Абаронцы кляштарнага комплексу XVII ст. Івона Мацукевіч і Ганна Сіўчык сустрэліся са старшынём Менгарвыканкаму Міхаілам Паўлавым. На сустрэчы актывісткі ад імя вернікаў спрабавалі даведацца пра лёс кляштара і касьцёла бэрнардынаў, якія ўлады плянуюць перабудаваць пад гасьцінічны комплекс.

Паводле слоў І.Мацукевіч, на сустрэчы Міхаіл Паўлаў заявіў, што «яны — улада і яны вырашаюць, што будуць будаваць і як будуць выкарыстоўваць той ці іншы будынак». Кіраўнік Менгарвыканкаму пацьвердзіў ранейшыя пляны перабудовы кляштару пад гандлёва‑бытавы і гасьцінічны комплексы.

На пытаньне пра лёс касьцёлу Паўлаў адказаў, што будынак храму будзе перададзены ў камунальную ўласнасьць і прыстасаваны пад аб’ект культурна‑бытавога прызначэньня. Разам з гэтым, Паўлаў запэўніў, што будынак касьцёлу ня будзе «зьняслаўлены».

Падчас гутаркі Міхаіл Паўлаў спаслаўся на экспэртызу будынкаў, праведзеную Міністэрствам культуры, якая ня выявіла ў іх «нічога сьвятога».

— Калі мы папрасілі яшчэ раз падумаць, мэр сказаў, што «Мы так вырашылі, мы — ўлада, нам трэба карміць людзей», — кажа Івона Мацукевіч.

***

Тым часам, паводле зьвестак БелаПАН, у абарону гістарычнай спадчыны на Кірылы і Мяфодзія сабрана каля 20 тысяч подпісаў.

Праз абшчыну сьвятога Язэпа прайшло 10.126 подпісаў, адрасаваных Адміністрацыі прэзідэнта. «Прыкладна такая ж колькасць подпісаў была сабрана ў розных гарадах краіны і накіравана кіраўніку дзяржавы, мінуючы нашу абшчыну», — зазначыла І.Мацукевіч.

Паводле: Вадзім І., help.ratz.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0