Сто твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя

Пётра Сергiевiч. Шляхам жыцьця

...На пачатку дваццатага стагодзьдзя гiсторыя запатрабавала ад мас- такоў веры ў палiтычныя ўтопii й шчырага гуманiзму. Сацыяльны й нацыянальны рэалiзм тады — унiвэрсальная зьява для ўсёй Эўропы. Пасьля часоў барока «народ» цiкавiў мастакоў пераважна ў этнаграфiчным ракурсе. Найноўшы ж час вымагаў ад iх стаць выказьнiкамi памкненьняў люду, зажыць ягоным жыцьцём. Справа зайшла так далёка, што мастакi пачалi шукаць шлюбаў зь сялянкамi, як Высьпянскi цi Маёль. Праўда, для апошнiх гэта ня скончылася дабром. Парадокс ня ў тым, што хваля сацыялягiзму пракацiлася па Старым i Новым Сьвеце, а ў тым, што яна захлынула разнастайныя мастацкiя кiрункi. Постiмпрэсiянiсты, акадэмiсты, экспрэсiянiсты, сэцэсiянiсты, фавiсты... кожны ў свой спосаб iмкнуўся засьведчыць сваю павагу й спачуваньне Народу. У Польшчы гэта назвалi «хлопаманiяй»... Такiя розныя Мэнье i Бурдэль, Ходлер i Пiкаса, Цорн i Севэрынi стваралi шэдэўры i ў рэчышчы сацыяльнага рэалiзму.

У СССР плынь сацыяльнага рэалiзму атрымала магутную дзяржаўную замову. Пакрысе яна сыйшла ў культавае мастацтва «сацыялiстычнага рэалiзму». Iншая сытуацыя склалася ў Заходняй Беларусi. Арыстакраты (Рушчыц, Ромэр, Дабужынскi) i выхадцы з таго самага «народу» (Сеўрук, Горыд, Чурыла) зьвярталiся да сацыяльных тэмаў як да творчага мэтаду, а не да спосабу перайначыць сьвет. Таму тут, на беларускiм Захадзе, стваралiся карцiны, узьнятыя да ўзроўню сымбаляў, амаль бiблейскiх прыпавясьцяў пра зямны шлях...

Цi ня самаю яскраваю ў гэтым сэнсе стала творчасьць Пётры Сергiевiча. Падзеленая памiж нацыяналiзмам i чыстай эстэтыкай сьведамасьць дала свой прадвызначаны плён у мастацтве. Цэлая галерэя Скарынаў, Усяславаў Чарадзеяў, Кастусёў Калiноўскiх. Рэчы, знаёмыя нам са школьных падручнiкаў. У дзяцiнстве ў нас нават не ўзьнкала пытаньня, у якой краiне яны былi створаныя, бо яны атаясамлiвалiся з савецкiм рэалiзмам. Але сярод спадчыны мастака застаўся адзiн твор, якi рэзка выломваецца з усяго, што было зроблена iм. Гэты твор — «Шляхам жыцьця» —вылучаецца i сярод усяго мастацтва Заходняе Беларусi музычнасьцю простае кампазыцыi й сюжэту, за якiмi прыхаваны таемны сэнс.

... Пётра Сергiевiч нарадзiўся ля Богiна, каля аднаго з самых маляўнiчых i легендарных беларускiх вазёраў. Мясьцiны тут i да сёньня чыстыя й цiхiя. З гэтых таямнiчых глухiх мясьцiнаў лёс закiнуў сямнаццацiгадовага юнака, сына безьзямельных сялянаў у Пецярбург. Сям’я Сергiевiчаў часьцяком пераяжджала зь вёскi ў вёску, але ўпершыню дарога была такою далёкай...

... Фабрыка дзяржаўных знакаў. Санкт-Пецярбург. 1917 год. Фабрычныя курсы, на якiя юнака накiраваў «рэвалюцыйны камiтэт», бадай, няшмат дадалi да ягонае адукацыi. Але ўрокi маляваньня пераканалi мастака ў ягоным прызваньнi. Роўна ж як i наведваньне славутых пецярбурскiх музэяў. Завiруха рэвалюцыi не натхняла. Сергiевiч вяртаецца да бацькоў...

