«Я ўпэўнены, што краіна зробіць правільны выбар і прагаласуе за нашых дзяцей і ўнукаў», заявіў кандыдат на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч 19 сакавіка ў Менску адразу пасьля галасаваньня на выбарчым участку №13, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.

Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуўся да журналістаў і выказаў упэўненасьць, што ў Беларусі «настануць свабода, праўда й справядлівасьць». «Хачу яшчэ раз запрасіць прыхільнікаў пераменаў прыйсьці ўвечары на пляц сталіцы. Гэта будзе абсалютна мірны выхад людзей з кветкамі, сьвята свабоды. Якімі б афіцыйныя вынікі галасаваньня ні былі, людзі прыйдуць на плошчу, каб сказаць: мы хочам жыць у свабоднай эўрапейскай і цывілізаванай краіне».

«Мы не зьбіраемся выбіраць прэзыдэнта на плошчы, бо няма такой традыцыі ў нашай краіне. Але мы будзем казаць, як праходзяць выбары і якія шанцы на свабоду мы маем. Калі будуць правакацыі, адказнасьць за іх ляжа на кіраўніцтва Беларусі», заявіў А.Мілінкевіч. Паводле ягоных слоў, выбары ідуць «зь цяжкасьцямі, бо практычна ўсе актывісты абласных і раённых структураў арыштаваныя, а большасьць людзей сядзіць у турмах. За пэрыяд выбарчай кампаніі затрымана болей за тры сотні актывістаў нашых штабоў, з 30-ці маіх давераных асобаў 9 знаходзяцца ў турме».

Мілінкевіч адзначыў: самыя лепшыя вынікі выбараў адбыліся ў розумах людзей. «Людзі вызваліліся ад страху, сталі больш сьмелымі й актыўнымі, краіна палітызавалася. Я вельмі рады гэтаму, бо беларусаў заўсёды папракалі за пасіўнасьць і няўменьне адстаяць свае правы», падкрэсьліў А.Мілінкевіч. А затым рашуча дадаў: «Мой арышт стане хуткім канцом улады».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0