Другое прышэсьце Каралеўства

3 трэцяга да дзевятага лiстапада ў Варшаве працавала выстава «Каралеўства Беларусь». З iнiцыятывы Фундацыi iмя Стэфана Баторыя акцыя, распачатая за месяц да таго ў Падкове Лэсьнэй, атрымала працяг у «Аўдыторыюм Максымум» Варшаўскага Унiвэрсытэту. Удзельнiкi — тыя ж мастакi, чые працы былi выстаўленыя ў Падкове, — Артур Клiнаў, Вiктар Пятроў-Хруцкi, Алена Адамчык, Мiхал Баразна, Iгар Саўчанка, Юры Дарашкевiч, Дзянiс Раманюк ды iншыя. На жаль, ня ўсе працы ўдалося паказаць ва Ўнiвэрсытэце. Не было ўжо й пэрфомансаў, сьпеваў, фэервэркаў. Але iнтэлектуальны асяродак Варшавы прадэманстраваў сваю зацiкаўленасьць да фэномэну новага беларускага мастацтва, да культуры краiны так блiзкай да Польшчы i гэтак адарванай сёньня i ад яе, i ад усяго цывiлiзаванага сьвету.

Мантаж выставы пачаўся яшчэ ў нядзелю i працягваўся амаль увесь панядзелак — дзень адкрыцьця. У перапынках памiж лекцыямi па пляцоўцы праносiўся натоўп студэнтаў. Адны з кубачкам кавы з аўтамату, гамонячы, перакрочвалi праз раскладзеныя рамкi, нехта запавольваў крок, спыняўся перад абразамi, разглядаў iнсталяцыi. Раптам, падымаючы шчыт зь цяжкiмi фота, адчуваеш, што ён пайшоў дагары сам — хтосьцi падтрымаў, нехта працягнуў малаток з падлогi. Пытаньнi — «гэта адкуль — зь Мiньска?», «панове — бялорусiнi?», «а мы й ня думалi, што ў вас ёсьць такое», «а калi адкрыцьцё?», «а як прозьвiшча мастакоў? Яны таксама — бялорусiнi?», «а будуць каталёгi?», «а творы можна набыць?», «а як у вас там жыцьцё, насамрэч — дыктатура?», «а колькi будзеце яшчэ цярпець вашага Лукашэнку?», «а ў вас ёсьць Салiдарнасьць?» На ўсё, бадай што, адказаць немагчыма. Але можна лiчыць, што акцыя пачалася. Пачаткам яе, напэўна, стала зьяўленьне як з туману Артура Клiнава з пляшкай менскай «Глёрыi» ў кiшэнi. Гадзiна за гадзiнай халодная заля ператваралася ў кавалак тэрыторыi Каралеўства Беларусь. Прыбывалi й ягоныя грамадзяне — самаходам прыехала Алена Адамчык.

На само адкрыцьцё народ зьбiраўся паволi — гадзiна пiк, час шалёных варшаўскiх затораў. Сьцягнулiся пераважна беларусы — прафэсар Баршчэўскi, Алена Глагоўская з Гданьску, рэпарцёры з «Радыё-5» i нашага «101,2». Польскiя галерэйшчыкi, мастакi, анархiсты, сябры.

Адгучалi прамовы, разьбегся натоўп студэнтаў, а тыя, хто застаўся, — гэта значыць свае, рушылi ў Этнаграфiчны Музэй — там за фiлiжанкай кавы, за куфлем пiва абмеркаваць вынiкi, абгаварыць новыя польска-беларускiя культурныя праекты.

Вацлаў Арэшка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0