Калі страчаны маральны крытэр, тады незразумела, чым апазыцыя, калі раптам яна прыйдзе да ўлады, будзе адрозьнівацца ад улады цяперашняй?

На мінулым тыдні кіраўнік дзяржавы назвай «дуратой» льготы на праезд у грамадзкім транспарце. Назваў пасьля таго, як гэтыя льготы былі скасаваныя палатай прадстаўнікоў. Яно й зразумела. Замежнае вяшчаньне на Беларусь — гэта ж таксама «ідыёцкі праект». Трэба ўсё дурноцьце вынішчаць пад корань.

А што тычыцца льготаў для дзяржаўных чыноўнікаў, дык намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі назвала неправамерным нават само пытаньне аб гэтым. Маўляў, усе льготы для дзяржаўных службоўцаў былі скасаваныя аднойчы і назаўсёды яшчэ ў 1994‑м, адразу пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах. Цікава было б запытаць, за якія сродкі будуюцца дамы ў раёне сталіцы, які ў народзе празвалі ўжо «менскай Рублёўкай» (паводле аналёгіі з фэшэнэбэльным раёнам у Маскве)? Мабыць, за сэканомленыя з зарплаты грошы.

Праўда, называць раёны, кварталы або дамы «прэстыжнымі» ці «элітнымі» ад нядаўняга часу катэгарычна забаронена. Так што няма ніякіх праблемаў. У тым ліку — са шматлікімі льготамі ды прывілеямі дэпутатаў, якія дружна — 101 супраць 1‑го — прагаласавалі за адмену льготаў для пэнсіянэраў, студэнтаў, былых вязьняў канцлягераў і іншых.

Адзін з дэпутатаў у абгрунтаваньне рашэньня аб пазбаўленьні некаторых людзей ільготаў на лекі заявіў, што ўсе сапраўдныя інваліды‑чарнобыльцы даўно памерлі ад прамянёвай хваробы. Засталіся адны «несапраўдныя».

Цікава, ці набраўся б гэты самы дэпутат сьмеласьці паўтарыць сваю фармулёўку, калі б размова зайшла аб пазбаўленьні льготаў вэтэранаў вайны? Зрэшты, калі б далі адмашку з Адміністрацыі — чаму б і не.

600 раззлаваных мужчынаў

Зьдзіўляе: чаму лідэры апазыцыйных партыяў, якія ўвесь час гаварылі пра надзвычайную важнасьць праўдзівага інфармаваньня насельніцтва, гэтым разам не паклапаціліся пра тое, каб людзі дазналіся праўду — аб тым, хто і якіх ільготаў будзе пазбаўлены. Фактычна, беларускае грамадзтва было пастаўленае перад фактам галасаваньня ў палаце прадстаўнікоў. Зьдзіўляе і тое, што гэтаму пытаньню так мала надалі ўвагі камуністы і сацыял‑дэмакраты (прынамсі, іх частка) — тыя самыя партыі, якія заўсёды вылучалі клопат пра абяздоленых на першы плян.

Можна, зразумела, знайсьці апраўданьне ў тым, што льготы — пытаньне прыватнае. Галоўнае — прыняць эканамічную стратэгію, а потым ужо, у яе рамках, прапаноўваць нейкія шляхі вырашэньня сацыяльных праблем.

Трэба ўзяць пад увагу й тое, што ад апазыцыі сёньня нічога не залежыць у дзяржаве. Не яна прыдумала сыстэму льготаў — не яна сёньня яе і адмяняе.

Чаго ж дбаць пра тое, што ад цябе не залежыць?

Але акрамя палітычнага аспэкту тут ёсьць і яшчэ адзін, крайне непапулярны ў партыйных масах. Што перашкодзіла лідэрам апазыцыі, ці проста шараговым дэлегатам, ясна і недвухсэнсоўна выказаць салідарнасьць з найбольш абяздоленай і неабароненай часткай беларускага грамадзтва?

Ці мае дэмапазыцыя права разьлічваць на салідарнасьць з палітвязьнямі, з ахвярамі палітычных рэпрэсіяў, калі яна не ў стане прадэманстраваць маральную салідарнасьць з інвалідамі й дзецьмі? Пра якую будучыню Беларусі ўвогуле можна весьці гаворку, калі апазыцыйных змагароў не цікавіць, што сёньня стане зь дзецьмі і інвалідамі?

Адзін з сацыял‑дэмакратаў — «казулінцаў» — прапанаваў абраць Казуліна ганаровым старшынём Кангрэсу дэмсілаў. Пры ўсёй глыбокай павазе да гэтага чалавека і палітыка, які надзвычай годна й мужна паводзіць сябе ў калёніі, ягонае становішча не настолькі цяжкое й безнадзейнае, як становішча многіх інвалідаў‑вазочнікаў у краіне.

Сюжэты пра калекаў калі й зьяўляюцца на экранах БТ, дык у парадку выключэньня, як нешта эпізадычнае і нетыповае. Людзі, грамадзтва ў цэлым ня любіць падобных сюжэтаў (калі толькі няшчасьце не закранула іх асабіста). Падобныя сюжэты іх раздражняюць, перашкаджаюць насалоджвацца радасьцямі жыцьця — новай машынай, паездкай на Чырвонае мора.

