Донары кажуць, што такая скрайняя мера — адзіны спосаб прыцягнуць да сябе ўвагу

У Магілёве пачынаецца масавы пратэст донараў. Больш за 100 ганаровых донараў Беларусі выказалі намер пачаць забастоўку на знак пратэсту супраць адмены льготаў.

«Спачатку мы правядзем папераджальную забастоўку», — кажа ганаровы донар Беларусі Ігар Каваленка. — «Цягам тыдня ня будзем хадзіць на абласную станцыю пераліваньня крыві. Калі гэта ня дасьць вынікаў, пачнем бястэрміновую забастоўку. Будзем зьяўляцца на пункты здачы крыві толькі ў выпадках, калі кроў будзе патрэбная дзецям ці людзям, чыё жыцьцё ў небясьпецы».

Пратэст выкліканы адменай большасьці льготаў. Такіх, як 50‑адсоткавая зьніжка на пратэзаваньне зубоў, 50‑адсоткавая зьніжка на лекі ды 40‑адсоткавая прыбаўка да пэнсыі.

«Людзі, якія рэгулярна здаюць кроў, у нейкім сэнсе ахвяруюць сваім здароўем», — абураецца спадар Каваленка. — «Напрыклад, у часе здачы плазмы арганізм губляе кальцый, разбураюцца зубы... Таму зьніжка на пратэзаваньне была ўзятая ня зь неба».

Ганаровыя донары кажуць, што такая радыкальная форма пратэсту была абраная ад безвыходнасьці. Маўляў, гэта адзіны спосаб прыцягнуць да сябе ўвагу, бо па‑іншаму чыноўнікі і вухам не вядуць.

Нагадаем, 23 траўня Палата прадстаўнікоў амаль аднагалосна прыняла Закон аб адмене бальшыні льготаў, у тым ліку студэнтам, пэнсыянэрам ды ліквідатарам Чарнобыльскае катастрофы. Супраць прагаласавала толькі дэпутатка Вольга Абрамава. 28 траўня гэты Закон ухваліў Савет Рэспублікі. Супраць не галасаваў ніхто.

Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0