Калі ўчора я размаўляў зь Міколам Статкевічам, той сказаў: галоўнае вырашыцца на пачатку кангрэсу.

Сапраўды, былы палітвязень, першым папрасіўшы "тры хвіліны пасьля двух гадоў", прапанаваў адразу разгледзець пытаньне стратэгіі дэмакратычнага руху. Як вядома, ён распрацаваў яе альтэрнатыўны варыянт. Прыхільнікам жа праекту, ухваленага бальшынёй Палітрады, Статкевіч параіў сысьці з палітыкі ды заняцца гадоўляй трусоў і хамякоў.

Зрэшты, ягоныя апанэнты лічаць, што ў дакумэнце, вылучаным ад імя "Эўрапэйскай кааліцыі" і патэтычна названым "стратэгіяй змаганьня" (у піку "стратэгіі чаканьня"), нічога асаблівага няма. Маўляў, рэч не ў канцэптуальных разыходжаньнях, а ў амбіцыях.

Так ці іначай, прапанову аб стратэгічнай альтэрнатыве зь перавагай у 26 галасоў адхілілі.

Кідаецца ў вочы невысокі "адсотак яўкі". 568 дэлегатаў з 916. Можна казаць аб частковым байкоце.

Сёньня Мілінкевіч заявіў журналістам, што бачыць у кааліцыі два блёкі: левы і пранезалежніцкі. Мікола Статкевіч учора ў размове са мной спрагназаваў падобны вынік мерапрыемства. Толькі без залішняй паліткарэктнасьці сказаў аб "прарасейскай" плыні.

Сапраўды, можна чакаць узмацненьня гэтага крыла. Мы ўжо бачылі сымптомы кшталту нашумелага "Менскага маніфэсту" Сініцына і Парфяновіча. Зразумела, што Масква перад наступнымі электаральнымі кампаніямі будзе шукаць тут апірышча ды ўкідаць рэсурсы. Магчыма, зьявіцца яшчэ не адзін "праект Каракін". Незалежніцкім сілам давядзецца вытрымаць жорсткую канкурэнцыю.

А пакуль што будзьма сачыць за хадою мерапрыемства ў ДК аўтазаводу. Дарэчы, апэратыўна асьвятляюць падзею "Свабода" і "Радыё Рацыя".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?