КАРЧМА

Шум, крык, гоман у карчме,

Кiпiць сельская дружына,

Пiва, мёд, гарэлку п’е,

Ажно курыцца чупрына.

Гаспадары за сталом

Громка гутарку вядуць,

А ляндарка зь ляндаром

Мёд, гарэлку раздаюць

Хлопцы, дзеўкi, маладзiцы

Ля парога гаманяць,

А старыя чараўнiцы

Цiшком ля печы сядзяць.

Вiнцук Дунiн-Марцінкевiч

 

Калi я прыгадваю паданьне пра чараўнiка Менеска, то чамусьцi ўяўляю замест ягонага вялiкага каменнага млына, адкуль, як вядома, па начох чулiся дзiўныя крыкi, галёканьне, песьнi, музыка i скокi — iншую будынiну — карчму.

Ня ведаю, цi шмат людзей бачылi чароўную «хатку» Менеска, калi яна гойсала па-над зямлёй у пошуках прыгодаў, а вось раскiданыя паўсюль сапраўдныя корчмы бачыла i не абмiнала багата «люду паспалiтага».

Карчма — своечасовы прытулак. Карчма — злачынны кут. Карчмар абагрэе, накормiць i напоiць. Карчмар жа абрабуе i ашукае. I тым ня менш гэтае няпэўнае месца не заставалася без наведнiкаў. Адных сюды прыбiвала непагадзь, другiх — далёкi ад дому гандаль. Iншыя ж, сталыя, проста бавiлi час, бо ногi самi вялi такiх у адваротны бок ад уласнае хаты.

Карчма была месцам спакусьлiвым, бо мела нейкi падвойны статус. З аднаго боку гэта было месца, дзе часам чалавек губляў праз гарэлку чалавечы твар, дзе можна было пачуць моцныя словы, або адведаць пякучых кухталёў. Нават выраз «карчомная лаянка» ня трэба было тлумачыць, бо ён трывала ўвайшоў у тутэйшы абiход. З другога боку, наведаньне карчмы, застольле — стары звычай, нават завядзёнка такая... «пришол был в добрый обычай, хотечи собе казат дати меду або пива...», цi «... будучы на складу брацким пивном, который... зготовали были водлуг обычаев своих стародавних...»

Дзеля чаго зьбiралiся людзi ў карчме? Адпачыць, пазбыцца турботаў, павесялiцца. «Толькi i балю, што ў карчме». Пiва, мёд, квас, гарэлка «аквавита» — традыцыйныя напоi беларускiх корчмаў дый шынкоў. Мёд згадваецца прэсны, кiслы, сычоны, стары з карэньнем. Пiва — насеньня пшанiчнага, ячнага, квас яблычны. У Статуце прыгадваюцца яшчэ i некаторыя гатункi вiнаў: «мушкатела», «малмазея». У карчме можна было згуляць у карты, бiркi, паслухаць музыкаў ды паскакаць. Сярод наведнiкаў карчмы згадваецца скамарох Iвашка з «трубой мосендзовой». Сярод музычных iнструмэнтаў — кобза, дуда, скрыпка.

Будавалiся корчмы ля скрыжаваньняў дарог, пры ўезьдзе ў сяло, на кiрмашовых пляцах, ля ракi, маста, поплава, возера, млына, на ростанях дарог, «на гостинцу великом», на рагу вулiцы... У сутоньнi карчмар палiў ля будынка вогнiшча, каб гэты своеасаблiвы маяк не абмiналi выпадковыя падарожнiкi. Удзень жа карчма мала чым розьнiлася ад звычайных сялянскiх хат. Звычайнае жытло з хаты i сеняў, часам з заездам для коняў, з калодзежам, з агароджай. Найбольш уражвала ўнутранае зьмесьцiва карчмы. Вось ужо пэўна стаяў бы гармiдар ад звону ды ляскату карчомнага начыньня, надумай апошняе, як той млын, узьняцца ўгару ды пакруцiцца над хмызьнячкамi... Катлы медныя пiўныя i гарэлачныя, ночвы, каўшы, вёдры, ушаты, кадкi, фляшкi, бочкi, кварты «з носаткою», кацялкi «мосяжовыя», мiсы драўляныя, талеры «цыновыя», куфлi, чаркi, «шкленiцы» вялiкiя i малыя, трыногi медныя, накiўкi, чарапкi, меднiцы, лаханкi, кавдопы, ды, мусiць, безьлiч яшчэ якога «посудка» былi пад рукой гаспадара карчмы i ягоных памочнiкаў.

Карчмiт звычайна трымаў карчму арэндай у заможнага пана (бо Статут сувора забараняў шляхце займацца гандлем, цi мець у доме шынок) i быў досыць заўважальнай постацяй сярод мясцовага люду. Яго ведалi гэтаксама, як i млынара, i каваля, а пэўна i болей, бо на старонках актавых кнiг гэты тыпаж — адметны герой свайго часу. Рэдка калi карчмару даводзiлася цiха рабiць сваю штодзённую працу. Часьцей быў бiты, цi бiў сам, краў, цi быў абрабаваны.

Як выглядаў карчмар? Вядома, па-рознаму. Але ж «поес ременный з мошною», дый «на том же поясе нож, огниво» былi, мусiць, шмат у каго, бо як жа бяз гэтага?

Хто толькi не наведваў карчму! Казалi ж «Шынок пры дарозе цягне што ў возе». Шматлiкi люд цясьнiўся на грубачасаных лавах, тулiўся да печкi, тупатаў на ганку, гаманiў... Найчасьцей то былi тутэйшыя людзi — «обыватели Великого Князства Литовского», збольшага знаёмыя адзiн аднаму: баяры, мужыкi, «голота», «возницы», «курвы», «волочник з шнуром» (той, хто мераў валокi зямлi), а то й «чоловек народу простого, в сермязе и лаптях, бородою и усами зарослый...» Усе былi навiдавоку. Варта было аднаму хлопцу трапiць пад падазрэньне ў крадзяжы грошай, як тут жа прыгадалi, што апошнiм часам «... Пилип перед тым пенези никоторых не мевал, а тых прошлых часов... в корчмах мало не каждый день по двадцати грошей и больш на мёд пропивает... пироги куповал».

Асобна вылучаўся «люд подорожны, прыеждчы», «гости» — купцы. Iхныя вазы з таварам стаялi ў двары, а самi яны часам спынялiся i на начлег. Прытулак у карчме мог скончыцца i стратай купецкага дабра не без дапамогi карчмара. Пра падобнае здарэньне апавядаў купец, якi быў абрабаваны ў Мiхнавiцкай стадоле жыда-арандатара Абрама. Ён вяртаўся зь Вiльнi, i ў вынiку згубiў увесь свой набытак: «... товаров на одном возе было: селедцов бочок две, а на другом возе, на котором сам ехал, было товару вшелякого крамного, так полотна, речей разных, што одно колвек, яко чоловеку купецкому немало належало серпов, кос. Того всего товару на том возе было коп за 80, а иншого и спомнети не могу»

Ад злога стадольнiка пацярпеў таксама i радашкавiцкi ўраднiк Ян Рагульскi, якi з таварамi вяртаўся зь Менску дадому. Адно што здарэньне адбылося не ў самой карчме. «... толко выехали з Менска з улицы дорогою добровольною гостинцом великим... недоеждчаючы дороги ростаней, которая идёт з Менска до Боровлян... нет ведома для которое прычыны, наполнившыся воли своее, а взявшы злый умысл перед себе стодолник... именя Видогощского... Сасин Куляжыч сам з двема браты молодшыми... догонившы... зо две годины до вечора, не маючы до них жадное потребы и ниякое розмовы... кийми и розными бронями побили, помордовали и окрутне, а шкодливе поранили».

У сапраўдную пастку да карчмара патрапiў зямянiн Станiслаў Млажэўскi. Хоць напачатку ўсё выглядала нiбыта законна i прыстойна. Зь нейкiх прычынаў зямянiн вырашыў пакiнуць арандатару стадолы ў Сiмiлавiчах Яхiму i жонцы ягонай Гестры «до схованя» «скриню возовую зелезом окованую, замчыстую» за «замок их, ключы их». Але кажуць жа: «Карчмарова вока праз лахманы грыўны бачыць». Праз год земянiн «ездил, хотечы от них тую скриню свою одыскат... нижли тот Яхим... отдати и вернути ку великой шкоде не хочет...» Шкода была сапраўды вялiкая, бо пералiк зьмесьцiва скрынi зямянiна ўражвае. «В которой скрыни был мешок полотна чырвоного, в котором было зложоно серебра ламаного от шабли з ложками серебраными поломаными в розных штуках гривень шесть, поес великий серебраный с чатками и занклями старосвецкими... гузов великих серебраных гладких шеснадцать. В той же скрине была шуфлядка флядровая... в которой было: ланхцужок золотый... перстенок золотый з дыяментом спичастым... другой перстенок з рубином... монета одна паньцеровата... коралев великих двадцать, межы которыми было перел великих урынских десять... колпак оксамитный кормазыну чырвонага, кошуль музских коленских, тувални две коленских з лиштвами великими взоры... обрусов два... сервет коленских тузины два иншых речей дробных и справ розных немало было».

Быў у карчмара, зразумела, i iншы клопат. Як найлепш зварыць пiва, уцяплiць узiмку будынак карчмы, набыць сьвяжэйшага мёду... А дзеля гэтага трэба было прыкладаць пэўныя намаганьнi: дамаўляцца, вышукваць... Гэтак карчмар Марцiн Пекар, даведаўшыся, што ў вёсцы Жыдкавiчы пасьля леташняга мору апусьцелi тры «харомы», цiшком перавёз iх да сваёй карчмы ў Вiшава «... на дровы порубил, избы свои обогревал и пива уставниче варил гостям, людям перееждчим огни роскладал...» Калi ж зямянiн Матыс Хатылеўскi заўважыў зьнiкненьне пустых «хором» сваiх падданых, то зьвярнуўся па справядлiвасьць да суда i разам з возным пайшоў да карчмара. Той жа сустрэў iх варожа, бо чужое дабро ужо звыкся лiчыць сваiм. «... и вырвавши тычину с плота на Матыса набегал, хотечи его ударити... за груди торгал... и тычиною в груди и в бок торкал... шкаредными словами лаял: вы, злые люди, пошто тут, до дому моего приходите, хто вас вижами... на мене смеет дати, не здоровы тут от мене выйдете!»

Бывала, што карчмар не вытрымлiваў цяжару сваёй працы i ўсё часьцей сядаў за сталы разам са сваiмi наведнiкамi. Урэшце гэта сканчалася трагiчна. Сьведкам i саўдзельнiкам такога здарэньня быў возны, пра што i даў запiсаць у судовую кнiгу: «Был в стодоле, в корчме Переджырской... там нашол и зостал арендара тое стодолы Федора Грынковича зыншыми людьми обчыми горелку пьючы, где я, будучы, пил з ними горелку, то... тот арендар... опившыся горелки, почал умдлевать, и жона его Зейха, видечы... снегом, водою утирала и обливала, розумеючы, иж бы то ему помоцно было, леч ничого оному не помогло, але мусял с того опильства з сего света смертю зойти, умерти».

Сама карчма часам была месцам бою, гвалту, нападу, сапраўднай «гарачай кропкай». Пэўна гарачай, бо часьцяком усё сканчалася агнём. Гэтак падданыя Станiслава Паца «попившы в стодоле мёд, пиво и горелку...», спалiлi карчму над ракою Ушою зямянiна Властоўскага «... огнистыми стрелами прыправными губку з серою — в нивеч обернули дощатку...» Падданыя ж князя Крыштапа Радзiвiла зь вёскi Павялкова, зьбiўшы ў Петрыкаўскай карчме карчмара, ягоную жонку i служэбнiцу, гразiлiся «... мало на том, иж арендара, жону и служебницу его збили, але ещо постараемосе и з стодолою соломою обволокшы огнём запалате...» Пажар мог узьнiкнуць у драўляным будынку таксама з-за сьвечкi, з-за печкi... «мещане Грицко, Пашко, Федор маючы з собою на возех товар, тоест соль белую, ехали до места Слонима, хотячи ее спродат... и заехали на ноч до стодолы... имения Лососинского. То пак дей оные мещане, яко люд подорожный, спрацованый в ноч были уснули... стодольница а господыня оное стодолы именем Соня Руска топила избу и в недоизренью её от того огня стодола запалила. Оные мещане, видячи таковый гвалт от огню, яко люд сонный, аж ледво в окны повтекали...»

