Архіў

Сяргей Харэўскi. Помнiк К.Т.

№ 34 (95) 1 сьнежня 1997 г.

Помнiк К.Т.

 

Калi ў 70-я гады нас, школьнiкаў, вадзiлi ў Купалаўскi парк, то перад славутым фантанам «Купалiнкi» нашыя настаўнiцы сарамлiва хiхiкалi. Дзяцей, вядома, вабiлi пырскi вады, а ня бронзавыя выявы аголеных дзяўчат. А настаўнiцы, можа, першы раз у жыцьцi, атрымлiвалi ўрок чыстае эстэтыкi. Таму й хiхiкалi зь незвычайнага для савецкага мастацтва сюжэту. Помнiк самому Купалу, створаны ў 1974 годзе скульптарам Анiкейчыкам у суаўтарстве з Гумiлеўскiм i Засьпiцкiм, на той час мала запомнiўся. Ды i тагачасная крытыка млява адрэагавала на ягонае зьяўленьне. У той час менавiта «Купалiнкi» — першае савецкае манумэнтальнае «ню» — сталi вiзытоўкаю беларускае плястыкi 70-х гадоў...

Вобраз самога Купалы выйшаў няўцямным. Адкуль вiдаць, што гэта паэт? З расхiнутага крысься шынялю? Цi з кiя ў руцэ? Брутальнасьць стылiстыкi пазбаўляе вобраз нават намёку на рамантыку. Гэта мог быць помнiк i старшынi калгасу, якi ўзiраецца ў свае палеткi...

Не паддаюцца беларускiм скульптарам вобразы дзеячоў нацыянальнае культуры. Падобную да Анiкейчыкавай кампазыцыю абраў скульптар Голубеў, робячы помнiк Язэпу Драздовiчу. Шырокая хада, кiй у руцэ... Добра што яшчэ помнiк падпiсалi: «Язэп Драздовiч. Беларускi мастак», а то нiхто б не зразумеў, навошта яго, маленькага, паставiлi перад дзьвярыма парцалянавае крамы. Дзеля рэклямы хiба што?..

Помнiк Максiму Багдановiчу скульптар Вакар спачатку не падпiсаў. I праз гэта часта здаралiся непаразуменьнi. Чаму ён стаiць перад Опэрай? Сьпявак? Кампазытар? З дыялёгу у аўтобусе: — Каму гэта помнiк? — Ня ведаю, можа, Высоцкаму? — Не, Высоцкаму рана... Нехта знайшоўся: Багдановiчу!.. — А хто гэта? — Партызан нейкi...

Памятаю, як адбывалiся абмеркаваньнi праекту аднаўленьня Верхняга гораду. Тады ўвагу гледачоў i апанэнтаў прыцягнуў квадрацiк з подпiсам «Помнiк К.Т.» На запытаньне архiтэктары адказалi, што тут плянуецца помнiк Сьвятому Кiрылу Тураўскаму. Маўляў, ён дзяяч старажытнай культуры, а помнiк будзе ў старым горадзе i гэтак далей... Чаму не Э.П. (Эўфрасiньнi Полацкай), альбо Ф.С. (Францiшку Скарыну)? Адказу не было...

Фармалiзм вынiкае зь незасвоенасьцi вобразаў культурных герояў у нацыянальнай сьведамасьцi. На гэтым штучным фармальным патасе была пабудаваная ўся сыстэма адукацыi, культуры, i як вынiк — няпэўных мастацкiх вобразаў. Можа, прычына ў савецкiм урбанiстычным асяродзьдзi, у савецкай самацэнзуры, дзе няма месца прасьветленай старасьвеччыне, нацыянальным героям? Але ж i ў Празе беларусы паставiлi Скарыну, якi ўсiм духам сваiм просiцца на плошчу якога-небудзь з нашых безаблiчных райцэнтраў! А ў Менску Скарыну гэтак i не паставiлi. Ня здолелi стварыць вобраз. Нават такi, якi скульптар Глебаў зрабiў для Полацку. Там гэта работнiк у сярмязе з закатанымi рукавамi. Гэткi задуменны сьлесар у барэце: «Георгий Скорина». Калi сам скульптар недасьведчаны, альбо няшчыры, рэакцыя гледачоў зазвычай непасрэдная. Можна скласьцi цэлую нiзку показак i кпiнаў, якiмi дасьцiпнiкi ўзнагародзiлi «Коласа на кучы», «самую вялiкую настольную статуэтку» — помнiк песьняра на аднайменнай плошчы ў Менску.

Мае рацыю Адам Глёбус у сваёй кнiзе «Сьмерць-мужчына», калi кажа, што ў беларусаў няма сваiх могiлак. Помнiкi на могiлках падпiсаныя ў нас па-польску, па-расейску, па-жыдоўску... а па-беларуску няма. Значыць, манумэнты дзеячам Беларушчыны зьявяцца не раней, чым зьявяцца Беларускiя магiлы? Але ж надмагiльлi нашых паэтаў — беларускiя. Цi ў беларусаў памiраюць толькi паэты? Цi толькi паэты — беларусы?..

Рана цi позна мы знойдзем адказы на гэтыя пытаньнi. Пакуль жа мы ходзiм да тых нацыянальных помнiкаў, якiя такiх пытаньняў не нараджаюць. Напрыклад, да фантану ў Купалаўскiм парку. Перад «Купалiнкамi» ўжо нiхто не хiхiкае. Значыць, нешта зьмяняецца, цячэ разам са сьвiслацкiмi водамi. А яшчэ мы ходзiм да драўлянага крыжа ў Курапатах, якi людзi самi прынесьлi на руках i самi паставiлi. Гэты крыж не выклiкае пытаньняў: навошта ён тут? Нават у тых, хто яго некалькi разоў ламаў... Гэта ўжо НАШ крыж.

Сяргей Харэўскi

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам9

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Усе навіны →
Усе навіны

У Рэчыцы гарэў прыватны сектар1

Макс Корж выступіць на стадыёне ў Варшаве. Некалькі вуліц перакрыюць і зменяць рух транспарту 9 жніўня9

Генплан Мінска будуць змяняць. Гараджане могуць агучыць прапановы7

Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды пятай гадавіны пратэстаў24

У Мінску ўзброеныя сілавікі затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка1

«Байсол» выставіць на аўкцыён лімітаваную серыю гадзіннікаў6

ChatGPT прадставіў новую мадэль GPT-5. Вось што ў ёй новага і што абяцаюць распрацоўшчыкі2

Памятаеце фота з мускулістым беларусам, які ў 2020-м ішоў у счэпцы з амапаўцам? Цяпер ён здымаецца ў кіно ў Англіі2

Ізраільскія ўлады ўхвалілі план Нетаньяху па акупацыі горада Газа16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам9

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць