Вырваная старонка — СВАБОДА

Два тыднi таму ў радыёперадачы рэдактар газэты «Свабода» Iгар Гермянчук адказваў на пытаньне: «З кiм i чым ён зьвязвае спадзевы на будучыню беларускае iдэi?» Натуральна, з газэтай. Зь яе папулярнасьцю i нераскрытымi магчымасьцямi. Неўзабаве пасьля гэтага, 24 лiстапада гаспадарчы суд РБ спынiў выхад «Свабоды». У новых сваiх iнтэрвiю рэдактар паабяцаў наладзiць выданьне iншай газэты, а калi закрыюць i яе — выходзiць нелегальна.

Лiквiдацыя такой газэты ставiць шмат пытаньняў, якiя патрабуюць неадкладнага адказу. Што адбылося? Што гэта азначае для краiны, для грамадзтва? Да чаго ўсё iдзе?..

Нагадаю, што «Свабода» i пачыналася вясною 1990 году, як нелегальнае выданьне. Гэта была ня столькi нават газэта, колькi сумесь палiтычнага бюлетэня зь лiтаратурным альманахам. Тады праз паўгода «Свабоду» легалiзавалi. А яшчэ праз паўгода, калi iнiцыятары ўзялiся за адраджэньне iншай газэты — «Нашай Нiвы», «Свабоду» ачолiў Iгар Гермянчук, тады дэпутат Вярхоўнага Савету. Ён сабраў калектыў, наладзiў прадпрыемства, узяў курс на стварэньне прафэсiйнага сродку масавай iнфармацыi, аднаго зь лiдэраў прэсавага рынку краiны. Чым урэшце «Свабода» i стала. I вось улады змушаюць папулярнае i ўжо безь пяцi хвiлiнаў штодзённае выданьне вяртацца ў падпольны статус, у пэрыяд — да незалежнасьцi Беларусi i да Гермянчука. Але цi магчыма гэта? Цi сапраўды з закрыцьцём «Свабоды» мы можам гаварыць пра вяртаньне ў 1990 год? А калi не, то — куды?

Пра першы год газэты «свабода», той, калі яна яшчэ не ператварылася ў прадпрыемства, а была суцэльнай iмправiзацыяй некалькiх энтузiястаў, можна напiсаць цэлую кнiгу. I пра тое, як ганялi штотыдзень на латвiйска-эстонскую мяжу на «Запарожцы» Паўла Жука, каб аддрукаваць тыраж, якi вяртаўся адтуль ужо грузавiком. I пра тое, як нас лiчылi канкурэнтамi «Навiнаў БНФ», якiя ўрэшце цiха закончылi сваё iснаваньне — бяз шумнага працэсу закрыцьця i скандалу. I пра тое, як на менскiх мiтынгах i вакзалах прадавалiся дзясяткi тысячаў газэт. Час быў зусiм iншы. Натхненьня тады было болей, вочы гарэлi ярчэй, рызыкаваць — хацелася i, бадай, дазвалялася. Кампарцейная ўлада была разгубленая i ўжо не выклiкала такога страху, як у ранейшыя часы. Альбо — дадам — як цяпер. Тады памiрала дыктатура, а пэрыяд станаўленьня перажывалi мы. Мы ведалi, што будучыня за намi.

