Чытайце часопіс «Маладосць», і вы трапіце «У дзяржаву шчасьця / Дзе любяць краскі / Дзе кажуць «Здрасьце!» У газэце «Свабода» піша Алег Аблажэй.

Усё‑ткі шкодна быць адарваным ад Бацькаўшчыны. Зусім не ўяўляеш, што там робіцца. Калі ўся інфармацыя — з розных «Свабодаў» ды «Рацыяў».

Але што ўзяць з наймітаў ЦРУ? Найміт, ён і ёсьць найміт, падачкі адпрацоўвае. Вось і распаўсюджваецца паклёп, нібыта ў Рэспубліцы Беларусь пісьменьнікі перасварыліся‑перагрызьліся міжсобку.

Ды нездарма мудры народ кажа – у маны ногі кароткія. І праўда дайшла да мяне – у выглядзе двух, на жаль, выпадковых нумароў часопіса «Маладосць» – 11.06 і 01.07.

А гэта не абы якое выданьне, а «Лучший общественно‑политический и литературно‑художественный журнал».

І што вы думаеце? Дзе раскол? Дзе сваркі?

Пад адной і той жа блішчастай вокладкай – і Альгерд Бахарэвіч, і Анатоль Бутэвіч, і іншы Анатоль, бо Зэкаў! Валянціна Коўтун! Сам Георгій Марчук!

І нават член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі й Расеі, намесьнік старшыні Камісіі па дэмаграфічнай бясьпецы і сацыяльным разьвіцьці Ала Ралькевіч са шчымлівымі вершамі пра зямлю сваіх бацькоў!

Гартаеш далей – а на цябе пазірае мужна‑інтэлігентны твар Адама Глёбуса. Ня сам піша, а пра яго пішуць, — пра ягонага лірычнага героя, што пад «ціскам соцыюму спрабуе наладзіць кантакт зь іншымі людзьмі».

А тут не героі, а самі пісьменьнікі бяз ціску нясуць соцыюму свае сэрцы на далоні. Як мой любімы паэта Зьміцер Вішнёў:

клоп на балотах выклікае халодны пот

крот ашыляецца сярпом –

у яго сапсаваны рот

спорт паядаецца нібыта гэта салодкі торт

порт разбураецца бо вынайдзены

чарадзейны грот

Прачытаеш – самому хочацца штось падобнае сачыніць! (А што, пакуль дапішу, мо нешта й атрымаецца.)

Паэзія ў «Маладосці» ўвогуле слаўная, а як жа іначай, калі часопіс рэдагуе «выкшталцоная паэтка» Раіса Баравікова. Узровень мусіць быць!

Стары мастак парве мальбэрт,

Штрыхі зьляцяцца на паперу.

Асадку возьме ён, паэт

Напіша «Тайную вячэру».

Парве мальбэрт… Мальбэрт – гэта такое прыстасаваньне з драўляных брускоў 6х4 см. Уяўляеце роспач мастака, які нават ня ломіць, а рве сваю прыладу! Гэта ж трэба давесьці да такой роспачы творцу… І трэба ўмець такі адчай перадаць адным радком!

Слабо так напісаць розным рыгорам‑генадзям ды іншым нілам! Хай топчуцца ў сваім «Дзеяслове». І іншым не перашкаджаюць.

Бо ў краіне – лад. Лад і стабільнасьць.

«Лад» — так называўся адмысловы дадатак да «Литературной газеты» (нешта не відаць яго цяпер). Пісалася там, як «живется весело, вольготно в Белоруссии!» І знайшоў я там вершы знаёмага аўтара – Татьяны Сапоч. Дай, думаю, пацешу чалавека, павіншую з выхадам да ўсесаюзнага чытача. А тая як раскрычыцца, нагамі затупае, газэту вобзем – маўляў, ведаць ня ведаю і ведаць не хачу ніякага «Ладу» і нічога туды не давала!

Вось і зразумей ты гэтых жэншчын.

Даўно мару зьмяніць арыентацыю на больш сучасную, ды ня ведаю, з чаго пачаць…

А ў маладосьцевым «суквецьці талентаў» — і Алесь Разанаў. Цікава, хто яго віншаваў з публікацыяй? І чым гэта скончылася?

Словам, збываецца мара паэта, настала пара, «когда письменники, все распри позабыв, в единую семью соединятся!»

Кароча, як кажа мой сусед, выпісвайце, чытайце «Маладосць», і вы трапіце, паводле аднаго з аўтараў,

У краіну казкі

У дзяржаву шчасьця

Дзе любяць краскі

Дзе кажуць «Здрасьце!»

Жыве эРБЭ!

P.S. Пракляты склероз! А пра чарвяка забыўся… Адна мая знаёмая ела яблык, дый каўтнула разам паразыта. І нават ня зморшчылася. А што, кажа, — хто такі чарвяк? Той жа яблык, толькі перапрацаваны.

Вось і «Маладосць» – той жа часопіс, толькі…

Абы калёрыі. Ды каб не званітавала.

P.P.S. А вось, як абяцаў, і вершык:

крот зьеў дрот

думаў бутэрброд

наклаў у порт

кі ла грам шпрот

аў аў ай да

Зьміцер ай да мала

дзец піз

анская вежа

духоўная

ежа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?