17 сакавіка “Свабодны тэатар” паказаў дзьве новыя пастаноўкі. “Пакаленьне джынс” называўся амаль 2-гадзінны спэктакль Міколы Халезіна. У пастаноўцы ўдзельнічаў адзіны актор — ён сам, і яшчэ музыка і няхітры рэквізыт — 4 сьцягі (здагадайцеся, якіх краінаў) ды краткі. “Пакаленьне джынс” — гэта мяшанка з настальгічным успамінаў пра савецкае юнацтва (адтуль і джынсы як сымбаль свабоды для пакаленьня Халезіна), адкрыцьцяў пра побыт палітычных арыштантаў на Акрэсьціна і практычных парадаў аб тым, як паводзіцца на судзе, што браць у камэру і якія перадачы самыя карысныя за кратамі. Увага! Джынсы — ня самая зручная вопратка для адсідкі. Джынсы — вопратка вольных людзей.

Выступ Міколы Халезіна стаў нібыта трэніроўкай перад 19-м, з дэклямаваньнем усёй заляй “Я свабодны”. А потым Халезін дастае дубінку. Момант ісьціны: калі твой страх меншы за тваю волю дэклямаваць/ выйсьці на плошчу, значыць, ты свабодны. Напрыканцы спэктакля з’яўляецца партрэт Яна — чэскага студэнта, які самаспаліўся 16 студзеня 1969. Міколу Халезіну тады не было і пяці гадоў і ў гэты дзень ён, хутчэй за ўсё, знаходзіўся ў дзіцячым садку. Аднак ён называе Яна сваім сябрам. Праз 20 гадоў пасьля Янавага ўчынку Чэхія стала вольнай.

Хто стане беларускім Янам ? Пытаньне лунала ў паветры.

Пастаноўка па-добраму свойская. Героі Халезіна — Юра (Хашчавацкі), Дзіма (Бандарэнка), Андрэй (Саньнікаў), Іра (Халіп), Іра (Красоўская). Няма патрэбы называць іх прозьвішчы, бо ўсе ведаюць, пра каго вядзецца. І самі яны прысутнічаюць у залі. Зусім не палітычныя людзі. Мікола прызнаецца, што ніколі не зьбіраўся займацца палітыкай. Ён марыць пра тое, як ягоная дачка будзе вучыцца ў унівэрсытэце, створаным Андрэем. Сам жа Андрэй марыць стаць садоўнікам у гэтым жа ўнівэрсытэце.

Спэктакаль Халезіна — гэта тэрапія ад страху. Шкада, што большасьць гледачоў былі замежнікі і СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0