што ўжо тады яна закладвала нешта ў нашы душы».

Хведарук нарадзіўся ў Менску ў 1988 г., скончыў гімназію №11, што на вуліцы Каліноўскага. Да восьмай клясы быў выдатнікам, пасьля стаў аддаваць больш часу і ўвагі тым прадметамі, якімі найбольш цікавіўся.

У «Малады фронт» прыйшоў праз абвестку ў «Нашай Ніве», у жніўні 2005 г. «Патэлефанаваў, сустрэўся са Зьмітром Дашкевічам. Мы зь ім паразмаўлялі хвілінаў 40, але ён загрузіў мяне так, што я зразумеў: «МФ» — гэта на ўсё жыцьцё». Кажа, што спачатку крыху пабойваўся ўступаць, бо думаў, што там усе мэтанакіраваныя, непахісныя, аптымістычныя, як Севярынец. «Цяпер жа «Малады фронт» для мяне сапраўдная сям’я», — гаворыць Зьміцер.

Расказвае, калі ўпершыню ўбачыў Дашкевіча, той быў у строгім касьцюме, таму на першае паседжаньне «МФ» Зьміцер таксама прыйшоў у пінжаку. «Янушэўскі тады нават падумаў, што я гэбіст, — сьмяецца Хведарук. — Пазьней, праўда, мы сталі найлепшымі сябрамі».

Упершыню за краты Хведарук трапіў перад леташнімі выбарамі. Далі пяць сутак. Сядзеў разам зь Яўгенам Скрабутанам, Сяргеем Салашам, Алесем Зарамбюком, Барысам Гарэцкім. На Акрэсьціна ж упершыню галасаваў. Агулам Хведарук ужо адседзеў 33 сутак, у тым ліку трое ў ізалятары КДБ у лютым сёлета.

Зьміцер шкадуе, што летась па сканчэньні школы нікуды не паступаў. Кажа, калі ня трапіць у турму, будзе паступаць у Віленскі пэдагагічны. «Займацца самаадукацыяй, канечне, добра, але хочацца і нейкага кантролю».

Хведарук — вернік, але пакуль ня вызначыўся з канфэсіяй. Шмат чытае — ад Кундэры да Караткевіча і нямецкай паэзіі. Займаўся футболам, быў капітанам каманды «Трактар» у сваім узросьце. Хварэе за ангельскі «Лідз».

Да магчымага прысуду ставіцца спакойна, хаця пасьля дадае: «Хочацца яшчэ троху пажыць нармальным, а не турэмным жыцьцём. Мне ўсё ж не 28, як было Севярынцу, і не 25, як Дашкевічу».

АЛЯКСЕЙ ЯНУШЭЎСКІ: КАЛІ Б ДАЛІ ПАЎГОДУ...

Аляксей Янушэўскі прыйшоў у «Малады фронт» у 2004 г., хаця жаданьне далучыцца да арганізацыі было яшчэ ў 2002. Кажа, гэта быў яго пратэст супраць таго, што адбывалася ў краіне — русіфікацыя, парушэньне правоў чалавека, палітычна матываваныя арышты і г.д.

Канчаткова павярнуў Аляксея ў нацыянальны рух NRM, дакладней, канцэрт гурту ў 2001 г. Янушэўскі прыйшоў на яго нават ня ведаючы, што гэта за гурт і што за музыку ён грае, а выйшаў сьвядомым беларусам. У тым жа 2001-м быў першы мітынг — Дзяды.

Школу скончыў у 2005 г., паступіў у пэдунівэрсытэт імя Максіма Танка на беларускую філялёгію. На пачатку 2006 г. яго выключылі. Летась зноў паступіў у пэдунівэрсытэт, толькі ў Віленскі. Зноў на беларускую філялёгію.

Аляксей гаворыць: «МФ» для мяне — гэта жыцьцё. Была запаветная мара туды ўступіць, калі я быў яшчэ 14-гадовым хлопчыкам. Гэта вялікая адказнасьць перад маімі продкамі, перад нашчадкамі, перад маім народам».

Лідэрскіх амбіцыяў Янушэўскі ня мае, лічыць сябе шарагоўцам.

