«Свабода» вяртаецца?

 

У днi закрыцьця газэты «Свабода» ў Архiве Найноўшай Гiсторыi пры фондзе «Наша Нiва» рыхтуецца да друку Каталёг незалежных пэрыядычных выданьняў, якiя выходзiлi ў Беларусi з пасьляваенных часоў да 1990 году. Спачатку гэтыя выданьнi зьбiралiся ў Архiве, потым апiсвалiся i вось, нарэшце, усё зьведзена ў адну кнiгу.

Гартаючы яе, я згадваю, з чаго ў мяне i маiх сяброў пачалося захапленьне незалежнай выдавецкай дзейнасьцю. Гэта быў самы канец васьмiдзясятых. Мы задумалi друкаваць падпольную газэту пад назвай «Вястун».

Я тады працаваў у друкарнях «Во славу Родины» i МУС, i па лiтарцы цягаў адтуль шрыфты. Памятаю, гэта была акадэмiчная гарнiтура, 10 кегаль. Iгар Гермянчук на Менскiм палiграфкамбiнаце вырабiў клiшэ загалоўка, а Сяржук Сокалаў з дапамогаю швагра ў Наваполацку зрабiў мэталёвы валiк з гумоваю абалонкай. Арына Вячорка пашыла фартух наборшчыка з кiшэнямi для касаў... Гэтак супольнымi намаганьнямi была фактычна створаная матэрыяльная база падпольнай друкарнi. Аднак неўзабаве нас з Гермянчуком загрэблi ў войска. Вiнцук Вячорка i Сяргей Запрудзкi, якiя вучылiся на фiлфаку БДУ, адчулi на сабе перасьлед КГБ, пасьля чаго С.Запрудзкi закапаў друкарню ў вёсцы сваiх бацькоў. (Апошнiм часам, думаю, кожны з нас усё часьцей згадвае той наш юнацкi НЗ — недатыкальны запас.)

Што нас натхняла? Напэўна, рамантычны прыклад Кастуся Калiноўскага i ягонай «Мужыцкай праўды». (На той час больш чым стогадовая газэта Калiноўскага таксама была схаваная ад шырокага доступу.) Тое самае, што натхняла Янку Фiлiстовiча, якi ў 1952 годзе ў лясах пад Маладэчнам выдаў сваю газэту «Жыве Беларусь!» Як бачым, сама гiсторыя паваеннага незалежнага друку пачынаецца зь лясной друкарнi...

Калi ж разглядаць газэту Фiлiстовiча як легенду, то пачынаць трэба з «Падсьнежнiка», якi гiсторык Мiкола Ермаловiч пачаў выдаваць ў 1963-м. Друкаваў на машынцы i раздаваў блiзкiм знаёмым.

Гэта значыць, пачатак друку быў наўпрост зьвязаны з хрушчоўскай адлiгай.

Ад «Жыве Беларусь!» да «Падсьнежнiка» — 11 гадоў. Напэўна, увесь наступны друк (да другой паловы 80-х) па сутнасьцi сваёй iстотна не адрозьнiваўся ад «Падсьнежнiка». Новыя павевы залежалi хiба што ад зьмены пакаленьняў выдаўцоў.

На мяжы 70-80-х мы распачыналi выданьне часопiса «Люстра Дзён». Усяго выйшла чатыры нумары. Агульны наклад сягаў за сто асобнiкаў. Адзiн з нумароў быў прысьвечаны 1000-годзьдзю Беларусi i адкрываўся вершам Казiмера Ўсюдыгнанага:

 

Мая. Не мая? Мая!

Вам спрэчкай мяне ня здолець,

Бо праўды ад маскальля

Ня мушу пачуць нiколi.

Гiсторыю нашу ўшчэнт

Разьнесьлi. У сiлы права.

I нейкi сьляпы дацэнт

Закрэсьлiў маю дзяржаву...

 

Казiмер Усюдыгнаны — гэта псэўдонiм Сержука Сокалава. Памятаю, адзiн з матэрыялаў Вiнцука Вячоркi быў прысьвечаны югаслаўскаму (на той час прагрэсiўнаму) сацыялiзму. Таксама друкаваўся лiст лiтоўскай дзяўчыны, якая распавядала пра абставiны самаспаленьня ў Коўне ў пачатку 70-х Ромаса Каланты. Гэты лiст фактычна быў замоваю рэдакцыi, а перакладаў яго зь лiтоўскай Антанас Глейзьнiс, вайсковы фатограф.