... Нядоўгi час ён працуе на чыгунцы. У 1919 годзе ў ягоныя рукi трапляе газэта «Kurier Wileзski» з паведамленьнем пра адраджэньне Вiленскага ўнiвэрсытэту з мастацкiм факультэтам. Справа была вырашаная. Малады Сергiевiч, падрабляючы ад выпадку да выпадку, наведвае то пачатковую школу маляваньня Мантвiла, то Вольную школу малюнку й жывапiсу Варнаса. У 1920 годзе, Сергiевiч сабраў стос малюнкаў i акварэляў ды зь iмi папраставаў да Рушчыца. Славуты мэтар, намаганьнямi якога быў адроджаны мастацкi факультэт (iзноў праз 90 гадоў!), прафэсар Фэрдынанд Рушчыц, быў рады любому патэнцыяльнаму вучню. У тыя нiшчымныя няпэўныя гады атрымлiваць мастацкую адукацыю мала хто ймкнуўся. Уважлiва разгледзеўшы практыкаваньнi дзецюка, прафэсар уважлiва агледзеў i яго самога. Пасьля чаго набыў адзiн зь ягоных малюнкаў — шкiц муроў старога ўнiвэрсытэту...

... Сергiевiча Рушчыц залiчыў на свой факультэт як вольнага слухача. Тое, што ён здолеў зьвярнуць на сябе ўвагу мэтра, акрылiла маладога мастака. На параду прафэсара Сергiевiч едзе ў больш сыты й амаль сталiчны Кракаў, якому пашчасьцiла не зазнаць маскоўскага панаваньня. Сюды ён выбраўся разам зь сябрам, Рафалам Яўхiмовiчам, сябрам на ўсё жыцьцё...

... Кракаўская Акадэмiя нават у параўнаньнi зь пецярбурскаю была кансэрватыўнаю. Сергiевiч займаўся ў прафэсара Панкевiча, якi абагаўляў Матэйку, i патрабаваў ад вучняў максымальнае iлюзорнасьцi ў малюнку. Iмпрэсiянiстычнасьць тут асуджалася за «сырасьць». У майстэрнi Панкевiча, якi сам паходзiў з Украiны, займалася шмат украiнцаў. Пэўна i кантакты зь iмi паўплывалi на фармаваньне нацыяналiстычнага сьветапогляду маладога Сергiевiча. Прыгаломшаны жорсткай патрабавальнасьцю кракаўскае прафэсуры, зьведаўшы яшчэ раз чужога хлеба, ён разам зь сябрам Яўхiмовiчам вяртаецца на радзiму, у Вiльню. Праз два гады ён скончыў i Вiленскi ўнiвэрсытэт. Да гэтага часу мастацкi факультэт пераехаў у стары бэрнардынскi кляштар, адмыслова перабудаваны Вiтанам-Дубейкаўскiм пад навучальныя корпусы. Гэты дойлiд ужо быў вядомы сваiм памкненьнем выснаваць i ўвасобiць «беларускi стыль»...

... Да беларускай справы Сергiевiч спрычынiўся з усiм маладым iмпэтам. «Пасьля доўгага заняпаду паўстае Беларускi народ да выяўленьня сваiх духовых сiлаў...» — гэта словы самога Сергiевiча з артыкула «Зацемкi аб мастацтве» ў часопiсе «Калосьсе». Апантанасьць нацыянальнай iдэяй зьвяла яго ў сьвет гiстарычнае рамантыкi. З 30-х гадоў гiстарызм становiцца вядучым жанрам у творчасьцi мастака.

