Паводле звестак сацыялагічнага апытання, праведзенага ў 2006 годзе спецыялістамі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя сумесна з інстытутам сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у краіне курыць больш за 32% насельніцтва. З іх пастаянна — 22,9%, час ад часу ‑‑ 9,3%. Курылі раней, але кінулі — 13,3%. Пра гэта 29 мая на прэс‑канферэнцыі, прысвечанай Сусветнаму дню без тытуню (31 мая), паведаміў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Міхаіл Рымжа.

У 2002‑2006 гадах у Беларусі назіралася тэндэнцыя зніжэння паказчыкаў распаўсюджання курэння сярод падлеткаў і дзяцей да 16 гадоў. Доля тых, хто курыць, знізілася з 41,6% у 2001 годзе да 32,3% у 2006 годзе, у тым ліку сярод жанчын ‑‑ з 19,7 да 16,3%, мужчын ‑‑ з 64,1 да 51,3%.

Самыя высокія паказчыкі распаўсюджання курэння назіраюцца сярод часова непрацуючых (57,8%), рабочых прамысловасці, транспарту, будаўніцтва (55,5%), прадпрымальнікаў (51,1%) і работнікаў сельскай гаспадаркі (37,2%). Менш за іншых кураць хатнія гаспадыні (12,7%) і непрацуючыя пенсіянеры (12,4%).

Трэцяя частка апытаных курцоў маюць жаданне кінуць курыць. Людзі вызначаюць свой намер як вынік разумення таго, што курэнне непапраўна шкодзіць здароўю (14,4%). Сярод іншых прычын — пагаршэнне самаадчування, жаданне быць прыкладам для дзяцей, зэканоміць грошы і нездаволенасць блізкіх, калег па працы.

Доля тых, хто кінуў курыць, вышэйшая сярод ваеннаслужачых, супрацоўнікаў праваахоўных органаў (24,6%), кіраўнікоў ніжэйшага (23,7%) і вышэйшага (21,8%) звяна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?