Упершыню затрымалі Аляксея на Дзень Волі ў 2002 г., калі ён ішоў па праспэкце зь бел-чырвона-белым сьцягам. Хлопцу было пятнаццаць.

Перад выбарамі 2006 г. быў падазраваным у крымінальнай справе Фінькевіча, адсядзеў за кратамі паўтыдня.

Жыцьцёвыя каштоўнасьці вызначае наступным чынам: Бог — Бацькаўшчына — сям’я. Аляксей — уніят.

Кажа, калі даведаўся пра крымінальную справу, нічога асабліва не адчуў. «Ну, скажам, страху дакладна не адчуў, бо практычна быў гатовы. Іншая справа, што гэта было даволі нечакана, я й дасюль ня веру, што ўлады змогуць асудзіць столькі моладзі», — кажа Аляксей.

24 красавіка А.Янушэўскі здолеў выехаць зь Беларусі. Ехаў праз Расею, Украіну, Польшчу. Прыкладна тым самым шляхам, як Алесь Казакоў і Зьміцер Зубро.

Цяпер Аляксей жыве ў Празе ў бацькі, які там працуе. Праўда, найбліжэйшым часам давядзецца перасяліцца ў інтэрнат для ўцекачоў — гэта неабходная ўмова, каб атрымаць у Чэхіі прытулак. У выпадку, калі яго справа ў Беларусі скончыцца штрафам ці ўмоўным пакараньнем, Янушэўскі зьбіраецца вярнуцца на Радзіму.

Аляксей кажа, што рашэньне пра ўцёкі давалася цяжка, хаця і з разуменьнем, што іншага выйсьця няма. «Зьехаў не празь сябе, я не зьбіраюся апраўдвацца, зьехаў праз «Малады фронт». Бо ў турме я рабіць тое, што я раблю тут, ня меў бы магчымасьці. Хаця, калі б мне, напрыклад, сказалі, што атрымаю дакладна шэсьць месяцаў, я б застаўся. Цяпер справа ідзе пра тое, каб уратаваць арганізацыю, таму й зьехаў. Функцыі, якія я выконваў у Беларусі, цалкам выконваю і тут», — кажа Янушэўскі.

АЛЕГ КОРБАН: КАНДЫДАТ У ПАЛІТЫКІ

Алег Корбан нарадзіўся 4 лютага 1985 г. у Менску. Ён старэйшы за ўсіх тых, хто 28 траўня паўстане перад судом. У 2000 г. Алег упершыню паўдзельнічаў у вулічнай акцыі апазыцыі — «Маршы Свабоды?2», там жа ўпершыню пачуў песьні NRM, менавіта гэтыя падзеі найбольш паўплывалі на Алега. Пасьля гэтага ён паўсюль пачаў размаўляць па?беларуску.

У «Малады фронт» Алег Корбан таксама прыйшоў раней за астатніх — увосень 2000 г., акурат напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. «Я прыйшоў ва ўправу БНФ, дзе пабачыў Севярынца, — кажа Корбан. — Сказаў, што вось я хачу дапамагаць «Маладому фронту». Севярынец тады так натхніў мяне сваімі прамовамі, што болей ні пра якую іншую арганізацыю думаць не хацелася».

Пасьля сканчэньня сярэдняй школы, Алег паступіў у машынабудаўнічы ліцэй, скончыў яго. Летам 2004 г. паступіў на завочнае аддзяленьне юрыдычнага факультэту Міжнароднага гуманітарнага эканамічнага інстытуту. Алег кажа, што ў тыя гады менш актыўна браў удзел у дзейнасьці «МФ», у першую чаргу праз вучобу. У лютым 2006 г. Корбана выключылі з ВНУ за актыўны ўдзел у перадвыбарнай кампаніі. За некалькі дзён да гэтага ён быў асуджаны на 10 сутак арышту. Агулам Корбан адседзеў за кратамі 49 сутак.