Сёньня, пасьля закрыцьця, даводзiцца чуць розныя крытычныя меркаваньнi пра «Свабоду». Напрыклад, пра тое, што многiя першыя чытачы перасталi выпiсваць яе, бо яна стала «проста газэтай», або пра яе, як пра перагорнуты адбiтак прэзыдэнцкай «Советской Белоруссии», або пра тое, што менавiта адмова ад тарашкевiцы паслабiла прынцыповыя пазыцыi газэты, з чаго па сутнасьцi i пачаўся працэс закрыцьця. Так цi iнакш, «Свабоду» чыталi. Найперш дзеля праўдзiвае i поўнае iнфармацыi, якой рэдактар адвёў у газэце галоўнае месца. Утылiтарная патрэба — iнфармаваць — можа зусiм не стасавацца з паняцьцямi «любiмае выданьне» або «наша газэта». Думаю, нават сярод заўзятых крытыкаў нiхто не запярэчыць, што мы маем справу зь вялiкай зьявай. З галоўнай газэтай беларускага адраджэньня 90-х гадоў. З найбольш прынцыповым беларускiм заслонам на шляху дэспатызму. З газэтай, iснаваньне якой стала iндыкатарам палiтычнай сытуацыi ў краiне. Спынiўшы «Свабоду», можна ўжо спынiць усё. Нехта назваў закрыцьцё «Радыё 101.2» нацыянальнай катастрофай. Закрыцьцё ж «Свабоды» — гэта выдзiраньне старонкi з кнiгi беларускай гiсторыi.

Свабода праiснавала сем гадоў. I я думаю: куды нас адкiнулi? У 1990-ы? Але ж не падобна. Тады ўсё новае i беларускае толькi брала разгон. Вядома, чаго толькi нi выстаяла, нi перажыла «Свабода». I легальна выходзiла i нелегальна. I ў Латвii, i ў Магiлёве, i на МАЗе. Хто толькi яе нi зачыняў. Але нiколi яна не спыняла выхаду. У 90-м сёньняшнiя санкцыi гаспадарчага суда нiхто б папросту ня браў да галавы. Зрэшты, i не магло быць такiх санкцыяў.

А можа, мы вяртаемся ў 1987-ы, калi КГБ арыштавала наклад падпольнага часопiса «Бурачок»? Але тады, у адказ, сьледам за «Бурачком» нiбы з рога ўсяго многа пасыпалiся нефармальныя, як тады казалi, выданьнi.

Яшчэ раней, да сярэдзiны 80-х параўноўваць увогуле няма з чым. Вядома, выходзiлi альтэрнатыўныя публiкаткi, але гутаркi не было, каб нешта там зачыняць. Бо зачынiць азначала прызнаць, разьдзьмухаць лякальны занятак якога-небудзь адзiночкi ў цэлы антысавецкi рух.

Сёньня «Свабода» — адна з самых уплывовых газэт. Яе рэдактар ведае, што такое амон i што пры найменшай спробе непадпарадкаваньня ён адправiцца сьледам за Адамовiчам або Вiньнiкавай, або Старавойтавым — у зноў праслаўленую першым прэзыдэнтам «амэрыканку».

А можа з «амэрыканкi» трэба i пачынаць адлiк вызначэньня часу? Ад сталiнскага бруталiзму? У кнiзе беларускай гiсторыi гэта — усё яшчэ непрапiсаны i не зацьверджаны разьдзел. Але й тады не зачынялi незалежныя газэты. Iх проста ўжо не было. Тады што ж — ажно ў часы бальшавiцкага чырвонага тэрору вяртацца? У 20-ы год? На 80 гадоў назад?

Лёгiка падказвае менавiта такi адказ. Гэта яны толькi кажуць — «плыть в революцию дальше». Насамрэч рэванш камунiзму пачынаецца не з таго моманту, дзе ў яго адабралi ўладу, а заўсёды спачатку. Няхай ён будзе называцца неяк iнакш, але мы ж ведаем, што такое камунiзм. Мы ж бачым, што «Свабоду» закрылi гэтаксама, як закрывалi лiбэральныя i нацыянальныя выданьнi бальшавiкi на чале з Эдмундавiчам. I гэта значыць, што Лукашэнка абяцае нам ня столькi вяртаньне ў савецкi час, колькi паўтарэньне савецкай гiсторыi — ад пачатку. Ад Мясьнiкяна i Кнорына. Вось якая старонка адкрылася, калi яны вырвалi з кнiгi «Свабоду».

Сяргей Дубавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0