2 чэрвеня нацыянальная футбольная зборная правяла ў Менску адборачны матч да першынства Эўропы‑2008. Нашы прайгралі баўгарам — 0:2. Прайгралі па заслугах. Даўно не даводзілася бачыць нашу каманду такой слабой і безыніцыятыўнай.

Пасьля гэтага паражэньня беларусы згубілі практычна ўсе шанцы, каб трапіць на чэмпіянат Эўропы. У прынцыпе, нічога дзіўнага не адбылося, бо айчынная зборная ад 1992 г., калі яна правяла першы афіцыйны матч, яшчэ ніколі не гуляла на топ‑спаборніцтвах.

Усе суседзі, апроч літоўцаў, прабіваліся на чэмпіянаты Эўропы ці сьвету. Расейцы і латышы гулялі на Эўра‑2004, украінцы і палякі бралі ўдзел у леташнім мундыяле.

Самае дзіўнае і крыўднае, што прыкладную сілу гэтых каманд можна супаставіць зь сілай беларусаў. Характэрна, што ў суботу два галы ў браму Юр’я Жаўнова забіў лідэр баўгарскай каманды Дзімітар Бербатаў з ангельскага «Тотэнгэма Готспур». Наш лідэр Аляксандар Глеб быў здольны толькі на тое, каб бясьсільна разводзіць рукі ўбок.

Глеб і Бербатаў адразу па сканчэньні чэмпіянату прэм’ер‑лігі накіраваліся па розных адрасах. Бербатаў на Радзіму, каб працягнуць падрыхтоўку да матчу зборнай, Глеб — адпачываць на Канары. Ня дзіўна, што наша зорка выйшла на матч не гатовая да гульні. Таму і вынік адпаведны.

Лідэр тым і адрозьніваецца ад шараговага гульца, што ў самыя адказныя моманты ён у стане павесьці за сабой каманду. Тое, што зрабіў у суботу Бербатаў. Глеб жа яшчэ напярэдадні даваў свае прагнозы, што шанцы каманд прыкладна 70 да 30‑ці на карысьць баўгараў. Дык што казаць пра іншых футбалістаў, калі нават лідэр ня верыў у перамогу.

Часам думаецца, ці патрэбны камандзе ўвогуле Глеб? Летась пасьля матчу з Славеніяй ня вытрымаў шматгадовы капітан каманды Сяргей Гурэнка. У адным з інтэрвію ён расказаў, што Аляксандар Глеб разам са сваім братам Вячаславам езьдзяць на трэніроўкі асобнай машынай, а не з усёй камандай. Дарэчы, трэнэр зборнай Юры Пунтус летась таксама прызнаўся, што Глеб прыяжджае ў каманду толькі з умовай, што за яе будзе гуляць і Вячаслаў. У суботу малодшы з братоў Глебаў выйшаў на поле пад сьвіст трыбун.

Бяда Пунтуса, як і ягоных папярэднікаў, у тым, што ён так і ня здолеў распаліць у душах нашы гульцоў веру ў перамогу. У суботу кідалася ў вочы, як беларусы баяліся ісьці на кантакт з супернікам, класьціся ў падкатах. Наколькі гэта дысануе з той жа хакейнай зборнай, гульцы якой здольныя класьціся пад шайбы. У яе і ёсьць вынік.

Сышоў з зборнай яшчэ адзін лідэр, Максім Рамашчанка, ягонай адсутнасьцю ў нашым складзе дзівіўся трэнэр баўгараў. Сышоў праз рознагалосьсі з галоўным трэнэрам Юр’ем Пунтусам. Гэта заўсёдная бяда беларускіх трэнэраў, што яны ня ў стане аб’яднаць усіх мацнейшых ігракоў краіны. Згадваецца, як у 2001 годзе Эдуард Малафееў публічна выганяў з каманды Валянціна Бялькевіча і Аляксандра Хацкевіча, лідэраў зборнай у тыя часы.

Дзівіць таксама, што пасьля матчу ніводзін з гульцоў зборнай не падышоў да трыбунаў, каб падзячыць заўзятарам, якія амаль цалкам запоўнілі стадыён. І гэта ўжо становіцца нормай.

Раней шмат казалася, што зборную трэба памаладзіць. Пунтус зрабіў гэта, але выніку як не было, так і няма. Выніку ня будзе да той пары пакуль у краіне належным чынам не паўстане інстытут пераемнасьці зборных. У той жа Швайцарыі гуляць за нацыянальную каманду рыхтуюць ужо 14‑гадовых пацаноў. Яны з раньніх гадоў адчуваюць адказнасьць за краіну. Нашых жа гульцоў часам даводзіцца ўгаворваць прыехаць на чарговы збор.

Мы ня будзем гуляць на чэмпіянатах сьвету пакуль дзіцячыя трэнэры атрымліваюць жабрацкія заробкі і сьпівацца. Зборная — гэта толькі вяршыня айсбэргу. За якой ня бачныя тысячы праблем беларускага футболу. Футбольная інфраструктура наладжаная толькі ў 2‑3 беларускіх клюбах. Іншыя вырашаюць ставіць на легіянэраў. Малым зь менскай школы «Дынама» даводзіцца трэніравацца на асфальце. І, як ня дзіўна, нават зь іх вырастаюць гульцы эўрапейскага маштабу. Такі стан рэчаў ня толькі ў футболе, але ва ўсіх гульнявых відах спорту Беларусі (пэўна, апроч хакею). Пакуль мы ня вырашым гэтыя праблемы, то чэмпіянаты сьвету па‑ранейшаму будуць праходзіць без нас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?