03.06.2007 / 10:53

Праверка на шалудзівасьць :-) Антыглябалізм і калізіі айчыннай прапаганды 6

У нямецкім Ростаку падчас вулічных сутыкненьняў пацярпела болей за 400 паліцыянтаў. Як і чакалася, далі дыхту антыглябалісты. На саміты "вялікай восемкі" яны зьлятаюцца бы мухі на мёд. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

У нямецкім Ростаку падчас вулічных сутыкненьняў пацярпела болей за 400 паліцыянтаў. Як і чакалася, далі дыхту антыглябалісты. На саміты "вялікай восемкі" яны зьлятаюцца бы мухі на мёд.

Для Беларусі антыглябалізм ёсьць зьявай даволі экзатычнай — у немалой ступені праз нашу сытуацыю напаўізаляцыі. Даводзіцца тлумачыць шырокай публіцы сутнасьць зьявы. Вось, дарэчы, грунтоўны артыкул Віталя Сіліцкага з разглядам усіх нюансаў. Напісаны ў 2003-м, але добра чытаецца і сёньня.

Разам з тым цікава назіраць, як матляе ў асьвятленьні антыглябалізму айчынную прапаганду. У штатных ідэолягаў здараецца калізія крытэраў. Адна рэч — камэнтаваць масавыя акцыі айчыннай апазыцыі. Тут усё зразумела: "Шалудзівыя людзі!". А вось антыглябалісты — нібыта ідэйна блізкія. Услаўляюць Чавэса (а то і Лукашэнку!), ганяць нахабных янкі зь іхным агрэсіўным лібэралізмам. Так што выступы антыглябалістаў беларуская прапаганда раз-пораз скарыстоўвала дзеля антыімпэрыялістычнай рыторыкі, крытыкі гегеманізму ды несправядлівасьці аднапалярнага сьвету.

Акрамя ўсяго іншага, калі тамтэйшая паліцыя мусіць разганяць антыглябалістаў дручкамі ды слезацечным газам, дык і дзеяньні айчыннага АМОНу выглядаюць не такімі ўжо брутальнымі. Няма чаго, маўляў, закідаць нам здушэньне палітычных пратэстаў! У сваім воку бервяна ня бачыце!

Іронія ж гістарычнага лёсу палягае ў тым, што чым далей, тым болей беларуская ўлада мусіць лічыцца менавіта з тэндэнцыяй глябалізацыі. Страта расейскіх датацыяў хоцькі-няхоцькі штурхае да пошуку паразуменьня з краінамі "залатога мільярду". Як ні круціся, а менавіта там крэдыты і сучасныя тэхналёгіі. Мяняецца рыторыка ў дачыненьні да МВФ. Нікуды не падзецца і ад Усясьветнай гандлёвай арганізацыі. Дый лёзунгам сацыяльнай дзяржавы ў піку іхняму бяздушнаму лібэралізму ўжо надта не памахаеш, пасьля таго як мусілі адабраць ільготы ў студэнтаў ды інвалідаў.

Дый увогуле, халера іх разьбярэ, гэных антыглябалістаў! Могуць выйсьці і з лёзунгам "Свабоду палітвязьням!". Гэта вам не пікет БРСМ. Ненадзейная публіка!

Карацей, цяжка стала жыць афіцыёзнаму прапагандысту. Трэба чухаць патыліцу і гадаць, які з падвойных стандартаў ужыць для чарговага камэнтару. Яшчэ хваліць тых антыглябалістаў ці ўжо бэсьціць, як пачалі бэсьціць Крэмль па сканчэньні эры танных энэрганосьбітаў? :-)

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Dz / Адказаць
03.06.2007 / 12:23
Антыглябалісты услаўляюць Чавэса (а то і Лукашэнку!), ганяць нахабных янкі зь іхным агрэсіўным лібэралізмам. ЭКАНАМІЧНЫМ лібералізмам. Лібералізм бывае розны. Гэтыя антыглябалісты-марксісты усе спрэс крайнія ультралібералы менавіта ў сацыяльным пляне, усе пад наркатой і ўсе за распусту. А амэрыканцы збольшага ў сацыяльным пляне кансэрватары.
0
Аляксандар КЛАСКОЎСКІ to Dz / Адказаць
03.06.2007 / 14:17
"Лібералізм бывае розны". ================ Цалкам маеце рацыю. Дадамо, што амэрыканцы вызнаюць ня толькі эканамічны, але і ПАЛІТЫЧНЫ лібэралізм -- з акцэнтамі на вяршэнстве закону, свабодзе слова і г.д. Пад лібэралізмам жа САЦЫЯЛЬНЫМ звычайна маюць на ўвазе гарантыі забесьпячэньня базавых патрэбаў, так званых пазітыўных правоў. То бок ён бліжэйшы да панятку сацыяльнай абароны. Што ж да наркаты і распусты, то гэта хутчэй КУЛЬТУРНЫ лібэралізм. І тут амэрыканцы сапраўды пас :-)
0
Звычайны хлапец / Адказаць
04.06.2007 / 00:00
Вось нядаўна бачыў па Эўраньюс, як у гэтай калёне антыглябалістаў лунаюць СССРаўскія чырвоныя сьцягі. Ўсё зразумела - вядомая рамантычнымі мітамі аб сацыялізме, гэтая моладзь ніколі не зразумее тых, хто пры ім некалі жыў. І Чавес, і Чэ Гевара - гэта ўсё адзіны вялікі міт, які будзе жыць яшчэ некалькі дзесяткаў гадоў.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру