Каля басьнійскага мястэчка Вісока месьцяцца самыя старажытныя ў сьвеце піраміды, узьведзеныя прадстаўнікамі невядомай супэрцывілізацыі, сьцьвярджае археоляг‑самавук Сэмір Асманагіч. «Басьнійская даліна пірамід» — поўная бздура, кажуць спэцыялісты. Тым ня менш, праект пошуку пірамід падтрымліваецца ўладамі Босьніі‑Герцагавіны.

Басьніец Сэмір Асманагіч паводле адукацыі мэханік, калісьці ён эміграваў у ЗША ды заснаваў у Тэхасе ўласны бізнэс. Асманагіч захапляўся археалёгіяй, амаль дваццаць гадоў вывучаў піраміды і гісторыю індзейцаў майя. Жаданьне археалягічных адкрыцьцяў прывяло аматара гісторыі пірамід і старажытных цывілізацый на радзіму — у Босьнію. У шматлікіх інтэрвію Асманагіч казаў, што ў Босьніі яго першапачаткова цікавілі сярэднявечныя старажытнасьці каля мястэчка Вісока, за 35 км на паўднёвы захад ад Сараева. Пасьля ён зьвярнуў увагу на шматлікія мясцовыя ўзвышшы. Аглядаючы іх, Сэмір Асманагіч прыйшоў да думкі, што пад імі — старажытныя пабудовы. Ідэальна правільная форма некаторых гор, заявіў Асманагіч, дае падставу меркаваць, што тут знаходзяцца старажытныя піраміды.

Цэмэнт у часы ледавіка

Зусім фантастычна гучыць заява пра час пабудовы пірамід: 12 тысяч гадоў да н.э., у часы апошняга зьледзяненьня ў Эўропе. Нават сам Асманагіч няпэўны адносна храналёгіі. «Мы яшчэ не знайшлі арганічных рэштак, такіх, як косткі, драўніна альбо вугаль... Такія аналізы дапамогуць нам датаваць пабудовы», — разважаў ён, маючы на ўвазе неабходнасьць радыевугляроднага вызначэньня дат узьвядзеньня так званых пірамід.

У «Даліне пірамід», паводле Асманагіча, чатыры‑пяць рукатворных гор, якія ён называе адпаведна пірамідамі «Сонца», «Месяца», «Цмока» і «Каханьня». Піраміда «Сонца» мае ў вышыню 213 м, на траціну вышэй за Вялікую Піраміду ў Гізе! Асманагіч сьцьвярджае, што грані піраміды «Сонца» ідэальна з’арыентаваны па баках сьвету і маюць дасканалую геамэтрыю.

У красавіку 2006 г. Асманагіч, стварыўшы сваю дасьледчую групу, пачаў раскопкі піраміды «Сонца». Ім папярэднічалі радыялякацыйныя дасьледаваньні. Аналізаваліся і фатаздымкі са спадарожніка. Паводле заяваў Асманагіча, гэта дазволіла пацьвердзіць факт існаваньня ў пірамідах лёхаў. У пірамідзе «Сонца», паводле яго слоў, павінен быць складзены з камянёў пакой. Лёхамі, кажа ён, піраміды злучаюцца у адну сыстэму. Як паведаміў Асманагіч, з дапамогаю шахцёраў і геолягаў удалося абсьледаваць участак аднаго з тунэляў, які цягнецца ў нетрах гары амаль на 3,8 км. Ён кажа, што тунэлі будаваліся з выкарыстаньнем штучнага раствору, а перад вузкім уваходам знаходзілася выбрукаваная камянямі пляцоўка.

Абсьледаваньне піраміды «Месяца» дазволіла Асманагічу заявіць, што яму ўдалося знайсьці там сьляды тэрас, якія будаваліся з каменных глыб. Па тэрасе праходзілі неглыбокія рытмічна прасечаныя раўкі.

Што кажуць спэцыялісты?

Піраміда — адзін з тыпаў манумэнтальных збудаваньняў старажытнасьці. Найбольш іх у Эгіпце. Рэшткі мэсапатамскіх пірамід захаваліся на тэрыторыі сучаснага Ірану і Іраку. Археолягі адназначна кажуць: старажытныя народы Эўропы не будавалі пірамід. Выключэньне — некалькі пірамідальных канструкцый, знойдзеных каля Ніцы ў Францыі. Іх, найхутчэй, пабудавалі рымскія легіянэры, якія апынуліся пад моцным уплывам эгіпэцкай рэлігіі.

Дагэтуль самымі старажытнымі і вялікімі пірамідамі сьвету лічацца эгіпэцкія, найбольш раньнія якія пачалі ўзводзіць з каменных блёкаў у часы Раньніх дынастый (2800 — 2200 г. да н.э.). Таму сэнсацыйныя заявы Асманагіча пра адкрыцьцё ў Эўропе пірамід, збудаваных у 12 000 г. да н.э., выклікалі шквал зьедлівай і зьнішчальнай крытыкі.

Спэцыялісты зьвярнулі ўвагу на ўзровень навуковай кваліфікацыі і аргумэнтацыі Асманагіча. Яго аматарскія студыі, напрыклад, скіроўваліся на вырашэньне праблемы паходжаньня культуры майя. Паводле яго ўяўленьняў, іх пачатак варта шукаць на легендарнай Атлянтыдзе, куды яны прыйшлі з… сузор’я Пляядаў. Адкрытыя на яго думку піраміды ў Босьніі — найстарэйшыя ў сьвеце, «маці ўсіх пірамід». Асманагіч параўноўвае іх з аналягічнымі пабудовамі Мэксыкі і Эгіпту. Для яго яны зьвёны ў адным ланцугу, яшчэ адна «энэргетычная кропка» на целе плянэты.

Марк Роўз, з онлайнавага часопісу «Archaeology», адносіць артыкулы Сэміра Асманагіча да жанру фантастычнай археалёгіі альбо псэўдаархеалёгіі, якая ня мае нічога супольнага з навукай. Пры элемэнтарнай праверцы канцэпцыі такога кшталту рассыпаюцца.

Узвышшы каля Вісока — прыродныя геалягічныя ўтварэньні, адназначна сьцьвярджаюць вучоныя з факультэту горнай справы і геалёгіі Басьнійскага ўнівэрсытэту. Тутэйшыя ўзвышшы — прыклад клясычных сэдымэнтальных утварэньняў і адкладаў рознай таўшчыні, якіх шмат у горным раёне Сараева‑Зеніца.

У ваколіцах Вісока самыя раньнія паселішчы адносяцца да нэаліту і датуюцца 5 тыс. да н.э. Найбольш яркія старонкі мясцовай мінуўшчыны зьвязаны з старажытнымі ілірыйцамі і насельніцтвам часоў Рымскай імпэрыі. У сярэднія вякі на гары знаходзілася ўмацаваная рэзыдэнцыя мясцовых каралёў, якая ўзьнікла на месцы фартэцыі рымскага пэрыяду, а тая ў сваю чаргу будавалася на руінах больш раньняга паселішча. Ні з адным з гэтых пэрыядаў, сьцьвярджаюць спэцыялісты‑археолягі, нельга атаясамліваць будаўніцтва якіх‑небудзь пірамід.

Амэрыканскі археоляг, прафэсар Бостанскага Ўнівэрсытэту Куртыс Ранэлз, які спэцыялізуецца на вывучэньні дагісторыі Грэцыі і Балкан, пракамэнтаваў заявы басьнійца так: калі верыць Асманагічу, піраміды будавалі людзі часоў позьняга палеаліту. Але ў той час насельнікі рэгіёну, як дарэчы і іншых частак Эўропы, былі радыя будану са скур і вогнішчу. Манумэнтальная архітэктура тыпу пірамід ня сьнілася ў тыя часы нават жыхарам берагоў Нілу. Паміж 27 000 і 12 000 гадамі да н.э. Балканы знаходзіліся ў зоне апошняга ледавіковага максымуму — пэрыяду зь вельмі халодным і сухім кліматам. Многія горы былі пакрытыя лёдам.

У чэрвені 2006 г., у самы разгар раскопак на т.зв. пірамідзе «Сонца», мясцовасьць наведаў брытанскі археоляг, прафэсар Энтані Гардынг — прэзыдэнт Эўрапейскай асацыяцыі археолягаў. Пасьля агляду гары і месца раскопак ён заявіў, што гара мае толькі натуральнае паходжаньне. Ён не знайшоў на ёй аніякіх доказаў існаваньня пірамід.

«Пірамідаідыёты» руйнуюць сапраўдныя помнікі

Рэшткі збудаваньняў, якія час ад часу трапляюцца Асманагічу, па словах спэцыялістаў, маглі застацца ад Сярэднявечча.

Некаторыя экспэрты абразьліва называюць каманду Асманагіча «пірамідаідыётамі». Асманагіч казаў, што ў яго групе археолягаў шмат кваліфікаваных спэцыялістаў з розных краін. Пазьней некаторыя з названых ім навукоўцаў публічна заявілі, што ніколі не падтрымлівалі згаданы праект і не давалі згоду ўдзельнічаць у ім. Асобныя ўдзельнікі праекту праз пэўны час расчаравана пакінулі каманду Асманагіча.

Нечаканую падтрымку, пасьля наведваньня раскопак, аказаў Асманагічу эгіпэцкі геоляг Алі Баракат. Паводле яго заключэньня, гара зьяўляецца «разнавіднасьцю пірамід, але, напэўна, прымітыўнай пірамідай». Аднак спэцыялісты не далі веры Баракату. На гэта было шмат прычын. Напрыклад, ён паведаміў прэсе, што ў Босьнію ў якасьці экспэрта па пірамідах яго накіраваў вядомы эгіптоляг доктар Зані Хавас — генэральны сакратар Эгіпэцкага камітэту старажытнасьцяў. Пазьней высьветлілася, што паездка ў Босьнію — асабістая ініцыятыва Бараката. Дый Баракат не зьяўляецца спэцыялістам па пірамідах. Сам Зані Хавас глыбока перакананы ў тым, што «басьнійскія піраміды» — геалягічныя ўтварэньні, якія ня маюць аніякай сувязі зь пірамідамі Эгіпту.

