Сто твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя

Аляксей Глебаў.
Францiшак Скарына

 

Савецкая Скарынiяна, у тым лiку i ў скульптуры, выявiлася даволi рана. У 1920 годзе да вобразу беларускага асьветнiка зьвярнуўся Абрам Бразэр. Ён стварыў дзiўнаваты паўгарэльф, паўмэдаль. Скарына атрымаўся расплюшчаны, нiбы гумовы. За iм вобраз першадрукара быў увасоблены Заiрам Азгурам. З таго часу нiкому са скульптараў не прыходзiла ў галаву зьняць з галавы Скарыны барэт…

… Да 400-х угодкаў беларускага друку была створаная спэцыяльная камiсiя Iнбелкульту, якая даручыла стварэньне помнiка Скарыну, гэтак званага «скарынаўскага» шрыфту i мэдалёў Вiцебскаму мастацкаму тэхнiкуму. Гэты праект ачолiў Мiхаiл Керзiн, якi прыехаў зь Вялiжу, а родам быў зь Пецярбургу. На жаль, праект помнiка гэтак i застаўся нерэалiзаваным…

… У савецкай графiцы адным зь першых Скарыну на матывы ягонага партрэту ў Бiблii увасобiў Ахола-Вала. Ягоны твор зьявiўся ў 1926 годзе на вокладцы часопiса «Маладняк». Дарэчы, цi ня з гэтае вокладкi пачалося бясконцае клiшаваньне бiблейскага Скарыны. Ахола-Вала, жывучы ў сваёй Фiнляндыi, пра гэта мусiць i не здагадваўся…

… Менавiта пад час усебеларускае падрыхтоўкi да Скарынаўскага юбiлею, у 1926 годзе, у Вiцебск прыяжджае Аляксей Глебаў. Тут ён паступае ў Вiцебскi мастацкi тэхнiкум. Знаёмства з гiсторыяй Беларусi адбылося ў яго адразу, на ўзорах плястычнага ўвасабленьня Беларушчыны настаўнiкамi й студэнтамi…

… Гэтак склаўся лёс, што вучыцца Глебаву давялося ў Керзiна. Глебаў стаў неўзабаве любiмым вучнем гэтага скульптара i выдатнага пэдагога. Рэалiзм, часьцяком дробны й натуралiстычны, прывезены зь Пецярбургу мiнулага стагодзьдзя, быў прышчэплены будучаму скульптару намёртва…

… Керзiн настолькi прывязаўся да вучня, што запрасiў яго да ўдзелу ў аздабленьнi Дому ўраду ў Менску ў 1933 годзе. Тутака, працуючы разам з такiмi мэтрамi, як Керзiн i Манiзер, Глебаў сфармуляваў свае творчыя i сьветапоглядныя прынцыпы. Для Дому ўраду ён выканаў бюст Фрунзэ. А далей пайшло… Барэльефы для Дому Савецкай Армii, для Палаца пiянэраў i школьнiкаў (першага ў СССР), скульптуры для Ўсезаюзнае сельскагаспадарчае выставы ў Маскве 1940 году. Зьвернем увагу, што Глебаў зьвяртаўся ў тыя гады найчасьцей да беларускiх фальклёрных матываў. Сюжэты ягоных працаў тых гадоў: «Крыжачок», «Лявонiха» i гэтак далей. Ён жа ў тыя перадваенныя гады выканаў першую ў гiсторыi беларускага мастацтва шматфiгурную конную кампазыцыю для помнiка ў Барысаве. Гэты помнiк быў прысьвечаны вайне Саветаў з Польшчаю ў 20-я гады i зваўся «Рэўваенсавет Першай коннай армii». Пасьля вайны Глебаў працаваў над праектамi конных помнiкаў беларускiм князям, Васiльку Менскаму i Ўладзiмеру Полацкаму…

… На вайне як на вайне. Глебаў быў прызваны на фронт, дзе яго цяжка паранiлi. Доўгi час ён быў прыкаваны да ложка. I яшчэ ў шпiталi пачынае iзноў працаваць…

… Першыя паваенныя творы Глебава: «Янка Купала», эскiз «Янка Купала i Максiм Танк», «Янка Купала i Максiм Горкi» i яшчэ пяць бюстаў Купалы… Чаму над вобразам Купалы ў тыя гады Глебаў працаваў асаблiва напружана? Што вяртала яго да гэтага вобразу? Можа загадкавая сьмерць паэта, зь якiм скульптар быў асабiста знаёмы? Цi iмкнуўся Глебаў такiм чынам абаранiць асобу Купалы? Цi адчуваў ён нейкую нядобрую тайну? Невядома. Але ягоныя партрэты Купалы тае пары прасякнутыя неўласьцiвым савецкаму й глебаўскаму мастацтву псыхалягiзмам i трагiзмам…

… I вось у 1954 годзе Глебаў стварае яшчэ аднаго Купалу ў вобразе… Скарыны.

Гэта вялiкая, больш за два мэтры, скульптура вырабленая зь нязвыклага для Глебава матэрыялу. З дрэва. Пазьней ён зьвернецца да дрэва яшчэ толькi раз. У 1963 годзе. I толькi для таго, каб стварыць яшчэ адзiн свой шэдэўр — «Юнацтва». Постаць аголенае дзяўчыны, блiзкая пяшчотным манумэнталiзмам да твораў Маёля, стала ў свой час гэткiм жа сымбалем «адлiгi» 60-х, як i аднайменны афорт лiтоўскага графiка Красаўскаса. Дрэва, мяккая залацiстая лiпа, надала плястыцы Глебава цеплыню i iнтымнасьць. На фактуры дрэва застаўся кожны сьлед разца, кожная выпадковая завусенiца… Тое, чаго не застаецца ў гiпсе цi бронзе. I сёньня, гледзячы на гэтую скульптуру, мiжволi згадваецца традыцыйная беларуская драўляная плястыка 17-18 стагодзьдзяў. Выпадкова цi не, зварот да дрэва, без падробкi пад брутальную прыроднасьць альбо «народнасьць», злучыў гэты твор Глебава з вышэйшымi ўзорамi беларускае клясычнае спадчыны.

«Скарына» ў Глебава атрымаўся ўзьнятым да псыхалягiчнага вобразу мысьляра-асьветнiка. Да гэтага часу беларуская Скарынiяна ўжо была разнастайна распрацаваная. Аднак нават Драздовiч i Сергiевiч не ўзьнялiся вышэй за лубочны вобраз сярэднявечнага вучонага цi работнiка-друкара. Хутчэй за ўсё Глебаву тут дапамагла вялiкая праца над партрэтамi Купалы. Вобраз асьветнiка-сейбiта, якi з трывогаю й болем узiраецца ў плён свайго пасеву, перакачаваў i ў скульптуру Скарыны. Ва ўяўленьнi Глебава Купала i быў увасабленьнем лепшых рысаў беларускага iнтэлiгента. Нават зьнешне, антрапалягiчна. Таму невыпадкова ён надаў Скарыну партрэтнае падабенства з Купалам. Вядома, падоўжыў валасы, вусы… Але твар застаецца блiзкiм i пазнавальным для беларусаў. Адначасова гэты скульптурны твар стаў i не абстрактным, i не стандартным, а моцна iндывiдуалiзаваным, больш прыдатным для перадачы тых эмоцыяў i ў той стылiстыцы, якiя задумаў скульптар.

Постаць, складана разгорнутая у прасторы, прадстаўляе друкара ў момант драматычнага, цяжкога роздуму. Эмоцыi хутчэй уласьцiвыя чалавеку 20 стагодзьдзя, чым рэнэсансавай асобе. Але тым глыбей апынуўся гэты твор, зьвернуты да беларускага гледача ў 1954 годзе. Можа, гэтага году i чакаў Глебаў, як i сотнi iншых савецкiх iнтэлiгентаў. Паказальна, што выказацца скульптару захацелася ў полi Беларушчыны…

