У Палацы культуры МАЗ пачаўся Кангрэс дэмакратычных сілаў. Рэгістрацыя паказала, што прысутнічаюць 568 дэлегатаў з 916 заяўленых — кворум ёсьць. Каля 100 дэлегатаў з рэгіёнаў пад'ехалі пазьней. У залі прысутнічалі 29 былых палітвязьняў. Бачныя некалькі расьцяжак “Малады Фронт”, шмат бел-чырвона-белых і некалькі чырвоных сьцягоў.

З прывітальным словам ад арганізатараў выступіў Аляксандар Бухвостаў. Сьледам слова ўзяў Мікола Статкевіч: “Дайце мне тры хвіліны. Думаю, гэта ня так шмат пасьля двух гадоў”. Ён першым пунктам працы Кангрэсу заклікаў разгледзець пытаньне выбару стратэгіі. На тым самым акцэнтаваў увагу і Павал Севярынец. Трэба вызначыцца, ці мы зьбіраемся перамагаць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, ці бязь іх, каб не злаваць камуністаў, сказаў ён.

Увогуле, Кангрэс пачынаўся вельмі напружана, у залі стаяў гвалт, падчас выступу камуніста Міколы Петрушэнкі пачулася скандаваньне “Ганьба!” Абражаны выступоўца, які пачаў быў гаварыць па-беларуску, перайшоў на расейскую. Вядучы Кангрэсу Валер Ухналёў нерваваўся, не кантраляваў сытуацыю ў залі. Тады Станіслаў Шушкевіч вызваўся ўзяць кіраўніцтва сходам на сябе. І здолеў навесьці парадак.

Аляксандар Мілінкевіч у сваім выступе адзначыў, што леташняя прэзыдэнцкая кампанія была найлепшай кампаніяй апазыцыі за апошнія гады, што яна здолела даць людзям надзею, заглушыць іх страх. Кампанія не была прайграная, адзначыў А.Мілінкевіч, бо не было спаборніцтва. Мілінкевіч адзначыў, што сёньня трэба стратэгія дзейснай барацьбы, а не яе імітацыі й падтрымаў стратэгію “Эўракааліцыі”. Таксама ён падкрэсьліў, што апазыцыя перажывае глыбокі крызіс, выкліканы ўнутраным змаганьнем за ўладу. “Для тых, хто мне давярае, я гатовы заставацца адзіным лідэрам апазыцыі”, адзначыў ён.

Сяргей Калякін пагадзіўся з Мілінкевічам у ацэнцы выбараў 2006 г., таксама адзначыў, што ня бачыць прынцыповай розьніцы між стратэгіяй «Эўракааліцыі» і стратэгіяй аб’яднанай апазыцыі: і там, і там вядзеца пра канстытуцыйную зьмену ўлады. Лідэр камуністаў адзначыў, што ўлада пойдзе на перамовы толькі з моцнай апазыцыяй, і заклікаў да кансалідацыі.

Пасьля перапынку гаварыў Анатоль Лябедзька, які заклікаў аб’яднаць намаганьні, каб абараніць людзей, у якіх адабралі сацыяльныя гарантыі і льготы. «Гэта некалькі мільёнаў нашых грамадзян, некалькі мільёнаў выбаршчыкаў. Надрукуем мільённымі тыражамі ўлёткі, газэты, і пойдзем да людзей».

Вінцук Вячорка ў сваёй прамове адзначыў важную ролю Аляксандра Мілінкевіча ў міжнароднай працы, назваў дыпляматычным прарывам, сытуацыю, якая склалася за апошні час.

«Найважнейшымі вынікамі гэтага дыпляматычнага прарыву былі непрызнаньне падзеяў 19 сакавіка 2006 году без справядлівых і празрыстых выбараў усімі эўрапейскімі краінамі, ЗША і міжнароднымі эўрапейскімі і эўраатлянтычнымі арганізацыямі. Таксама пастаноўка пытаньня пра вызваленьне палітычных вязьняў. Тое, што сёньня побач з намі, прынамсі, іх частка – мы рады іх бачыць — гэта ў пэўным сэнсе рэха той працы. Тое, што сёньня адбываецца наш кангрэс у Менску, гэта ў пэўным сэнсе таксама рэха таго нашага супольнага змаганьня».

Першы дзень працы Кангрэсу завяршыўся а 19-й. Пры канцы Станіслаў Шушкевіч прапанаваў паставіць на галасаваньне альтэрнатыву. Першы бюлетэнь – за абраньне сустаршынямі палітычнай рады аб’ядных дэмакратычных сіл (АДС) мусяць быць Вячорка, Калякін, Ляўковіч і Лябедзька. Другі бюлетэнь – старшынём палітрады АДС мусіць быць Мілінкевіч.

Другі дзень працы Кангрэсу пачнецца заўтра а 9-й з прэс-канфэрэнцыі лідэраў фракцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?