Зняць прыватныя спадарожнікавыя тэлевізійныя антэны патрабуюць на гэты раз ад жыхароў Пінска (Брэсцкая вобласць). Абвесткі з адпаведным загадам на гэтым тыдні з’явіліся на пад’ездах жылых дамоў па ўсім горадзе.

Як паведаміў службе маніторынгу БАЖ намеснік начальніка Пінскага гарадскога вытворчага аб’яднання «Жыллёва‑камунальная гаспадарка» Мікалай Базан, распараджэнне абвясціць жыхароў шматпавярховых дамоў аб неабходнасці зняць антэны атрымалі на планёрцы 28 мая ўсе начальнікі ЖЭУ Пінска.

«Прычына патрабавання вельмі простая: антэны псуюць фасады будынка і пакрыццё даху, у выніку затапляюцца вадой кватэры верхніх паверхаў», — патлумачыў Мікалай Базан. Па яго словах, уладальнікі спадарожнікавых антэн павіны дэмантаваць іх самастойна, інакш рызыкуюць атрымаць штраф.

Жыхарка Пінска, сябра БАЖ Валянціна Наварыч прачытала, між іншым, ў абвестцы на пад’ездзе свайго дома, што неабходна зняць антэны з дахаў. Далей тлумачылася, таму што гэта небяспечна для даху.

— Але спадарожнікавая антэна, якая належыць мне, прымацаваная да цаглянай сцяны ў спецыяльнай нішы, яе нават не бачна з вуліцы. Дах антэна не закранае і, больш за тое, не псуе яго, — кажа Валянціна Наварыч.

— Я патэлефанавала начальніку ЖЭУ №1 Ніне Гардзеевай і патлумачыла гэта. Аднак мне адказалі, што патрабаванне абавязковае для ўсіх жыхароў дома. Маўляў, дыскутаваць — марнаваць час: «Выконвайце загад, інакш будзе складзены адміністрацыйны пратакол і заплаціце штраф».

Намеснік старшыні Пінскага гарвыканкама, які курыруе ЖКГ, А. Сацута, адмовіўся адказаць на пытанні, спаслаўшыся на тэрміновы ад’езд, і параіў усё высвятляць у кіраўніцтва жыллёва‑камунальнай гаспадаркі горада.

У аддзеле па ідэалогіі Пінскага гарвыканкама адказалі, што нічога не ведаюць пра патрабаванне ЖЭУ горада, але, калі яно ёсць, трэба выконваць.

Пакуль масавага зняцця антэн‑«талерак» у Пінску не назіраецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?