У новым навучальным годзе Камітэт абароны рэпрэсаваных «Саліданасьць» працягне дапамагаць беларускім студэнтам, якія пацярпелі за сваю грамадзка-палітычную актыўнасьць у выніку перасьледу ўладаў.

Звыш 100 чалавек змогуць распачаць навучаньне ў розных ВНУ Эўропы, дзякуючы падтрымцы ўрадаў Польшчы, Чэхіі, Летувы, Аўстрыі й іншых краінаў

Дзякуючы дзейнасьці Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць», у мінулым годзе больш за 300 студэнтаў зь Беларусі змаглі працягнуць сваё навучаньне за мяжою. Гэты былі пераважна тыя студэнты, якія ўзялі ўдзел у пратэсьце падчас прэзыдэнцкіх выбараў у намётавым мястэчку на Кастрычніцкай плошчы.

Нягледзячы на тое, што сёлета не назіралася спэктакулярных адлічэньняў студэнтаў, ня ўсе жадаючыя атрымаць адукацыю на Бацькаўшчыне змогуць гэта зрабіць.

Паводле словаў Алы Кароль з камітэту «Салідарнасьць», ужо неўзабаве мае распачацца другі набор студэнтаў на праграму падтрымкі беларускіх рэпрэсаваных польскім урадам — праграму імя Кастуся Каліноўскага.

А. Кароль: Ёсьць такая дамоўленасьць, і праграама адбудзецца і ў гэтым навучальным годзе. Вельмі шмат людзей выказваюць жаданьне навучацца па гэтай праграме. Неўзабаве пройдуць Рады камітэту, на якіх будуць прыймацца рашэньні па кожнаму чалавеку. Думаю, што іх будзе каля сотні. Сьпіс краінаў будзе той самы: Польшча, Летува, Украіна, Нямеччына, Чэхія, нядаўна далучылася Аўстрыя. Большасьць новых удзельнікаў — гэта тыя, якія былі выключаныя, а астатнія зь ліку тых, хто быў выключаны раней і ня можа аднавіцца альбо ізноў паступіць. Некаторыя былі пастаўленыя па месцы жыхарства на ўлік па справах непаўнагадовых. Ім адразу сказалі, што з вашай рэкамэндацыяй вы нікуды не паступіце.

Адлічаныя сёлета студэнты не зьвяртаюцца ў суды, каб адстаяць свае правы, бо ня маюць надзеі на посьпех працэсу. Праваабаронца Тацяна Гацура зь Беларускага Хэльсінскага камітэту гаворыць, што ў БХК зьвярнуўся толькі адзін адлічаны студэнт.

Т. Гацура: На дадзены момант мы маем толькі адну справу па адлічэньні студэнта з Акадэміі кіраваньня. У БХК з такімі праблемамі больш ніхто апошнім часам не зьвяртаўся. Я б не сказала, што ў гэтым годзе назіраліся нейкія масавыя рэпрэсіі.

Дырэктар праграмы Каліноўскага Ян Маліцкі гаворыць, што, нягледзячы на пэўныя цяжкасьці й прыкрыя выпадкі падчас рэалізацыі праграмы, агулам яе вынік ацэньваецца пазытыўна.

Я. Маліцкі: 2 ліпеня ў Варшаўскім унівэрсытэце будуць абвешчаныя новыя правілы прыёму. У гэтым годзе яны больш жорсткія. Няма ніякіх квотаў ці месцаў, ёсьць умовы, галоўная зь якіх — студэнт павінен быць адлічаны са сваёй ВНУ. У мінулым годзе мы мелі некалькі непрыемных прыкладаў функцыянаваньня праграмы, але я, як яе дырэктар, ніколі не спадзяваўся, што будзе лёгка. Зрэшты, цяпер рана казаць пра ацэнку ўсёй праграмы, бо студэнты яшчэ вучацца, сэсія толькі пачынаецца. Нягледзячы аднак на ўсё, я лічу стварэньне гэтай праграмы вялікім посьпехам. Гэта найбуйнейшая праграма дапамогі беларускім студэнтам ва ўсёй Эўропе. Гэта вялікі посьпех.

За апошні год у Камітэт абароны рэпрэсаваных па дапамогу зьвярнуліся больш за тысячу чалавек. У асноўным гэта былі маладыя людзі ў веку 19-25 гадоў, якія былі адлічаныя з ВНУ. Сродкі былі выдаткаваны на абсьледаваньне ў шпіталі й санаторнае лячэньне, на часовае ўтрыманьне кватэры пры страце месца ў інтэрнаце, аплату навучаньня пры вымушаным пераводзе на платную форму навучаньня, працу зь юрыстамі, на транспартныя паслугі, уладкаваньне на працу, а таксама на іншыя патрэбы.

Дзьмітры Гурневіч, Польскае Радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0