На працягу вясны студэнта факультэта радыёфізыкі БДУ Яўгена Пятліцкага выселілі зь інтэрнату за налепкі, затрымалі за ўдзел у акцыі супраць адмены льготаў, а цяпер вось спрабуюць навязаць супрацоўніцтва з камітэтам дзяржбясьпекі.

Перад сёлетнім Чарнобыльскім шляхам інтэрнат БДУ №3 закідалі налепкамі з заклікамі ісьці на акцыю. Адміністрацыя інтэрнату зьвінаваціла ў «пашкоджаньні маёмасьці» студэнта факультэта радыёфізыкі Яўгена Пятліцкага, у якога знайшлі некалькі налепак. У выніку хлопца не заселяць у наступным навучальным годзе ў інтэрнат.

Падчас акцыі супраць адмены льготаў Яўген быў затрыманы і пасьля перапісу асабістых зьвестак быў адпушчаны. Празь некаторы час яго выклікаў намесьнік дэкана, паведаміўшы, што зь ім хоча паразмаўляць супрацоўнік КДБ. Супрацоўніка цікавіла, ці ёсьць яшчэ на факультэце беларускамоўныя, якія настроі сярод аднакурсьнікаў і суседзяў па інтэрнаце, ці ўдзельнічае Яўген у акцыях апазыцыі, як сумяшчае сваю актыўнасьць з вучобай, ці ня мае праблемаў з пасьпяховасьцю, ці вырашыў пытаньне з інтэрнатам. Паводле словаў студэнта, ён адказваў, што нічога ня ведае пра настроі студэнтаў і думкі суседзяў. Напрыканцы гутаркі кадэбэшнік прапанаваў пакінуць свой тэлефон, зазначыўшы, што сам яшчэ патэлефануе.

***

Выпадак зь Яўгенам Пятліцкім камэнтуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

«Сытуацыя тыповая ў апошні час — праваабарончыя арганізацыі штотыдзень фіксуюць такія выпадкі. Супрацоўнікі дзяржбясьпекі сталі актыўна практыкаваць такія мэтады, вышукваючы тых студэнтаў, што праз палітыку маюць праблемы з вучобай або ў інтэрнаце.

Закон дазваляе ім рабіць гэта, але толькі са згоды чалавека, якога яны схіляюць да супрацоўніцтва. Супрацоўнік, які спрабуе з вамі сустрэцца для гутаркі, мусіць абавязкова прадставіцца, бо ён прадстаўляе дзяржустанову. У адваротным выпадку можна сьмела адмовіць яму ў сустрэчы.

Калі вам даюць позву, то ў ёй павінна быць дакладна пазначана, у якасьці каго вас запрашаюць на гутарку. Калі для даваньня нейкіх тлумачэньняў, то можна іх не даваць, закон гэта дазваляе.

На гутарку з супрацоўнікам КДБ можна ісьці з адвакатам, што гарантуецца арт. 62 Канстытуцыі.

Калі чалавек наагул не жадае супрацоўнічаць, яму варта зьвярнуцца ў СМІ, распаўсюдзіць інфармацыю пра вэрбоўку сярод знаёмых. Гэта зробіць яго непрывабным для далейшага супрацоўніцтва з КДБ.

Трэба па магчымасьці абмежаваць колькасьць кантактаў з супрацоўнікамі спэцслужбаў, бо зацягваньне прыводзіць да сумных вынікаў».

* * *

Камэнтар Рэдакцыі. «Спэцслужбы дзейнічаюць у кожнай краіне. Што вы ад нас хочаце?» — так звычайна апраўдваюць свае дзеяньні работнікі беларускіх спэцслужбаў. Гэта так. Але чаму ўдзел студэнта ў акцыі супраць скасаваньня льготаў робіцца клопатам КДБ? Ці выказваць сваё меркаваньне па гэтым пытаньні забараняюць беларускія законы? Ці гэта экстрэмізм? Чаму супрацоўнік КДБ дазваляе сабе распытваць пра беларускамоўных? Па якім праве спэцслужбы цікавяцца тымі, хто размаўляе на роднай мове? Сама такая пастаноўка пытаньняў зьневажальная для любога грамадзяніна і беларуса. Нічога дзіўнага, што такія спэцслужбы (дзе, па нейкім дзіўным супадзеньні, не працуе ніводзін беларускамоўны) набываюць рэпутацыю антыбеларускіх структураў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?