Вялікая група басьнійскіх археолягаў і геолягаў у сваім лісьце, апублікаваным у сакавіку 2007 г., адзначае, што раскопкі, якія праводзяцца пад кіраўніцтвам Асманагіча, прыводзяць да разбурэньня неалітычных і сярэдневяковых напластаваньняў. Знойдзеныя артэфакты — чалавечыя косткі, розныя прылады працы, фрагмэнты керамічнага посуду — застаюцца неапублікаванымі і толькі час ад часу дэманструюцца прэсе. Найбольш верагодна, яны адносяцца да сярэднявечнага пэрыяду, калі на гары існавалі адпаведныя фартэцыі. А каманда Асманагіча, ігнаруючы рэальныя факты, спрабуе стварыць вакол сябе арэол таямнічасьці і веру ў мітычную цывілізацыю. Напрыклад, пішуць яны, так званыя «мэгаліты, якія скаціліся долу зь піраміды» альбо рэшткі «старажытных энэргетычных храмаў» ні што іншае як добра дасьледаваныя навукоўцамі басьнійскія надмагільныя камяні‑стэцьці. Зроблены ў раманскім стылі сярэдневяковы рэльеф крыжа ў крузе бачыцца ім «дыяграмай старажытных невядомых мэханізмаў». Спэцыялісты зьвяртаюць увагу на тое, што каманда Асманагіча не надрукавала ніводнай навуковай справаздачы па выніках раскопак.

Нягледзячы на жорсткую крытыку і адсутнасьць доказаў, што горы — гэта піраміды, Асманагіч працягвае шукаць. Пры відавочнай падтрымцы басьнійскіх уладаў ён стварыў фонд «Археалягічны парк: Фонд Басьнійскай піраміды Сонца», які мае свой ўэб‑сайт. З дасьледчых праграм фонду на 2006—2010 г. вынікае, што будзе рэканструявацца вяршыня піраміды «Сонца». У 2007 г. пачаліся раскопкі на гары Пльесэвіца — пірамідзе «Месяца». Наладжваюцца маршруты і праграмы для турыстаў. Вісока стала, на радасьць мясцовых жыхароў і адміністрацыі, адным з самых папулярных у краіне турыстычных цэнтраў. Асманагіч мае намер уключыць Басьнійскую даліну пірамід у сьпіс помнікаў усясьветнага значэньня, што яшчэ больш павялічыць турыстычны паток у Вісока.

А ўладам падабаецца

Басьнійскія навукоўцы настойліва раяць прыпыніць дзяржаўную падтрымку праекту, які кампрамэтуе басьнійскую навуку і набывае ўсясьветны скандальны розгалас. Аднак, пэўна, улады маюць ад праекту Асманагіча выгаду. Ім імпануе заява, што Босьнія зьяўляецца «калыскай чалавечай цывілізацыі». Летась выканаўца абавязкаў старшыні ўраду Босьніі‑Герцагавіны Сулейман Ціхіч інфармаваў генэральнага сакратара ЮНЭСКА Каіхіто Мацуура пра посьпехі ў дасьледаваньні гары каля Вісока. Мацуура, нібыта, паабяцаў паслаць туды групу экспэртаў, каб паставіць кропку ў справе басьнійскіх пірамід. Аднак сумнеўна, што яны прыедуць у Вісока. Найаўтарытэтнейшыя спэцыялісты ўжо зрабілі сваё заключэньне. Акрамя таго, вядомыя эўрапейскія археолягі ў чэрвені 2006 года накіравалі ў ЮНЭСКА ліст зь меркаваньнем пра бессэнсоўнасьць місіі і марную трату грошай, якія лепш выкарыстаць на іншыя сацыяльныя і культурныя праграмы. Прыезд экспэртаў ад ЮНЭСКА будзе абавязкова выкарыстаны Асманагічам дзеля падтрымкі яго псэўданавуковых ідэй.

Менавіта з‑за валюнтарызму ўладаў, якія не зьвяртаюць увагі на ўсеагульную крытыку ідэй і памкненьняў Асманагіча, працягваецца падтрымка авантурнага праекту ў разбуранай вайной Босьніі (маецца на ўвазе басьнійская вайна 1992 — 1995 гадоў — М.К.). Згаданы вышэй Энтані Гардынг у сваім лісьце рэдактару лёнданскай «Times» піша пра катастрафічнасьць сытуацыі ў сфэры аховы археалягічнай спадчыны ў Босьніі‑Герцагавіне. У краіне, багатай на дагістарычныя і сярэднявечныя старажытнасьці, многія зь якіх засталіся панішчаныя апошняй вайной, купка сумленных людзей безнадзейна спрабуе бараніць археалягічную спадчыну ад тысячаў вандалаў і марадзёраў. Да гэтай плоймы зьнішчальнікаў, — працягвае Гардынг, — дадаюцца багатыя прыхадні‑авантурысты, якія карыстаюцца беднасьцю краіны і рэалізуюць свае сумнеўныя праекты.

Мікола Крывальцэвіч

Сэмір Асманагіч і ягоная піраміда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0