Друкаваўся часопiс на машынцы ў рэдакцыi дывiзiйнай газэты «Боевой призыв», што мясьцiлася ў Менскiм апэратыўным палку (або Белпалку) на вул. Грушаўскай, дзе служылi Глейзьнiс i я. Амаль усе тэксты рыхтавалiся Вячоркам i перадавалiся з вулiцы праз краты рэдакцыi. Гэтаксама праз краты мы па некалькi гадзiнаў абмяркоўвалi чарговы нумар. Згадваю ўсё гэта, чытаючы артыкул пра «Люстра Дзён» у новым Каталёгу незалежнага друку. Артыкул сканчаецца словамi: у фондах Архiву адсутнiчае...

Усяго ў Каталёгу больш за сто назваў, некалькi соцень нумароў. Я знаходжу там наступнае наша прадпрыемства: 1986-ы, часопiс «Бурачок».

У 70-я гады яшчэ не было i не магло быць рэалiстычнай размовы пра незалежнасьць Беларусi, антыкамунiзм, правы чалавека i г.д., што стала магчымым у другой палове 80-х. Без нацяжкi першы пэрыяд можна назваць рамантычным, а другi — рэалiстычным. «Бурачок» стаўся якраз зьвязкай, пераходам ад дысыдэнцтва да таго шумлiвага маладзёвага руху, якi ахрысьцiлi нефармальным.

Тады, у канцы 80-х незалежны друк стаў iндустрыяй. Газэты рабiлiся на машынцы цi кампутары. Макеты завозiлiся ў Вiльню, найчасьцей у Iнстытут фiзыкi АН Лiтвы, дзе нехта спадар Вайтэкунас кiраваў ксэракапiяваньнем такiх газэт ледзьве не з усяго былога СССР. У чарзе на друк разам з намi стаялi азэрбайджанцы, татары, украiнцы. У Лiтве ўлады на такое ўжо закрывалi вочы. Затым тыражы прывозiлiся ў Дом лiтаратара ў Менску, у кабiнэт А.Емяльянава i М.Мiхноўскага, дзе заўсёды тоўпiлася шмат людзей з усiх рэгiёнаў Беларусi. Адсюль прэса развозiлася па краiне...

Iстотны эпiзод — грошы. Калi ў першым пэрыядзе адзiночкi друкавалi толькi за свае асабiстыя, то ў канцы 80-х, з прыходам вялiкiх накладаў (10-50 тысячаў) i продажам выданьняў (чаго не было ў першы пэрыяд), стварэньнем рэдакцыяў i найманьнем людзей, пачалi абяртацца такiя сумы грошай, якiя былi недаступныя для iнсьпiратара-адзiночкi. Гэта ўжо не маглi быць асабiстыя сродкi. Масавы гандаль пачаўся на пляцах, вакзалах, у электрычках... Якi-кольвек камунiзм быў начыста выцесьнены з дачыненьняў у альтэрнатыўнай прэсе. Можна дапусьцiць, што ў канцы 80-х менавiта альтэрнатыўны друк стаў першай сфэрай, у якой грамадзтва сутыкнулася з капiталiзацыяй, з рынкам.

У Каталёгу незалежнага друку называюцца ўсе, хто рабiў выданьнi i хто ў iх публiкаваўся. Гэтыя людзi «сьвяцiлiся» першымi, гэта быў iхны грамадзянскi чын, яны давалi прыклад iншым.

Так выйшла, што з выданьнем гэтага Каталёгу зьвязана шмат парадоксаў. Па-першае, ужо сёньня ён сам можа стаць нелегальным. Па-другое, задуманы без працягу, ён выдаецца з думкай пра наступны, другi том. Некалькi гадоў таму нам i ў галаву не прыходзiла, што давядзецца стаць сьведкамi адраджэньня падпольнага друку. Але сёньня архiўныя калекцыi так iмклiва папаўняюцца новымi незалежнымi выданьнямi, а закрыцё легальных газэтаў такое брутальнае i адназначнае, што зьбiральнiцкую працу давялося арыентаваць i на сёньняшнi дзень. Магчыма, у нашых калекцыях неўзабаве зьявiцца i новая — нелегальная — «Свабода»? Як нi дзiўна, а такое прадчуваньне мяне не засмучае. Бо галоўнае ў iм слова — зьявiцца. Не прападзе.

Сяргей Дубавец