І ў гэтым нічога надзвычайнага няма. Так уладкаваная чалавечая псыхіка.

І пры тым, як мы ведаем зь вялікай літаратуры, чалавек, прыкуты да ложка, можа адчуваць сябе шчасьлівейшым за ўладальніка «мэрсэдэса» апошняй маркі. Толькі няшчасны ўладальнік «мэрса» чамусьці ніколі не пагодзіцца памяняцца сваім становішчам са «шчасьліўцам».

Скафандар і матылёк

Крайнюю ступень падобнага стану паказаў у сваім фільме «Скафандар і матылёк» амэрыканскі рэжысэр Джуліян Шнабэль, які атрымаў у Кане прыз за лепшую рэжысуру. Герой стужкі ня проста прыкаваны да інваліднага вазка. Адзіны спосаб, якім ён можа трымаць кантакт з навакольнымі людзьмі — гэта трымценьне ягоных вейкаў.

Ну, зразумела, ня можа нармальны чалавек увесь час думаць пра сьмерць, хваробы ці чужыя калецтвы. Адчуўшы катарсіс ад прагляду геніяльнага фільма пра чалавечае спачуваньне ў кіназалі, ён можа пайсьці ў буфэт і добра пад’есьці. Сярод маіх знаёмых‑ інтэлектуалаў ёсьць і такія, якія лічаць, што пакуты чалавека, у тым ліку фізычныя — гэта яго асабістая справа. Таксама, як і ўспаміны старых людзей пра вайну, гора, змаганьне за нейкія ідэалы. Ну, было — і было. А народу гэта нецікава. Сыходзяць адны пакаленьні, прыходзяць іншыя. Яны лепшыя ўжо тым, што яны новыя. Старыя кепскія ўжо тым, што яны старыя, што яны замінаюць маладзейшым. А на былыя грамадзкія ідэалы ці калецтвы няма чаго зьвяртаць увагу. Чалавечая адзінка — нішто на тле змаганьня «масы масаў».

Што ж, і такі пункт гледжаньня, напэўна, мае права на існаваньне.

Вось толькі здаецца, што лідэр, альбо той, хто прэтэндуе на такое званьне, ня можа быць толькі часткай «масы», чымсьці ён павінен вылучацца з натоўпу. Хоць бы ў нейкі бок.

Калі «лідэры дэмсілаў» прымаюць агульныя правілы гульні, навязаныя дзяржавай, то чым іх уласныя прынцыпы і перакананьні адрозьніваюцца ад прынцыпаў тых, з кім яны змагаюцца? Няўжо толькі дэкляраваным патрыятызмам? Але ж і дзяржава ўвесь час нагадвае нам з плякатаў, што яна — «За Беларусь».

Калі страчаны маральны крытэр, тады незразумела, чым апазыцыя, калі раптам яна прыйдзе да ўлады, будзе адрозьнівацца ад улады цяперашняй? Хіба толькі прозьвішчамі новых кіраўнікоў? А ці вартыя апазыцыянэры падтрымкі грамадзтва толькі за тое, што яны абвясьцілі сябе апазыцыянэрамі?

Канечне, некаму могуць падацца сьмешнымі падобныя прэтэнзіі да ўдзельнікаў Кангрэсу. Гэта ж быў Кангрэс не філёзафаў і маралістаў, а палітыкаў. У кожнага зь якіх былі і ёсьць свае палітычныя пляны, раскладкі й меркаваньні. Кагосьці трэ было падтрымаць, кагосьці адсунуць на задні плян. Тыя групаваліся з гэтымі, іншыя тусаваліся зь іншымі. Усё нармальна. Апазыцыя чарговым разам прадэманстравала, што яна — неад’емная і арганічная частка свайго грамадзтва. У яе, як і ў грамадзтве ў цэлым, пакуль няма выразна акрэсьленай агульнай мэты, ідэі. Няма й агульных маральных прынцыпаў. Ёсьць толькі інстынкты ды інтарэсы.

І з гэтага гледзішча, магчыма, нават добра тое, што кангрэс

ня змог абраць агульнага лідэра. Бо гэта быў бы самападман, ілюзія. Нават сапраўднага расколу, аб якім шмат гаварылася напярэдадні форуму, не адбылося. Як можа раскалоцца нешта аморфнае і амаль безыдэйнае? Памнажэньне фракцыяў… Хіба на гэтым палягала мэта кангрэсу?

Ніхто зь лідэраў партыяў ня ўзяў на сябе маральную адказнасьць за тое, што адбылося (альбо наадварот, не адбылося) летась падчас прэзыдэнцкіх выбараў і пасьля іх. А бяз гэтага — хіба ёсьць сэнс гаварыць пра выбары наступныя, пра нейкую стратэгію й тактыку дэмакратычных сілаў у будучыні?

Большасьць дэлегатаў хутка разьедуцца на летнія адпачынкі. Успамін пра непрыемныя моманты кангрэсу хутка згладзіцца, саступіўшы момант новым, больш прыемным момантам, якія заўсёды прыміраюць з рэчаіснасьцю.

А інваліды ў вазках застануцца недзе там — далёка на пэрыфэрыі чалавечай сьвядомасьці.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0