Працаваў на менскім заводзе шасьцерняў, адкуль быў звольнены празь ціск КДБ на кіраўніцтва. Сёлета ў студзені ўдзельнічаў у выбарах у мясцовыя саветы, па менскай 23-й Рафіеўскай акрузе, дзе заняў другое месца з трох, набраўшы 12,5% галасоў.

Сярод хобі Алега — турызм, ён аб’езьдзіў палову Беларусі. Быў багата дзе і ў Эўропе. Ён яшчэ ня лічыць сябе сапраўдным палітыкам, а толькі «кандыдатам у палітыкі». Разам з тым адзначае, што ў будучыні хацеў бы займацца якраз палітыкай.

У сакавіку 2006 г. на Корбана ўжо заводзілі крымінальную справу за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, але спынілі. Алег мяркуе, што так улада папярэджвала моладзь, каб тая спыняла змаганьне. Не атрымалася, таму справа і дайшла да суду. Корбан лічыць, што некага з «маладафронтаўцаў» абавязкова пасадзяць. Адносна сябе прагназуе, што атрымае паўгоду турмы.

НАСТА ПАЛАЖАНКА: ЖАНЧЫНЕ МЕСЦА Ў ПАЛІТЫЦЫ

Наста Палажанка нарадзілася 2 жніўня 1990 г., яна адзіная няпоўнагадовая сярод фігурантаў крымінальнае справы. Палажанка яшчэ вучыцца ў школе, у дзясятай клясе.

Наста кажа, што шлях да беларушчыны найперш праходзіў праз самавыхаваньне. Чытаньне беларускіх кніжак, слуханьне песень беларускіх гуртоў. Уласна ў «Малады фронт» Наста трапіла ўвосень 2004 г., пасьля сьвяткаваньня ўгодак Аршанскай бітвы. «Там мы сустрэліся з хлопцамі з «Маладога фронту», якія і прывялі нас у арганізацыю, — кажа Наста. — Нас прыйшло тры дзяўчыны, на сёньня засталася я адна. Тады «МФ» падаваўся мне не да канца зразумелай арганізацыяй: ці то нейкі клюб аматараў беларушчыны, ці то сапраўдная палітычная партыя. Я вельмі ўдзячная Зьмітру Дашкевічу за маё далейшае знаходжаньне ў «МФ», бо калі я нешта не разумела, Зьміцер заўсёды цярпліва мне тлумачыў». Увогуле, для Палажанкі Дашкевіч — гэта прыклад шчырасьці ў палітыцы і жыцьці.

Наста мяркуе, што менавіта жанчына здольная прынесьці новую плынь у беларускую палітыку, зачапіць паспалітага грамадзяніна. Кажа, што да крымінальнай справы нават ня думала, што ўсур’ёз можа заняцца палітыкай, цяпер не выключае такой магчымасьці. Што праўда, сябе ў ролі будучай прэзыдэнткі Беларусі не разглядае.

«У «Маладым фронце» я зразумела, што тут маё месца, што гэта мая сям’я, — гаворыць Наста. — Я вельмі задаволеная, што некалі прыйшла сюды. Галоўная наша задача — выхаваньне моладзі, праца зь людзьмі».

Палажанка расказвае, што яе і Хведарука палічылі нявартымі ўдзелу ў будучым Кангрэсе. «Нашы кандыдатуры нават не разглядаліся, — кажа яна. — Што ж, пэўна, ёсьць больш годныя людзі». Наста мяркуе, што нешта ў палітычным жыцьці краіны можа зьмяніць толькі вуліца, а яе галоўная задача не стаяць збоку, а дапамагчы гэтым працэсам.

Раней Палажанка актыўна займалася музыкай, была вакалісткай у рок-гурце. Цяпер праз грамадзкую дзейнасьць часу на музыку не застаецца.

Наста гаворыць, калі завялі крымінальную справу, жаданьня ўсё кінуць і заняцца сваім жыцьцём не было. Наадварот, тады яна зразумела, што назад дарогі няма. «Менавіта цяпер я, як ніколі раней, адчуваю, што такое людзкая салідарнасьць, падтрымка блізкіх і сяброў». Пры канцы размовы дзяўчына дадае: «Калі яны перасьледуюць менавіта нас, значыць, сапраўды нас баяцца».

БАРЫС ГАРЭЦКІ: НЯ ВЕРУ Ў ТУРМУ

Барыс Гарэцкі ўжо другі раз знаходзіцца пад крымінальнай справай за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Першая справа была заведзеная адразу па выбарах 2006 г., але ўвосень яе спынілі. Як высьветлілася, толькі для таго, каб завесьці зноў.

Барыс прыйшоў у «Малады фронт» у 2001 г., 14-гадовым хлопцам, акурат перад «Чарнобыльскім Шляхам». У тым самым годзе была першая палітычная кампанія «Выбірай», зь якой Барыс аб’езьдзіў палову Беларусі.

Некаторы час Барыс працаваў на Чэрвеньскім рынку разам са Зьмітром Дашкевічам і Артурам Фінькевічам. Там у іх была невялікая фірма, якая гандлявала кавай і гарбатай. Галоўнай асаблівасьцю фірмы была беларуская мова. Прыкладна з часу ўладкаваньня на гэту працу Барыс пачаў паўсюль размаўляць па-беларуску. Фірма спыніла сваю працу толькі пасьля таго, як пасадзілі Дашкевіча.

У 2001 г. Гарэцкі прайшоў спэцыяльныя курсы і стаў ды-джэем Адраджэньня. Гэта пазнавальная віктарына для школьнікаў і студэнтаў — галоўнае хобі Барыса на далейшыя гады. Гарэцкі кажа, што віктарыны праводзяцца і цяпер. «Настаўнікі па-ранейшаму клічуць у школы, нават ведаючы, што рызыкуюць працай», — кажа Барыс. Два разы на тыдзень Гарэцкі ходзіць у царкву, ён пратэстант.

Пасьля школы Б.Гарэцкі паступіў у політэхнічны каледж. Барыс мае матэматычны склад мысьленьня, у школах улюбёнымі прадметамі былі матэматыка і фізыка. Гаворыць, што менавіта прыхільнасьць да гэтых прадметаў часам дапамагае ў палітыцы.

З каледжу Гарэцкі быў адлічаны напярэдадні выбараў за ўдзел у акцыях пратэсту. Летам 2006 г. пасьля шматлікіх перакананьняў Барыс зьехаў па адукацыйнай праграме Каліноўскага ў Польшчу. Вучыўся на факультэце інфарматыкі Беластоцкага ўнівэрсытэту. Сёлета вярнуўся назад у Беларусь, бо «зразумеў, што працаваць трэба тут, асабліва калі на сяброў пачаўся крымінальны ціск».

Гарэцкі таксама адзначае, што «МФ» для яго — вялікая сям’я. Цяпер Барыс працуе ў штабе Аляксандра Мілінкевіча, ён хацеў бы ў «Маладым фронце» займацца менавіта палітычным складнікам. Гарэцкі кажа, што налета на парлямэнцкіх выбарах «МФ» зможа закрыць палову выбарчых акругаў.

Ён верыць, што ня трапіць у турму, застанецца на волі. «Страху няма ніякага», — кажа хлопец.

Зьміцер Панкавец

Здымкі Юліі Дарашкевіч

0
dziauczyna / Адказаць
27.05.2007 / 23:29
Z Hospadam! Padtrymlivajem Vas i molimsia...
0
Яська-гаспадар / Адказаць
28.05.2007 / 07:18
Не верыцца, што іх пасадзяць. Хутчэй дадуць штраф, можа-ўмоўнае. На большае рэжым не пойдзе. Сітуацыя ня тая. Захад жа ні хрэна прэферэнцый ня дасьць. Сітуацыя для рэжыму зараз проста ахавая-можа абваліцца ўся с..аная эканоміка. Хаця Лу можа забыкаваць і паказаць цьвёрдасьць і непахіснасьць. Але тады навошта крок з Севярынцам і Статкевічам. А наогул, будзем маліцца сёньня -аб хутчэйшым вызваленьні(маладафронтаўцаў) і хутчэйшым пахераньні-рэжыму.
0
? / Адказаць
28.05.2007 / 09:38
Хоть бы все обошлось.... :=(
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру