Францыя зачытваецца «Чорнай кнiгай камунiзму»

 

Чорная кнiга камунiзму. Злачынствы, тэрор, рэпрэсii. Стэфан Куртуа, Нiкаля Вэрт, Жан-Луi Панэ, Анджэй Пашкоўскi, Карэл Бартошак, Жан-Луi Марголiн. — Парыж: Робэр Ляфонт, 1997.

 

Гiстарычны том таўшчынёй у 846 старонак — плён трохгадовай працы групы дасьледчыкаў — узначальвае ў Францыi сьпiс бэстсэлераў немастацкай лiтаратуры. Выхад кнiгi быў прымеркаваны да 80-х угодкаў бальшавiцкага перавароту ў Расеi; за першыя два тыднi было прададзена больш за 50 тысяч асобнiкаў. Для практыкi заходняга кнiгагандлю гэта фантастыка.

«Мiнiмальная ацэнка, якая патрабуе далейшага ўдакладненьня» — так у прадмове прадстаўлены папярэднi сьпiс непасрэдных ахвяраў камунiзму: СССР — 20 мiльёнаў, Кiтай — 60 млн., Паўночная Карэя — 2 млн., Камбоджа — 2 млн., Аўганiстан — 1,7 млн., Афрыка — 1,7 млн., Усходняя Эўропа — 1 млн., Вiетнам — 1 млн., Лацiнская Амэрыка — 150 тысячаў. Iснуюць розныя мэтодыкi падлiку, i самi аўтары дапускаюць, што агульная колькасьць ахвяраў вымяраецца сотнямi мiльёнаў. Iмя Сталiна можна сустрэць на 155 старонках, Ленiн i Мао згадваюцца больш за 80 разоў, Кастра i Берыя — па 34 разы, Гiтлер i Гамулка — па 10.

Хоць у кнiзе скарыстаныя дакумэнты, якiя былi рассакрэчаныя толькi апошнiм часам, усё ж сэнсацыйнай тэму не назавеш. Мёртвыя ня надта цiкавяць жывых.

Папулярнасьць кнiгi ў Францыi, якая нiколi не была пад уладай камунiзму, i дзе камунiсты нават уваходзiлi ў склад урадаў, сьведчыць пра тое, што мiнулае яшчэ перасьледуе францускае грамадзтва, што марксісцкi дыскурс i тут паўплываў на iнтэлектуальнае жыцьцё, што i сёньня на новай глебе працягваюцца старыя бiтвы.

Члены сёньняшнiх кампартыяў, ад Парыжу да Менску i Пэкiну звычайна заяўляюць: мы самi нiкога не забiлi, лепшыя з нас сталiся ахвярамi — якiя могуць быць прэтэнзii. «Чорная кнiга камунiзму» даводзiць: у канцы 20-га стагодзьдзя называць сябе камунiстам злачынна.

Пасьля выхаду кнiгi апазыцыя ў францускiм парлямэнце запытала: як прэм’ер-мiнiстар Жаспэн можа быць у каалiцыi з кампартыяй — саюзьнiцай сьмертаносных рэжымаў. Гучалi апраўданьнi i абвiнавачаньнi, прайшлi акцыi пратэсту. Прэм’ер-мiнiстар, у сваю чаргу, абрынуўся на не такi ўжо й новы тэзыс пра падобнасьць нацызму i камунiзму. Куртуа тлумачыць балючую рэакцыю левага iстэблiшмэнту тым, што злачынствы нацысцкай Нямеччыны вельмi добра вывучаныя, а ўсеабдымнага акадэмiчнага дасьледаваньня практыкi камунiзму дагэтуль няма. Прычыны: па-першае, Савецкi Саюз быў саюзьнiкам у другой сусьветнай вайне; па-другое, злачынствы трымалiся ў тайне, бо iдэя рэвалюцыi была ўлюбёнай у колах францускiх iнтэлектуалаў.

Цiкавасьць публiкi падагрэла й спрэчка памiж укладальнiкам i двума аўтарамi. Стэфан Куртуа ў прадмове i пасьляслоўi даводзiць, што тэрор — гэта ўнутраная характарыстыка камунiзму, а ня проста iнструмэнт дзеля дасягненьня ягоных мэтаў; два аўтары з гэтым рэзка не пагаджаюцца. Яны дамаглiся зьмены назвы выданьня. Першапачатковы варыянт — «Кнiга злачынстваў камунiзму»; тады Куртуа, сам мааiст у маладосьцi, назваў так свой уступ.

У Беларусi ў друку iдуць падобныя iдэалягiчныя спрэчкi, а вось такая шырокая чытацкая рэакцыя, як у Францыi, малаверагодная — у нас мiнулае яшчэ не мiнула.

На жаль, у выданьнi адсутнiчаюць прадметны i геаграфiчны паказальнiкi. Глыбiня асьвятленьня той цi iншай праблемы i краiны залежала, не ў апошнюю чаргу, ад моваў, якiмi валодалi аўтары. Нiхто зь iх, да прыкладу, не карыстаўся ўласна беларускiмi цi ўкраінскiмi, кiтайскiмi цi лiтоўскiмi крынiцамi.

Камунiзм у сьвеце канае — аднак калi працягласьць агонii сувымяральная з працягласьцю жыцьця, гэта суцяшае не канечне. Поўную кнiгу злачынстваў складуць самi народы, якiя сталiся ахвярамi д’яблавай спакусы. Калi падсумаваньне — гэта справа будучынi, то трэба шукаць у мiнулым. У пасьляслоўi, якое называецца «Чаму?», у якасьцi адказу прыводзiцца гегелеўская формула: усё нечалавечае — бессэнсоўнае i бескарыснае. Слушна. I аплочана яно па самым высокiм рахунку.

Аляксандар Лукашук