Лабковiчу дазволiлi чытаць

Два месяцы знаходзiцца ў засьценках рэжыму непаўналетнi Вадзiм Лабковiч i крыху старэйшы за яго, васямнаццацiгадовы Алесь Шыдлоўскi. Днямi Вадзiму нарэшце далi магчымасьць сустрэцца з матуляю. Аднак наглядчыкi папярэдзiлi спадарыню Ядзьвiгу, каб яна не паведамляла сыну нiчога, што датычыць сьледзтва. Вадзiм вельмi абурыўся, калi даведаўся, што пры вобшуку забралi ягоныя сьцягi.

Акрамя спатканьня, Вадзiму Лабковiчу дазволiлi мець пры сабе падручнiкi. Аб’ектыўнай iнфармацыi зь незалежнай прэсы ён па-ранейшаму пазбаўлены. Другога лiстапада ягоныя аднаклясьнiкi разышлiся на канiкулы. Заканчваецца першая чвэрць школьнага году.

Тэрор на транспарце

28 кастрычнiка ў 11 гадзiнаў 40 хвiлiнаў дня быў зроблены напад на тралейбус №27, якi iшоў па маршруце «Вакзал —мiкрараён «Кунцаўшчына». Здарэньне адбылося на адным з прыпынкаў на вулiцы Казiнца, насупраць мясакамбiнату. Асобы мужчынскага i жаночага полу з жэтонамi кантралёраў лiтаральна ўварвалiся ў салён, захапiлi некалькiх пасажыраў i зьмясьцiлi iх у мiлiцэйскi аўтобус, якi стаяў перад тралейбусам. Ахвярамi сталi пераважна жанчыны. Дасьведчаныя грамадзяне кажуць, што такiя кантралёрскiя напады на пасажыраў у сталiцы Беларусi практыкуюцца ня першы дзень. Праўда, цiкавае вось што: маршрут 27-га тралейбуса пралягае праз раён, дзе знаходзяцца iнтэрнаты вытворчага аб’яднаньня «Iнтэграл». А як вядома, 27 кастрычнiка на адным з прадпрыемстваў гэтага аб’яднаньня (завод «Электронiка», дзе таксама працуюць перважна жанчыны) рабочыя аб’явiлi забастоўку.

У правiнцыi iдзе вайна. Хлебная

Безь перабольшаньня грамадзянскае супрацьстаяньне разгарнулася памiж старшынём Будслаўскага сельсавету i жыхарамi мястэчка Будслаў i навакольных вёсак. А каменем сутыкненьня стаў... хлеб. Рэч у тым, што вяскоўцы не жадаюць купляць дрэнны хлебапрадукт, якi вырабляюць у Мядзеле i развозяць па крамах раёну, а набываюць нармальны ядкi хлеб у аўталаўцы, якая прыходзiць з Докшыцаў. Хлебная iнтэрвэнцыя з суседняга раёну Вiцебскай вобласьцi выгадная людзям, але падрывае i без таго слабую эканамiчную базу Мядзельшчыны.

У гэтай сытуацыi, якая, зрэшты, i адпавядае мэтам «рынкавага сацыялiзму», старшыня сельсавету, нехта Мельнiкаў, а таксама раённыя «вэртыкальшчыкi» ня могуць прыдумаць нiчога лепшага, як угаворваць людзей не купляць добры, але «чужы» хлеб, таму што, бачыце, выручаныя грошы iдуць у бюджэт iншага раёну. З мэтаю правядзеньня сярод насельнiцтва «растлумачальнай» работы ў Будслаў прыяжджалi «таварышы зь Мядзела». Аднак вяскоўцы далi «таварышам» аргумэнтаваны адлуп. Адна жанчына для параўнаньня прадэманстравала прысутнаму начальству два боханы хлеба: докшыцкi i мядзельскi. I аказалася, што докшыцкi бохан акрамя таго, што каштуе таньней i выразна лепшай якасьцi, дык яшчэ й важыць на трацiну больш. Пра гэты выпадак напiсала нават «народная» газэта «Нарачанская зара». Тым ня менш, вадзiцель докшыцкай аўталаўкi застаецца ворагам №1 як для мядзельскiх партачоў хлеба, так i для старшынi Мельнiкава. Гандаль на «чужой» тэрыторыi працягваецца. Начальству, каб вырашыць праблему, застаецца хiба што даць «заказ» кiлеру. Альбо сьлёзна малiць «вэртыкаль», каб арганiзавала новы ўказ. Напрыклад, такi: «О недопущении употребления доброкачественных хлебов, ибо оное споспешествует умственному развитию электората, чему и должны быть поставлены всяческие преграды».

Раман Гарт

Ад карэйцаў да апачаў

Чарговая канфэрэнцыя, арганiзаваная Мiжнароднай Акадэмiяй вывучэньня нацыянальных меншасьцяў (АНМ), адбылася 7 кастрычнiка ў Менску i была прысьвечаная праблеме вызначэньня паняцьця i канкрэтным прыкладам дэпартацыi. Iнiцыятарам у канцы 1996 г. выступiла Асацыяцыя беларускiх карэйцаў, якая рыхтавалася ўшанаваць памяць дэпартаваных 60 гадоў таму выхадцаў з Карэi, што жылi на Далёкiм Усходзе СССР.

Найбольшую мэтадалягiчную вагу меў уступны даклад прэзыдэнта АНМ праф. С.Яцкевiча, якi стварыў уражаньне прэцэдэнту: прысутныя не змаглi прыгадаць iншых грунтоўных разглядаў праблемы за апошнi час у навуковых асяродках як блiзкага, так i далёкага замежжа.

У праграму выступленьняў былi ўключаныя прадстаўнiкi Палестыны, Польшчы, Якуцii, Казахстану, Украiны, Расеi i шасьцi гарадоў Беларусi (Берасьце, Гомель, Горадня, Магiлёў, Мазыр i Менск). Прыкладна палова дакладаў асьвятляла гiсторыю дэпартацыi насельнiцтва зь Беларусi, другая частка тычылася пэўных народаў: палякаў, немцаў, татараў, украiнцаў, карэйцаў, палестынцаў, iндзейцаў апачаў, якiя станавiлiся ахвярамi дэпартацыi.

Матэрыялы гэтай важнай мiжнароднай навуковай канфэрэнцыi прадстаўленыя ў выданьнях: «Дэпартацыя як сацыяльная праблема: Тэматычны зборнiк навуковых працаў» (Берасьце, 1997) i «Весьцi АНМ. Штоквартальны iнфармацыйна-навуковы часопiс «Нацыянальныя меншасьцi на Беларусi i ў сьвеце» (1997, №3, с.24-44).

Алесь Сiмакоў,

выканаўчы сакратар Беларуска-iндзейскага таварыства

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0