«Мiратворства Расеi — блеф»

Дзьве гутаркi з расейскiм праваабаронцам Сяргеем Кавалёвым

 

У Менску адбылася канфэрэнцыя «За свабоднае грамадзтва ад Балтыi да Чорнага мора», зладжаная Мiжнароднай Хельсынскай Фэдэрацыяй i Беларускiм Хельсынскiм Камiтэтам. Зьбiралася канфэрэнцыя дзеля таго, каб засьведчыць салiдарнасьць з барацьбой за правы чалавека ў краiнах, дзе адбываецца рэстаўрацыя таталiтарызму, у тым лiку, у Беларусi. Аднак, цi ўдалося арганiзатарам, якiх цiкавiлi правы i свабода чалавека, так бы мовiць, у чыстым, «пазбаўленым нацыянальнае афарбоўкi» выглядзе, дасягнуць мэты? На маю думку, размовы на зададзеную тэму ў гэткiм «лябараторным» выглядзе не атрымалася. Парушальнiкам эўрапейскага акадэмiчна-нэўтральнага падыходу стаў вядомы расейскi праваабаронца Сяргей Кавалёў. У яго знайшлося некалькi важкiх «камплiмэнтаў» як на адрас беларускага чынавенства — за iхную дэмагогiю (яны зачыталi на канфэрэнцыi «аптымiстычны» даклад, маўляў, у Беларусi з правамi чалавека ўсё ў парадку), так i арганiзатараў — за iх ляяльную рэакцыю на гэты «аптымiзм». Большую частку свайго дакладу Кавалёў прысьвяцiў прыродзе цяперашняе расейскае ўлады, якая асаблiва яскрава праявiлася ў вайне з Чачэнiяй.

 

С.Кавалёў: Згадайце, дзеля чаго Расея разьвязала гэтую вайну. Каб ухiлiць так званы нелiгiтымны рэжым Дудаева? Дудаева ўхiлiлi, рэжым застаўся. Каб захаваць Чачэнiю ў складзе Расеi? Але пытаньне пра статус вырашае цяпер сама Чачэнiя, без Расеi. Яшчэ адна мэта — барацьба са злачыннасьцю. Сёньня там злачыннасьць у дзесяць разоў вышэйшая, чым да вайны. Што яшчэ? Абарона некарэннага насельнiцтва? Але сёньня зь гэтым насельнiцтвам таксама разьбiраюцца толькi чачэнцы. Ну i, нарэшце, — барацьба з iсламскiм фундамэнталiзмам. Якiм да вайны ў Чачэнii нават i ня пахла i якi цяпер расквiтнеў буйным цьветам. Такiм чынам, вайна прывяла да цалкам процiлеглых наступстваў.

 

«НН»: Цi ўсе палiтыкi ў Чачэнii перакананыя, што дадуць рады iснаваць незалежна?

С.К.: Я ведаю нямала палiтыкаў, якiя кажуць, што Чачэнii цяжка ажыцьцявiць сваю дзяржаўнасьць. Таму яны згодныя, што памiж Чачэнiяй i Расеяй павiнны складвацца асаблiвыя дачыненьнi пасьля таго, як Чачэнiя атрымае незалежнасьць.

 

«НН»: З чаго складаюцца гэтыя асаблiвыя дачыненьнi?

С.К.: Зь пяцi ўмоваў, якiя нiчым не адрозьнiваюцца ад тых, што мы абмяркоўвалi яшчэ з Дудаевым. Агульная армiя, агульная мяжа, агульная валюта, супольны зьнешнi курс i супольнае кiраваньне нафтаздабычай i нафтаперапрацоўкай. Паўстае пытаньне: за што ж яны ваявалi? За ваўка на сьцягу? Бо ўсё пералiчанае — гэта й ёсьць сувэрэнiтэт. Я спытваю расейскi бок, чаму ў 94-м, замест таго, каб прыняць умовы чачэнскага кiраўнiцтва, Расея пачала вайну? Маўчаць. Так што прыгожыя словы пра мiтарворства Расеi аказалiся блефам. А мiр у Чачэнii — ваенная перамога чачэнцаў.

Алена Лукашэвiч


 

«Я даўно прызвычаiўся, што праваабаронца — ён заўсёды недарэчы. У Расеi я недарэчы, таму што лiчыцца, што я здраджваю iнтарэсам расейскага народу... У Чачэнii таксама не асаблiва дарэчы, таму што з палiтычнымi iнтарэсамi адмiнiстрацыi я не магу, ды й не лiчу неабходным асаблiва лiчыцца». Так сканчалася маё iнтэрвiю зь Сяргеем Кавалёвым 24 студзеня гэтага году ў адным з чачэнскiх сёлаў. Мы працягнулi размову 6 сьнежня ў Менску.

 

«НН»: Сяргей Адамавiч, на канфэрэнцыi Вы сказалi, што даведалiся шмат новага пра факты хлусьнi беларускiх уладаў. Што Вы думаеце з гэтым рабiць?

С.К.: Гаварыць пра гэта. Мяркую, што ў нас у Маскве будуць у блiжэйшы час прэс-канфэрэнцыi. Акрамя таго, я таксама сябра Асамблеi Рады Эўропы ў Страсбургу. I iмкнуся бываць там на сэсiях рэгулярна. Урэшце гэта ж эўрапейскiя справы!

 

«НН»: Як вы ацэньваеце сёньняшнюю сытуацыю ў Чачэнii?

С.К.: Атрымаўшы перамогу, чачэнцы сталi панiчна баяцца адзiн аднаго. Яны баяцца выглядаць недастаткова патрыётамi, недастаткова добрымi мусульманамi, што занадта мякка ставяцца да Расеi — так бы мовiць, прарасейцамi. Iснуе так званае звычаёвае права горцаў — адаты так званыя: чачэнец не пакрыўдзiць чачэнца. Таму чачэнец можа заступiцца за чачэнца, калi яго iншы чачэнец крыўдзiць. А за «чужога», якога крыўдзiць чачэнец, ён заступiцца ня так энэргiчна. Цяжка паверыць, што ў маленькай Чачэнii, дзе ўсе адзiн аднаго ведаюць, Масхадаў цi Басаеў не здагадваюцца, хто i дзе трымае закладнiкаў-нечачэнцаў. Але iхныя iмёны не называюць. I нiколi не назавуць.

 

«НН»: Цi ёсьць мяжа памiж станоўчымi i адмоўнымi рысамi нацыянальнага характару?

С.К.: Ва ўсiх народаў i самыя ўзьнёслыя, i самыя агiдныя рысы характару — з адной крынiцы. У чачэнцаў гэта —гiпэртрафаванае пачуцьцё ўласнай годнасьцi. Яны праўдзiвыя i шчырыя людзi, яны пагарджаюць сьмерцю, яны грэбуюць болем. Я нiколi ня бачыў нiводнага чачэнца, якi б стагнаў. Калi ён прытомны. Але iхная сварлiвасьць, фанабэрыстасьць, ганарыстасьць — таксама iхнае пачуцьцё ўласнай годнасьцi...

На гэты конт ёсьць старая чачэнская легенда. Канец сьвету. Усё жывое гiне. Вецер такi моцны, што забiвае ўсiх. I адзiн воўк стаiць на скале i стрымлiвае гэты вецер. А вецер такi моцны, што шкуру зь яго зьняў. I воўк стаiць голы, бяз шкуры. I што ж кажа гэты воўк? Ён кажа: «Калi б я раней ведаў, што я такi моцны, я б iм усiм паказаў!»

Тацяна Сьнiтко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0