Зьнешне вобраз Скарыны атрымаў умоўна-гiстарычную трактоўку. Сярод iншых дэталяў — кнiга, цяжкi старасьвецкi манускрыпт, якi добра прачытваецца гледачом на ўзроўнi вачэй, беспамылкова паказвае на характар пэрсанажа: кнiжнiк, першадрукар, асьветнiк. У маштабе станкавае плястыкi ясна чытаюцца дэталi адзежыны, сьцiплых аксэсуараў, якiя пазначаюць пэўную, ужо бясконца далёкую i цьмяна разуметую (нiколi не разуметую) у савецкай Беларусi эпоху…

На працягу 1967 i 1968 гадоў, апошнiх гадоў свайго жыцьця, Аляксей Глебаў працаваў над мадэляй помнiка Францiшку Скарыну. Дзясятак мадэляў… Але з кожнай новай вобраз станавiўся ўсё больш ляпiдарным. У пэўным сэнсе ў гэтым быў вiнаваты iншы, небеларускi матэрыял — гiпс, бронза… Але i часы былi iншыя. Глебаў гэтак i не адышоў ад стэрэатыпу.

Ужо пасьля сьмерцi Аляксея Глебава, у 1974 годзе, паводле ягонае мадэлi, у аснову якое быў пакладзены вобраз таго самага першапачатковага, дваццацiгадовае даўнiны, драўлянага Скарыны, у Полацаку паставiлi помнiк. Над iм працаваў ужо цэлы калектыў: скульптары Андрэй Засьпiцкi, Iгар Глебаў i архiтэктар Валеры Марокiн. Дэталь — нiводзiн зь iх не нарадзiўся ў Беларусi. Для гэтага манумэнту былi выкарыстаныя дарагiя матэрыялы: чырвоны гранiт, ружовы пясчанiк i, натуральна, бронза. Па стылабаце, даўжынёю ў 8 мэтраў, пусьцiлi надпiс «Франциск Георгий Скорина»… Невераемна павялiчаная скульптура (пяць з паловаю мэтраў), разам з пастамэнтам складае манумэнт вышынёю ў дванаццаць мэтраў! Пры такiм маштабе той, першасны псыхалягiзм вобразу Скарыны, прапаў зусiм. Перад гледачом — цi то рабочы ў робе, цi то доктар у халаце. А хутчэй за ўсё — задуменны сьлесар. Як пiсалi ў савецкiх кнiгах: «Ляканiчныя дэталi (кнiга i гранка ў руках) трактуюць вобраз Скарыны як друкара i асьветнiка…» Нiчога, вядома, гэтыя дэталi не «трактуюць». На вышынi ў дзесяць мэтраў можна толькi ўяўляць, якiя там дэталi.

Iмем Аляксея Глебава назвалi пасьля Менскую мастацкую вучэльню, хоць ён да яе ня меў непасрэднага дачыненьня. У адрозьненьне ад аднафамiльца Iгара Глебава (родам зь Цьвершчыны), якi выкладаў у гэтай вучэльнi. Паводле гiронii менавiта Iгар Глебаў атрымаў за помнiк Скарыну ў Полацку Дзяржаўную прэмiю БССР у 1978 годзе.

Сяргей Харэўскi

 

У папярэднiх нумарах прадстаўленыя творы:

 

1. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля

2. Мсьцiслаў Дабужынскi. Вiцебск, лесьвiца

3. Марк Шагал. Прамэнад

4. Iльля Рэпiн. Беларус

5. Марк Антокальскi. Помнiк Кацярыне

6. Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля. Блакiтная каплiца

7. Хаiм Суцiн. Паж

8. Казiмер Малевiч. Чорны квадрат

9. Язэп Драздовiч. Пагоня Ярылы

10. Валянцiн Волкаў. Менск, 2 лiпеня 1943 году

11. Манумэнт Перамогi

12. Помнiк Ленiну ў Менску

13. Пётра Сергiевiч. Шляхам жыцьця

Глебаў Аляксей

(1908, в. Зьверавiчы Смаленскае губэрнi —1968, Менск) скульптар, пэдагог. Вучыўся з 1926 да 1930 у Вiцебскiм мастацкiм тэхнiкуме. З 1955 году — выкладчык Беларускага тэатральна-мастацкага iнстытуту. У той жа год стаў Народным мастаком БССР.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0