02.06.2007 / 23:54

Маладыя й адукаваныя выбіраюць Эўропу Да Расеі хіляцца бяднейшыя і зайздросьлівыя 6

Цягу ў імпэрыю перабольшваць ня варта. Зрэшты, і з эўрапейскім выбарам ня ўсё так проста. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Прадоўжым пачатае папярэднім артыкулам знаёмства зь цікавымі зьвесткамі новага апытаньня НІСЭПД.

Адна з выразных тэндэнцыяў — працяг палярызацыі грамадзтва. У прыватнасьці, гэта тычыцца геапалітычнага выбару Беларусі.

Нагадаю, у сытуацыі гіпатэтычнага выбару між аб'яднаньнем з Расеяй і ўступленьнем у Эўразьвяз прапорцыя такая: 47,3% vs 34,7%. Год таму было 56,5% vs 29,3%, так што праэўрапейцаў паболела.

Вось выразная характарыстыка дзьвюх групаў: “…Ідэя аб’яднаньня з Расеяй у большай ступені падтрымліваецца жанчынамі, людзьмі сталага веку, меней адукаванымі, пэнсыянэрамі, а таксама жыхарамі ўсходніх рэгіёнаў краіны і болей дробных населеных пунктаў. Прыхільнікі заходняга вэктару заўважна маладзейшыя і болей адукаваныя. Сярод іх болей працаўнікоў недзяржаўнага сэктару, студэнтаў і навучэнцаў, а таксама жыхароў заходніх рэгіёнаў краіны і болей буйных пасяленьняў”.

Яшчэ пара штрыхоў: прарасейская публіка болей бедная і меней талерантная да заможных суайчыньнікаў (32% зь яе ліку ставяцца да багацейшых адмоўна, у той час як сярод праэўрапейцаў такіх нядобразычліўцаў толькі 17,3%). І разам з тым прарасейцы меней схільныя далучыцца да акцыяў пратэсту ў выпадку, калі матэрыяльнае становішча пагоршыцца. Вось вам мэнтальнасьць: буду зайздросьціць багацейшым, але што да змаганьня за лепшае жыцьцё — хай іншыя лоб падстаўляюць!

Тут усё настолькі красамоўна, што і камэнтаваць, бадай, ня варта. (Хіба што застаецца гадаць, чаму да Расеі, дзе жаноцкая доля заўжды была нялёгкай, болей цягнуцца кабеты. Мо яны самі патлумачаць? :-)

Зрэшты, вось які момант важны. Ня варта думаць, што ўсе прыхільнікі расейскага выбару гатовыя так вось узяць ды і ахвяраваць незалежнасьцю. Пэрыяд “саюзнага будаўніцтва”, калі прапагандаваўся фантастычны пражэкт агульнае дзяржавы пры захаваньні двух сувэрэнітэтаў, многім проста затлуміў мазгі. Калі ж ставіцца болей дыфэрэнцыяванае пытаньне пра варыянты стасункаў з усходняй суседкай, дык за зьліцьцё ў дзяржаву з адным прэзыдэнтам, сьцягам, войскам, валютаю і г.д. выказваюцца толькі 8,3%. Іншыя ж — за хаўрус незалежных дзяржаў (43,5%) або увогуле за такія ж дачыненьні, які і зь іншымі краінамі СНД (41,6%).

Так што цягу ў імпэрыю перабольшваць ня варта. Зрэшты, і з эўрапейскім выбарам ня ўсё так проста. Хай палітыкі-эўраэнтузіясты надта не лунаюць у эмпірэях :) Паводле сацыёлягаў, Эўропа ў беларусаў найперш асацыюецца з заможнасьцю, дабрабытам. І значна радзей — з палітычнымі каштоўнасьцямі. Звыш таго, у грамадзтве расьце праслойка тых, каго сацыёлягі называюць ізаляцыяністамі. Маўляў, ня трэба нам ні Расея, ні Эўропа, пражывем неяк самі па сабе. Іх доля ўзрасла да 28,8% (пры канцы 2005 году было толькі 18%).

Станоўчая гэта зьява ці не? Як заўважаюць аўтары апытаньня, “на ладнай дыстанцыі ад ўсясьветных цэнтраў уплыву трымаюцца і Швайцарыя, і Паўночная Карэя, але сытуацыя ўнутры гэтых краінаў адрозьніваецца кардынальна”.

Так што гэты фэномэн ізаляцыянізму трэба яшчэ асэнсаваць. Застаецца спадзявацца, што дурняў жыць, як у КНДР, усё ж няшмат :-)

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Zhauranak / Адказаць
03.06.2007 / 03:26
Тыповая жанчына дыктатуры была намаляваная шчэ ў "1984", якая пела песьні, напісаныя машынай:) Думаецца, што шмат "ізаляцыяністаў" ведаюць, што пройдзе яшчэ ня дзесяць год перад тым, як Беларусь зможа падаць заяўку ў ЭЗ.
0
Dz - Zhauranak / Адказаць
03.06.2007 / 12:13
"Беларусь зможа падаць заяўку ў ЭЗ" Таварыш рэвалюцыянэр, а вы чулі, як ўчора у Нямечынне камуністамі было зьбіта больш за 300 паліцэйскіх (27 у цяжкім стане)? Калі зьявіцца эўрапейскі Піначэт?! Пытаю я сам сябе...
0
Zhauranak 2 DZ / Адказаць
03.06.2007 / 14:28
Шаноўны, на наянавісьці нічога не пабудуеш. З камунізмам варта змагацца толькі мэтадамі адукацыі насельніцтва аб перавагах вольнага рынку і дэмакратычнасьці. Дарэчы, я не зразумеў Вашую прэтэнзію...
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру