Археалёгiя

На абшарах «эўрапейскага нiзу»

У пэўным сэнсе эўрапейская археалягiчная навука перажывае мэтадалягiчны крызыс. Так званая «працэсуальная археалёгiя» апошнiх дзесяцiгодзьдзяў становiцца цеснай i ня вельмi зручнай для некаторых дасьледчыкаў. Кшталтуецца «постпрацэсуальная археалёгiя», запачаткаваная ў 1980-х гадах. Яна вырастае на грунце iдэяў постмадэрнiзму зь ягоным суб’ектывiзмам, шматмернасьцю i шматзначнасьцю адзiнкавых праяваў быцьця...

«Постпрацэсуальная археалёгiя» адкрывае новыя пэрспэктывы, а па сьцьверджаньню Яна Ходэра — аднога зь яе кембрыджскiх «бацькоў», зрэшты робiць археалёгiю навукаю. Iдэi «археалёгii кантэксту» ад Я.Ходэра i ягоных пасьлядоўнiкаў паступова пашыраюцца на навуковыя асяродкi суседняй нам Польшчы.

Прыярытэт Познаньскай школы ў накiрунку адаптацыi iдэяў постпрацэсуалiзму на польскай археалягiчнай глебе вiдавочная. Я адчуў i зразумеў гэта падчас свайго навуковага стажу ў найбуйнейшых археалягiчных цэнтрах Польшчы. У сувязi з гэтым прыемна, што менавiта ва Ўнiвэрсытэце iмя Адама Мiцкевiча ў Познанi — асяродку даўнiх i найлепшых унiвэрсытэцкiх традыцыяў, фармуецца кола навукоўцаў, якiя разумеюць пэрспэктывы культурна-дасьледнiцкай повязi «Усход-Захад» i дзейнiчаюць у гэтым кiрунку. У якасьцi прыкладу можна згадаць пра выхад некалькiх нумароў выданьня «Baltic-Pontic Studies», адкрыцьцё Ўсходняга Iнстытуту, плённае супрацоўнiцтва з навуковымi ўстановамi Кiева, Менску, Вiльнi.

Сумежжа Ўсходняй i Заходняй Эўропаў — так званая Эўропа Сярэдне-Ўсходняя, ўсё часьцей становiцца аб’ектам пiльнай навуковай увагi. Што тычыцца дагiсторыi (г. зн. першабытнай гiсторыi) Сярэдняй Эўропы, то яна мае свой працяг на Ўсходзе. Эўрапейскi Ўсход у сваю чаргу культурна i духоўна сiлкаваў тысячы гадоў таму Эўропу Сярэднюю. Асаблiва вiдавочна гэта праяўляецца на абшарах так званага «эўрапейскага нiзу» — лясiстых раўнiнах, што цягнуцца ад Эльбы ўздоўж Балтыкi да нашага Падняпроўя. «Нiзовыя» культуры ў старажытныя часы праяўлялi пэўную аднароднасьць. Прыкладам такога культурнага адзiнства можа выступаць так званы «Тшцiнец» — цыкль блiзкiх i аднастайных культураў i групаў, якiя iснавалi ў межах 17-12 стагодзьдзяў да н. э. на прасторах Польшчы, Паўночнай Украiны й Беларусi.

Менавiта тшцiнецкая супольнасьць эпохi бронзы i стала той першай i найбольш актуальнай праблемай, якою адкрываецца ў Познанi цыкль мiжнародных сымпозiюмаў, прысьвечаных спрэчным аспэктам разьвiцьця старажытных супольнасьцяў усходне-заходняга памежжа.

Сымпозыюм пад запытальнаю назваю: «Тшцiнец» — культурная сыстэма цi iнтэркультурны працэс?» праходзiў 13-16 кастрычнiка ў невялiкiм гарадку Абжыцка пад Познаньню. Ва ўтульным палацы мiнулага стагодзьдзя сабралася больш за 30 археолягаў з Польшчы, Нямеччыны, Славакii, Лiтвы, Украiны. Я, маючы досьвед па тшцiнецкай культуры Беларускага Палесься, рэпрэзэнтаваў Беларусь двума дакладамi.

Дылема «культурная сыстэма» цi «iнтэркультурны працэс» на сымпозыюме вельмi часта была падставаю для спрэчак на мэтадалягiчныя тэмы. Заўзята адстойвючы «iнтэркультурнасьць» «Тшцiнца» на прасторах эўрапейскага «нiзу», прыхiльнiкi познаньскай школы сфармулявалi некалькi надзвычай нечаканых тэзаў. Паводле адной зь iх распаўсюджваньне культурных тшцiнецкiх адметнасьцяў магло адбывацца ня столькi ў вынiку эмiграцыi цi iншакультурных уплываў, а шляхам пашырэньня адпаведных iдэяў («пакету адзнакаў»). Цi не магла ў аснове iх ляжаць iдэалёгiя рэлiгiйная? Прапанаваная гiпотэза, як i шэраг iншых сьмелых меркаваньняў, была сустрэтая даволi стрымана, але ня выклiкала моцнага пярэчаньня.

Паводле мэтадалягiчных канонаў сучаснай «працэсуальнай археалёгii», археалягiчная навука ня ў стане сягнуць за межы сваiх (надуманых?) магчымасьцяў: рэканструяваць, скажам, iрэальны сьвет дагiстарычнага чалавека, узнавiць сутнасьць палiтычнага канфлiкту ў глыбокай старажытнасьцi i г. д. Аднак цi да канца археолягамi прачытваецца «кантэкст», г. зн. улiчваюцца ўсе акалiчнасьцi знаходжаньня старажытнай рэчы, аб’ектаў, комплексаў? Разыходжаньнi «працэсуальнай» i «постпрацэсуальнай археалёгii» могуць вызначацца толькi супярэчнасьцямi памiж старымi i новымi ўзроўнямi разьвiцьця навукi...

Палякi не адзiн раз вiталi ўдзельнiкаў сымпозiюму як прадстаўнiцтва Першай Рэчы Паспалiтай. Рэч Паспалiтая, акрэсьлiваючы некалi пэўны сярэдне-ўсходнеэўрапейскi рэгiён, выконвала ролю стабiлiзацыйнага фактару ў адносiнах памiж Усходам i Захадам. Аднак узьнiкненьне сярэдне-ўсходнеэўрапейскага рэгiяналiзму ў гiстарычныя часы магло быць апасродкаваным вынiкам працэсу разьвiцьця архаiчнага. Нашае грамадзтва, як i нашая геапалiтыка, мае нашмат больш даўнiя традыцыi, чым уяўляецца большасьцi.

У сувязi з гэтым вялiкую вартасьць набывае сума ведаў, якую назапасiлi археолягi, вывучаючы першабытныя часы на абшарах Сярдне-Ўсходняй Эўропы. Прыкладам таму можа быць усё той жа «Тшцiнец» часоў эпохi бронзы, якi, дарэчы, некалi за савецкiм часам штучна падзялялi на заходнi i ўсходнi ракою Заходнi Буг — заходняю мяжой Савецкага Саюзу.

Мiкола Крывальцэвiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0