Паралельна Сергiевiч працуе над нiзкаю сацыяльнага жанру. Па-сутнасьцi, гэта была данiна землякам, сваеасаблiвы асабiсты дзёньнiк, куды мастак заносiў вобразы тых людзей, якiя атачалi яго зь дзяцiнства. Кожны зь iх — гэта канкрэтная асоба, аратыя, рыбакi, жнейкi з Браслаўшчыны. У гэткiм звароце да народных тыпажоў не было нiчога спэцыфiчнага. Наадварот, гэта адпавядала агульнаэўрапейскай тэндэнцыi. «Вясьляр», «Араты», «Калыска», «Залёты», «Юнацтва» — фрагмэнты жыцьця, выхапленыя з будзённага калавароту, дзе павiнны быць i цяжкая праца, i радасьць, i адчуваньне шчасьця. Чаго пэўна не было ў Сергiевiча, дык гэта «выпiсанай клясавай прыналежнасьцi на тварах», як напiсаў Максiм Танк у сваiх «Лiстках календара».

Падсумаваньнем «народнае» тэмы стала палатно «Шляхам жыцьця». Жанчына зь дзiцём на руках, мужчына, згорблены пад цяжкою лiсёнкаю, крочаць у цiшы да далягляду, да чарговага павароту дарогi.

Цяжка сказаць, цi быў знаёмы Сергiевiч у тыя гады з палотнамi Пiкаса, Дэрэна, Брака, зь якiмi паводле невядомага зьбегу абставiнаў зблiзiўся праз свой твор. Дакладна вядома, што ён ведаў палатно Рушчыца «Эмiгранты», сюжэт якога быў навеяны падзеямi пачатку першае сусьветнае вайны. Але пры падабенстве формы цi сюжэту, параўнаньнi абавязкова будуць кульгаць. Карцiна Сергiевiча напiсаная ў 1934 годзе. Час, якi прадвызначыў значна больш, чым уяўлялi сабе людзi. Што адкрылася мастаку ў веку Хрыста? Што мусiлi пабачыць ягоныя героi за новым паваротам дарогi, i што iх гонiць?

Iснавала некалькi папярэднiх варыянтаў гэтае карцiны. Сюжэт заставаўся той самы, але мянялiся кампазыцыйныя дэталi. У ранейшых варыянтах дрэвы былi больш самастойнымi аб’ектамi, спрашчаючы сюжэт. Лiнiя далягляду была нiжэй за галовы герояў. У варыянце 34-га году небакрай быў падняты, дарога атрымала працяг. Дарога стала сымбалем надзеi.

Што рэалiстычнага ў гэтым творы Сергiевiча? Краявiд? Але ён ня большы за знак. Постацi людзей? Але i яны не канкрэтныя сучасьнiкi мастака. З босымi нагамi, якiя ледзь кранаюць палатняную дэкарацыю, у строях бязважкiх, ядвабных...

Усё сваё мастакоўскае жыцьцё Сергiевiч працаваў i для царквы. Апошнiя абразы ён напiсаў на пачатку 60-х, для касьцёлу ў мястэчку Майшагола, што пад Вiльняю, а ў 30-я ён рабiў абразы i роспiсы для касьцёлаў у Жодзiшках, Быстрыцы, Смаргонi, у мястэчках i вёсках па ўсёй Вiленшчыне. Гэтая старонка ягонае бiяграфii дасьледавана найменш. Дакладней, яна па-просту вырваная. Мiж тым, ягоныя сябры рашуча сьведчаць, што Сергiевiч быў глыбокім вернікам, меў заўсёды пры сабе Сьвятое Пiсаньне, часьцяком заглыбляўся ў тэалягiчныя гутаркi. Распавядаюць, што па вайне Сергiевiча добра ведаў i Панамарэнка. Партыя пiльнавала творчы рост кожнага больш-менш адметнага мастака. «Барын» Панамарэнка, можа ў жарт, прапанаваў мастаку: «Ты пераяжджай да мяне ў Беларусь, а мы табе i касьцёл адчынiм». На сваё шчасьце, Сергiевiч застаўся ў Вiльнi.

Другая назва гэтага палатна «Падарожныя». Цi можна ў гэта слова ўкласьцi брутальны зьмест?..

... Марыя зь дзiцём i Язэп ўцякаюць у Эгiпет. Каб выратаваць немаўля ад перасьледу Iрада. Каб уратаваны хлопчык выратаваў род чалавечы... Можа, яны разьмiнуцца з вамi на дарозе...

Сяргей Харэўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0