ПОШТА

 

Вiтаю Вас, паважаная рэдакцыя!

Хачу Вам сказаць слова падзякi за тое, што Вы ёсьць, што Вы робiце такую патрэбную i складаную справу. Першы раз я падпiсаўся на Вас, раней купляў у шапiках. Зараз вырашыў падпiсацца, таму што не хачу губляць Вас, бо Вы такiя адзiныя i непаўторныя, i бяз Вас асабiста мне будзе вельмi цяжка. Да таго ж я зьбiраю ўсе нумары, пачынаючы зь лiпеня 1996 году. Хачу захаваць дзеля сваiх дзяцей, а можа i ўнукаў, гэтую газэту, гэты скарб.

Вiншую вас з Калядамi, зычу найперш здароўя, потым мужнасьцi й сьмеласьцi Вам i Вашым сем’ям, усё астатняе прыкладзецца! Упэўнены, мы пераможам, рана цi позна! Яшчэ раз дзякую! Да спатканьня.

Вiталь Корнеў, Пухавіцкі раён.

 

Дзень добры, шаноўнае спадарства.

Зьвярнуцца да Вашае ўвагi мяне прымусiла пытаньне, якое даўным часам чмурыць голаў пэўнае колькасьцi суайчыньнiкаў, ласьне — аб найменьнi «тутэйшае» краiны. Прапановы наконт гэтага час ад часу зьяўляюцца на старонках газэтаў цi кнiгаў, альбо гучаць на радыёхвалях. Такiм чынам, стала модным распавядаць аб сваiх тапанiмiчных прыхiльнасьцях. Аднак пры гэтым, не зважаючы на цiкавую акалiчнасьць, якая засталася па-за межамi ўвагi хоць i ня ўсiх, але большасьцi дасьледчыкаў. А справа ў тым, што нiводны з прапанаваных варыянтаў не ахоплiвае ўсяе тэрыторыi краю.

Па-першае, гэта Крывiя. Тапонiм паходзiць ад назвы племяннога саюзу крывiчоў, якiя засялялi полацкiя, пскоўскiя ды смаленскiя землi. В.Ластоўскi лiчыў, што гэта адзiная сапраўдная саманазва беларусаў. Але варта прыгадаць, што акрамя полацкiх крывiчоў, якiя займалi асяродак i паўночны ўсход сучаснае Беларусi, былi яшчэ дрыгавiчы й дулебы з поўдню, радзiмiчы з Усходу i балцкiя плямёны на Захадзе. Таму найменьне «Крывiя» нельга аднесьцi да беларускага этнасу, якi зьяўляецца агульным нашчадкам вышэйзгаданых плямёнаў.

Па-другое — Лiтва (цi, у адрозьненьне ад цяперашняе Лiтоўскае рэпублiкi — Вялiкая Лiтва). Гэты тэрмiн прыйшоў да нас ад гэтак званае летапiснае Лiтвы, тэрыторыя якой знаходзiцца ў межах заходняе Беларусi. Напачатку заселеная старажытнымi лiтоўскiмi плямёнамi, яна была спакваля асымiляваная прышлымi славянамi, якiя, як гэта здаралася й будзе здарацца потым, запазычылi ў тубыльцаў iхную назву. У далейшым гэтая мясьцiна i зрабiлася асяродкам, вакол якога пачала будавацца лiтоўска-беларуская дзяржава.

Тым ня менш, гэта самы супярэчлiвы тапонiм. З аднаго боку, гэтак завуць сябе сучасныя нашчадкi жэмайтаў i аўкштайтаў. Зь iншага — гэтак звалася сярэднявечная дзяржава, мова, культура i народ якой, былi ў большасьцi беларускага паходжаньня. Менавiта ў часы Вялiкага Княства Лiтоўскага пачала складвацца й дасягнула найвышэйшага росквiту беларуская народнасьць. Жыхароў гэтага гаспадарства пачалi зваць лiцьвiнамi. Але ў межах Вялiкага Княства лiцьвiнамi цi лiтоўцамi звалiся пераважна жыхары заходнiх тэрыторыяў, у той час, як усходняя частка — беларусцамi цi беларусiнамi. Пэўную ролю ў гэтым, магчыма адыграў канфэсiйны падзел на заходнiх, каталiкоў i ўсходнiх, праваслаўных. Гэты падзел iснаваў нават напрыканцы XIX стагодзьдзя, аб чым паведамляе ў сваiх працах А.Кiркор, якi разьмяжоўвае край на Лiтоўскае ды Беларускае Палесьсi.

Нарэшце, трэцi тапонiм — Беларусь. Што тычыцца гэтага найменьня, то яно ўпершыню згадваецца ў Дублiнскiм рукапiсе XIII ст. Аўтар геаграфiчнага трактату, якi ўваходзiць у гэты рукапiс, быў каталiцкiм прапаведнiкам i доўгi час жыў сярод яцьвягаў i лiтоўцаў, а таксама прысутнiчаў на каранацыi Мiндоўга. Сярод пералiку апiсаных земляў (Курляндыi, Жамойцi, Лiтвы, Яцьвягаў ды Нальшанаў), ён паведамляе пра сумежную зь iмi Белую Русь, якая, верагодней за ўсё, зьмяшчалася недзе ў землях ад Пскова да Турава. Але гэтая назва ня мела пэўнае этнiчнае прыналежнасьцi i ў розныя часы адносiлася да розных тэрыторыяў. Ласьне Белай Русьсю называлiся, кожная ў сваю часiну, Полаччына, Смаленшчына, Пскоўшчына (то бок землi крывiчоў). Гэтак звалася Суздальская Русь Андрэя Багалюбскага i Масковiя Iвана III-га. Нават Украiна, пры гетмане Хмяльнiцкiм...

