«Шуфляда»: незалежнае дасьледаваньне

 

На пачатку 1998 году ў Беларусi зьявiцца новы часопiс. Ён будзе называцца «Шуфляда» й кола яго сталых чытачоў, як нi дзiўна, ужо склалася. Газэта «Наша Нiва» на сваёй паласе «Шуфляда» запачаткавала традыцыю сталага публiкаваньня дакумэнтаў i ўспамiнаў па гiсторыi Беларусi ХХ ст. Многiя гэтыя дакумэнты й асаблiва ўспамiны настолькi цiкавыя па-асобку, што могуць друкавацца ў газэце без асаблiвага камэнтару. А ў сваёй масе, без выключэньняў i цэнзуры яны ствараюць кантэкст ХХ ст.

Здабываючы й назапашваючы гiстарычную iнфармацыю супрацоўнiкi Архiву Найноўшае Гiсторыi iмкнуцца пазьбягаць у працы праяваў сваiх палiтычных сымпатыяў, а таксама не зважаць на пазыцыю ўладаў. Мы вядзем незалежнае дасьледаваньне. Часам, пераадольваючы эмоцыi й хваляваньнi, мы таксама папаўняем тэчкi Сучаснай гiсторыi. Гэтыя матэрыялы сыстэматызуюцца, некаторыя зь iх рыхтуюцца да публiкацыi.

Дык цi ёсьць сэнс нарошчваць вал iнфармацыi, ствараць яшчэ адно выданьне, прыцягваць да яго ўвагу? Цi ёсьць сэнс у нашых высiлках?

Супрацоўнiкi Архiву й рэдакцыя часопiса сыходзяць з наступных прынцыпаў:

— Беларуская гiсторыя ёсьць адной з самых цiкавых, непрадказальных i супярэчлiвых гiсторыяў у Эўропе;

— на Беларусi сканцэнтраваўся фокус Эўрапейскае пэрспэктывы; будучыня Эўропы залежыць ня толькi ад Беларусi, але Беларусь ёсьць iндыкатарам Эўрапейскiх працэсаў, Беларускую сытуацыю кшталтуюць ня толькi Беларусы, але й глябальныя сiлы;

— Беларускi дакумэнтальны матэрыял — гэта жывы матэрыял, практычна заўжды эксклюзiў.

Таму мы ўсё ж iдзем на новы праект — бо ня хочам быць толькi паддосьледнымi, але дасьледчыкамi. А колькасьць накопленага фактычнага матэрыялу ўжо настолькi крытычная, што асэнсаваньне яе патрабуе спэцыялiзаванае прасторы.

У часопiсе будуць чыста архiўныя старонкi, будуць праграмныя тэксты. Заплянаваная асобная рубрыка па Сярэдняй Эўропе — з мэтамi кампаратыўнага аналiзу. Праблематыка Сярэдняй Эўропы, яшчэ зусiм нядаўна ўзьнятая асяродкамi «Эўрафоруму» i «Нашай Нiвы», знаходзiць сваё гучаньне для Беларусi й у гiстарычных матэрыялах ХХ ст. Падобна, што «Шуфляда» будзе часопiсам супярэчнасьцяў.

Да спатканьня!

Алег Дзярновiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0