П’яны карчомны кураж мог перарасьцi ў шаленства i безразважнасьць. Для людзей, якiя парушалi спакой, учынялi гвалт, нападалi на корчмы i iх гаспадароў, судовыя кнiгi мелi пэўныя азначэньнi: «зрушытели покою посполитого», «злочынцы,» гультаi, шкоднiкi, «зуфальцы», «чоловек опилы»... Чыста карчомныя сытуацыi ўзьнiкалi падчас гульнi ў карты цi сумеснага расьпiцьця: «куфлем с пивом у видене вдарил... пивом очи залил...», «карту, што играют... змочивши за печ закинул... очи мёдом залил», «у голову горшком забил». Часам людзi, што знаходзiлiся побач у карчме «бити не допускали» i выводзiлi «злодзеяў» прэч. Ратавалi ад магчымага калецтва. Апавядаў i скардзiўся у судзе зямянiн на зямянiна пра здарэньне на бяседзе: «почал мя шарпати и мачуку з рук моих рвати з слугою своим, а другому слузе своему казал мя с тылу кордом рубать, аж дей мя пасынок... ратовал и ззаду ранит не дал...» Сярод «зрушытелей спакою» траплялiся i кабеты, нават зямянкi. Гэтак пацярпеў ад слонiмскай зямянкi Мiхайлавай Рэзанавай «детина, который приглядает шинку в дому корчомном, жид Сролка». Разьюшаная кабета зьбiла яго i «шапку чорную куницами падшитую снела, и згинули грошы, которые люди напили».

Мэтай нападу на карчму быў перш за ўсё крадзеж грошай. Але ж рабаўнiкi не абмяжоўвалiся толькi гэтым. Часьцей за ўсё напiвалiся тым, што было, а рэшту вылiвалi проста на зямлю. Гэтак, у Белавiцкай карчме злачынцы «... защепки порубавши, мёд полубочок за семдесят грошей беручи пили, а иншое на землю розлили — горелки шест кварт, а воску два камени згинуло...» У Дзеравенскай карчме рабаўнiк «впершися в стодолу и до светлицы замок сек и шкоды немалые починил... бочок три пива по пети ушатков... з бочок на землю вылил». Пасьля нападу сама карчма выглядала ня лепей за параненага карчмара. Дзявяткаўскi ўраднiк пасьля агляду будынка пакiнуў у судзе наступны аповед: «видел на воротех с приезду Слонимского знаков тятых... увошедши у светлицу, по правой стороне у стене з ручницы стрелено, другий раз окном стрелено з местечка... и третий раз противку окна у стене стрелено, на тот час шкод корчмту стало: медовых пенезей згинуло три копы, пивных пенезей — рубл грошей, горелочных две копы...» Злодзеi таксама секлi дзьверы, аканiцы, брамы, крышылi посуд, перакульвалi сталы i лавы.

Памiраючы, уладальнiк карчмы, прыгадваючы ў тэстамэнце ўсю сваю маёмасьць, вызначаў таксама i яе лёс. Наступны фрагмэнт — словы апошняй волi слонiмскага баярына Федара Валовiча, яшчэ маладога мужчыны: «... дом в месте Слонимском на улицы Великой, идучи з рынку по правой стороне лежачий и к тому корчма вольная, в том же дому мёд, пиво, горелка... Корчму... тут у месте Слонимском даную от его королевской милости небожчику отцу моему за млын... отписую жоне, детем моим на вечные часы...»

 

Слоўнiк старабеларускай
актавай мовы

бирки — жэрабя

чатки — падвескi, упрыгожаньне

занкли — спражкi цi гузiк

кармазын — сукно цёмна-чырвонага колеру

тувальня — шырокi ручнiк, завезены з Iталii

возны — судовы выканаўца

 

Вольга Бабкова

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0