А ў дзяржаўным справаводзтве Вялiкага Княства гэты тэрмiн даволi доўга не ўжываўся i зьявiўся толькi ў XVII ст., пры Яне Сабескiм, адносна да Мсьцiслаўскiх i Магiлёўскiх земляў. Канчаткова стала звацца «тутэйшай» краiна напачатку ХХ ст., у часы купалаўскага Адраджэньня.

Як бачым, нiводны з тэрмiнаў ня можа ўжывацца паасобку ў дачыненьнi да ўсяго краю i яго народа. «Назва нацыi — гэта сьцiслы вобраз яе гiсторыi,» — пiсаў Я.Запруднiк. Вядома, можна назваць дзяржаву Беларусьсю Лiтоўскай i тым самым вырашыць праблематычнае пытаньне гiстарычнае спадчыннасьцi, зьяднаць беларускiя землi ў адзiнае цэлае i канчаткова вызначыць, урэшце, заходнiя зьнешнепалiтычныя прыярытэты нацыi.

Але гэта, напэўна, ужо справа наступнага стагодзьдзя, бо зараз у нас ёсьць больш надзённыя пытаньнi, якiя патрабуюць неадкладных адказаў.

Вiктар Пастухоў, Лiда

 

 

Добры дзень, шаноўная рэдакцыя!

Маю тры нагоды напiсаць лiст. Па-першае, дасылаю свой подпiс пад «Хартыяй ’97», па-другое, падпiсны квiток, як просiце.

Па-трэцяе, што ж нам прапануе Мiкола Самавiты з Глыбокага («НН», №32) замест аднаўленьня Лiтвы вакол Баранавiчаў, як хоча Аляксандар Маргун («НН», №32), зарыем усё ў зямлю i будзем чакаць канца сьвету, а потым прыляцiм назад!

Людцы мае добрыя, такi чорны гумар ужо рабiўся яваю. Рымляне аднойчы пахавалi свае хаты, статуi, фрэскi ў Пампеi пад Вэзувiем, якi няшмат горшы за ўлады РБ, а потым гэтае дабро знайшлi археолягi. Ды нешта не вяртаюцца рымляне, а лацiнская мова засталася толькi на этыкетках лекаў, як i беларуская — на паперы, а ня ў вуснах людзей.

Праўда, чаго толькi не бывае. Глядзiш — сядзе лятучая талерка на плошчы Незалежнасьцi ў Менску i выйдуць зь яе пяцёра рымлянаў. I тут жа да iх мiлiцыянт: «Цi маеце дазвол на правядзеньне пiкету?» Гой, ня любяць рымляне, калi iх правы парушаюць, i ў хуткiм часе на месцы Дома ўраду зацьвiлi валошкi й загулi пчолы. I вось прыяжджаюць у Менск бюракраты з усяе краiны, каб вернападданасьць прэзыдэнту выказаць. А яго няма, i ля плошчы Незалежнасьцi валошкi цьвiтуць. «Перад кiм сьпiну гнуць будзем?» — спыталiся ў сябе бюракраты i з сумам пайшлi на паклон да Шарэцкага. А той iм: «Мы яшчэ ня скончылi пачатую намi працэдуру аб’яўленьня iмпiчмэнту, таму супраць усенародна абранага прэзыдэнта пайсьцi не магу». «Дык яго ж няма», — зьдзiўляюцца бюракраты, — каму iмпiчмэнт аб’яўляць будзеце?» «Прад’явiце шкiлет, тады паверу, што больш няма», —не здаецца Шарэцкi. Што зробiш, пайшлi блукаць па Менску бюракраты, i набрылi на штаб-кватэру БНФ. Пабачылi Пазьняка й перад iм схiляюцца, чалом б’юць: «Разьлюбезны наш, ня дай памерцi, будзь нашым прэзыдэнтам». А Зянон iм кажа: «Iдзiце да Ельцына ў Расею, ён вас i накормiць i абагрэе, а нам тут i бяз вас ёсьць што рабiць». Гэтак зьвялiся на Беларусi бюракраты i сталi людзi жыць-пажываць i дабро нажываць.

Тым часам, пакуль няма рымлянаў або канца сьвету, хай жа жыве Лiтва са сталiцай у Баранавiчах. Але толькi не ў Глыбокiм, гэта ж натуральная чарга: першыя Баранавiчы, другi Парыж (Глыбокае), трэцi Рым (Масква), ?, ?, палата №6, бо сакрэтныя гарады пад вышэйшымi нумарамi — гэта глупства, на якое здатныя толькi вышэйпамянёныя бюракраты.

Але больш за ўсё беларускаму руху патрэбныя не экзатычныя спробы ратаваньня, а больш-менш абгрунтаваная iдэалёгiя. У камунiстаў, прыкладам, ёсьць свая тэорыя Маркса, якая прадказвае iм перамогу. А за якiя правiны ня маем падобнай тэорыi мы? Доказы i абгрунтаваньнi — рэчы магутныя. Падобнае i Ермаловiч рабiў, каб вярнуць нам пачатак гiсторы ВКЛ. На яго злуюцца, але запярычыць ня могуць, час такi: сёньня можна адмаўляць iснаваньне Бога, мы яго ня бачым, але навуку адмаўляць няможна: яе праявы мы бачым, чуем i нюхаем кожны дзень.

Алесь — Палескi Чарадзей, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0