ДРУГАЯ СПРОБА

Iнстынктыўны пратэст масаў супраць нацыянальнай элiты

Нармальнае iснаваньне дзяржавы магчымае толькi тады, калi ёсьць нацянальная элiта, якая ведае нацыянальныя iнтарэсы, валодае iнтэлектам, мае мэнтальную сугучнасьць са сваiм народам. У такiм выпадку элiта адчувае цьвёрдую глебу пад нагамi, дзейнiчае рашуча i самастойна. Калi такой элiты няма, то iснаваньне дзяржавы залежыць ужо не ад унутраных, а ад вонкавых абставiнаў. На жаль, менавiта такiя ўмовы iснаваньня характэрныя для краiны з назваю Беларусь. Для нашай краiны.

Тых людзей, якiя сёньня кiруюць, цяжка назваць нацыянальнай элiтай. Ня толькi таму, што паводле свайго iнтэлекту i маральных якасьцяў яны не адпавядаюць гэтай катэгорыi грамадзтва, але й таму, што пры такой гiсторыi краiны, як у нас, цяжка чакаць людзей iншых. Дзеля аднаўленьня мэханiзму рэгенэрацыi патрэбны час.

Мне думаецца, тое, што мы перажываем сёньня, ужо было ў нашай гiсторыi. Сёньняшнiя ўлады надта падобныя на колiшнiя, даўнейшыя. I падабенства iх дзеяньняў можа быць акрэсьленае словам «спакуса». Спакуса, якая вядзе толькi да аднаго — да пагiбелi. Або рэжыму, або дзяржавы. Спакуса нараджае здраду, здрада — раскол, раскол — вайну, вайна — пагiбель.

Дзеля параўнаньня надаецца той эпiзод гiсторыi, калi Ягайла паквапiўся на польскую карону, на магчымасьць у адно iмгненьне стаць каралём. Спакуса пацягнула за сабой здраду. Гэта была сыстэмная памылка, якая паставiла крыж на разьвiцьцi ягонай i нашай дзяржавы. Усе намаганьнi Вiтаўта падвысiць статус дзяржавы, дамагчыся ператварэньня Вялiкага Княства ў Каралеўства завяршылiся паразай, бо грамадзтва ўжо было заражанае здрадаю i расколам як на рэлiгiйнай, так i на ўладнай глебе. Спакуса стаць лепшымi прывяла да здрады арыстакратыi сваёй дзяржаве. Экспансiя каталiцызму яшчэ больш паглыбiла раскол, падзялiўшы шляхту на правiльную каталiцкую i няправiльную праваслаўную.

Зь цягам часу ўжо амаль уся арыстакратыя перайшла ў каталiцтва i гэтак утварыўся яшчэ большы раскол — памiж ёю i паспалiтым народам, якi заставаўся пераважна праваслаўным. Паступова арыстакратыя перастала лiчыцца для народа сваёй, бо малiлася ў iншых храмах i размаўляла на iншай мове. Каб быць папулярным у разьдзеленым грамадзтве, трэба было мець перакананьнi, талент i палiтычную вагу Канстанцiна Астроскага. Але асобы такога кшталту нараджаюцца ня кожны дзень.

Нацыянальная элiта пакрысе пераставала быць нацыянальнай. Дзяржаўныя iнтарэсы краiны пераставалi дамiнаваць перад iнтарэсамi краiны iншай. Дзяржава хварэла на ўсобiцу. Рэшткi праваслаўнае шляхты хiлiлiся да Масквы. Мэханiзм распаду набiраў моц. Яго ўжо ня здольныя былi спынiць намаганьнi асобных патрыётаў Княства. Кожны вялiкi князь бачыў сябе каралём польскiм i з часам станавiўся iм, трапляючы ў зону прыцягненьня iншай дзяржавы.

Таму нi спробы аднавiць самастойнасьць, нi аднаўленьне ў правах праваслаўнай шляхты, нi выдатныя творы дзяржаўнае думкi кшталту Статута ВКЛ, нi шчырыя спробы ўвесьцi асобную ад суседзяў рэлiгiю — цi то ўнiяцтва, цi то пратэстантызм, —ужо не маглi спынiць пагiбелi Дзяржавы. Яны хiба запавольвалi гэты працэс.

У рэчышчы такiях падзеяў была прайграная барацьба за асобную мiтраполiю. Акаталiчаная шляхта i не магла перамагчы ў такой справе. А з усталяваньнем адзiнай праваслаўнай мiтраполii ў Маскве па незалежнасьцi нашай краiны быў нанесены канчатковы ўдар. З таго часу й да сёньня Масква стала ўплывае на нашае жыцьцё.

Казырная карта абароны праваслаўных у Беларусi пачала разыгрывацца Масквою адразу ж. Тым больш, што падставы знаходзiлiся, а аргумэнты супраць такога ўплыву былi слабыя. Таму так лёгка забылася, як Iван Жахлiвы рэзаў праваслаўны Полацак, як расейцы лiчылi праваслаўных ВКЛ схiзматыкамi i перахрышчвалi iх пры любой нагодзе, як цар Пётар узарваў сьвятыню праваслаўных — полацкую Сафiю.

Тыя з праваслаўнай арыстакратыi, хто апынаўся ў Расеi, таксама паступова прымалi расейскiя ўмовы палiтычнай гульнi, дзе iнтарэсам Бацькаўшчыны месца не было.

Так, спакусiўшыся i здрадзiўшы, згубiўшы духоўную повязь са сваiм народам, зьнiкла наша нацыянальная элiта, а разам зь ёю i наша дзяржава. Пакiнуты народ застаўся сам-насам з сабою i сваёй крыўдай. Гэтая крыўда на «лепшых людзей» працягвае жыць да нашага часу.

Недавер з боку народа да тых, хто браў на сябе абавязкi нацыянальнай элiты, прывёў да паразы трох паўстаньняў супраць расейскай акупацыi. Сяляне лавiлi i выдавалi шляхцюкоў-паўстанцаў...

Тое, што адбываецца сёньня, — гэта рэцыдывы старое хваробы. Захаваўшы сакральныя сымбалi сваёй дзяржаўнасьцi, элiта ня можа данесьцi iх да народа, бо народ не пускае яе да ўлады. Абраньне ў 1994-м «своего парня» Лукашэнкi — гэта вынiк недаверу да традыцыйнае элiты. Менавiта празь яго народ неўсьвядомлена спрабуе сфармаваць новую беларускую нацыянальную элiту, дапамагчы ёй скласьцiся.

Сёньняшнiя падзеi — люстраны адбiтак тых, даўнiх. Тая ж спакуса, тая ж здрада, той жа раскол. Толькi вэктар накiраваны не на захад, а на ўсход. Праўда, ёсьць адно iстотнае, прынцыповае адрозьненьне. Ягайла i ягоная партыя былi сапраўднай спадчыннай элiтай, а сёньняшнi рэжым, паўтаруся, элiтай не назавеш. Таму ён i ня можа прабiцца ў Расею, да расейскае кароны.

Лукашэнка — гэта выкiд народнае крыўды. На нацыянальную арыстакратыю. Гэта iнстынктыўная спроба народа дапамагчы паўстаць сваёй элiце. Яна мусiць паўстаць, ёй нiчога не застаецца.

Па сутнасьцi, мы перажываем другi сьпiральны вiток свае гiсторыi, другую спробу падняць дзяржаву на належны ўзровень, дзе галоўную ролю грае народны iнстынкт. Грае своеасаблiва i нетыпова. Гэта новая спроба стварыць Каралеўства. Каралеўства Беларусь.

Алег Дашкевiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0