САБОР

 

Страсбур... Штрасбург... Заходнеэўрапейская Беласточчына, ня першае i не апошняе спрэчнае скрыжаваньне ў Старым Сьвеце. Калi ўнукi Карла Вялiкага ў 843 г. дзялiлi памiж сабой «саюз нерушымы» дзедавай iмпэрыi, старэйшаму Лотару дасталася, сярод iншага, скiба тэрыторыi на памежжы Галii й Нямеччыны, увекавечаная пазьней як Лятарынгiя. А Страсбург (ад нямецкага Strasse+Burg — фартэца на дарозе) i дагэтуль мае амплуа брамы. Аформiўшыся ў якасьцi галоўнага гораду Альзасу, ён да канца Трыццацiгадовай вайны належаў нямецкаму iмпэратару, потым Францыi, пасьля паражэньня Напалеона — зноў пад немцамi, а пасьля Першай сусьветнай — зноў у Францыi i, зь перапынкам на гiтлераўскую акупацыю, застаецца пад крылом гальскага пеўнiка па сёньня.

Цяпер Страсбург — адна са сталiц Эўрапейскай Супольнасьцi, тут месьцiцца Рада Эўропы (ня блытаць з Эўрасаюзам у Брусэлi). Альзаская брама расчыненая ў лiтаральным сэнсе. Франкфурцкi аўтобус на поўнай хуткасьцi праносiцца ў цемры каля казённай будынiны былога КПП, дзе — нi душы.

Страсбург — той выпадак, калi слова «эклектыка» ня мае лаянкавай танальнасьцi, а элегантна перадае складаназлучаны характар архiтэктурна-мастацкага сказу: нямецкая готыка, клясыцыстычныя палацы a-la Paris, наднацыянальны функцыяналiзм кварталу з офiсамi Рады Эўропы. I нiводнага палiцыянта! Пазьней мы ўбачылi iх пару разоў. Дужыя малойцы ў пiлотках стаялi ля сабору пад час цырымонii рукапалажэньня новага арцыбiскупа ды яшчэ вязалi нейкiх «лiц алжырскай нацыянальнасьцi» ў раёне вакзала.

А першыя патрулi тут наладжвалi цэнтурыёны яшчэ за жыцьця Хрыста, у часы Аўгуста. На пагорку, дзе месьцiўся рымскi castrum (умацаваны лягер), пазьней вырасла галоўная хрысьцiянская царква i дагэтуль захаваўся легiянэрскi малюнак вулiц. ХII ст. — эпоха сабораў — уславiла альзаскую мэтраполiю. Пачалася 300-гадовая будоўля i ўпрыгожаньне бажнiцы, якой наканавана было да канца 19 стагодзьдзя заставацца найвышэйшым гмахам Эўропы: вышыня вежы — 162 мэтры. Наблiжаючыся да гатычнага волата, забываесься пра лiчбы. Ягонае магутнае цела i гордая страла вянчаюць сабой горад. Яго бачна адусюль, гэта — вечны архiтэктурны маналёг калёса ў прасторы i часе. На сярэднявечных выявах будаўнiцтва нагадвае мурашнiк. Чалавечкi руплiва чэшуць камянi, караскаюцца зь iмi на рыштаваньнi. I так пакаленьне за пакаленьнем, зь цярплiвасьцю кiтайца, якi, замешваючы адмысловы гатунак глiны, нiколi ня ўбачыць канчатковую форму парцалянавай вазы. Бо патрэбныя стагодзьдзi i творчыя, калектыўныя намаганьнi некалькiх хваляў чалавечай энэргii. Неаслабным прыбоем, не баючыся часу, выратоўваючы гэтым добрым учынкам свае душы, дойлiды, скульптары, жывапiсцы, вiтражысты, простыя будаўнiкi ствараюць прыступка за прыступкай лесьвiцу ў неба, каб быць блiжэй да Бога.

Фасад i парталы страсбурскага сабору — як цудоўны сон, бажавольны дэлiрыюм звышчалавечай Anima Divina. Камень губляе сваю фiзычную прыроду. Трубным хорам сьпявае арган. Цыкляпiчныя карункi выгiбаў, вiмпэргаў, рэльефаў каменна-паветраным павуцiньнем iмкнуцца да круглага вакна-ружы ў цэнтры галоўнага фасаду. Боскае вока глядзiць на сьвет, кiдае ў прыцемкi iнтэр’еру афарбаванае вiтражамi сьвятло. Ад пачатковых радкоў Кнiгi Быцьця на старонках архiтэктурнай кнiгi разгортваецца ўнiвэрсальная энцыкляпэдыя, сфармуляваная мадэль сярэднявечнага сьвету: бiблейскiя i эвангельскiя сюжэты, выявы каралёў i бiскупаў, штодзённыя клопаты рамесьнiкаў (гэта групавыя партрэты гiльдыяў, якiя ўклалi свае грошы i працу ў будаўнiцтва). I яшчэ розная чартаўшчына, якой прысьвяцiў свае палымяныя фiлiпiкi рэфарматар каталiцкай царквы Бэрнард Клярвоскi. Таму ў храмах бэрнардынскiх кляштараў на менскiм Вышгарадзе мы не сустрэнем падобных «лiрычных адступленьняў».

Але вось што дзiўна. Вобразы Збаўцы, Мадоны, Царквы гатычны плястык увасабляе з глыбокiм пiетэтам i павагай да канонаў. Гэта велiчная, спакойная ў сваiм суладзьдзi скульптура. А як толькi чарга даходзiць да адмоўных герояў, творчая iнiцыятыва расьпярэзваецца i сьмела вырабляе авангардовыя па. Какетлiва выгiнаюцца грэшныя дзевы перад зямным спакусьнiкам (а ззаду, на сьпiне юнака затаiлiся гадзюкi i жабы). З карнiзаў нястрашна ашчэрваюцца монстры. Прыгожая жыдовачка з завязанымi вачыма i паламанай дзiдай — гэта Сынагога. Дынамiчны дысбалянс фiгуры, багатая плястыка складак, няўпэўненасьць i разгубленасьць гучаць у кожнай рысе. Але праз пакуты i супярэчнасьцi мастак дасягае катарсысу — ачышчэньня красой. Проста ня можа быць, каб гэты шэдэўр стварыла нянавiсьць. I ўспамiнаюцца перад iм ня толькi тысячы ахвяраў страсбурскага пагрому 1348 г., але й мужная пазыцыя некалькiх нямецкiх бiскупаў, якiя здолелi спынiць забойства ў той жа год Вялiкай Чумы.

Ачалавечаная геамэтрыя фахвэркавых дамоў вядзе нас мiлымi вулкамi старога гораду, цераз забудаваныя масты, каля млыноў з запрудамi (цяпер тут рэстараны). Шыльды паўсюль дзьвюхмоўныя: па-француску i на альзаска-нямецкiм дыялекце. Чахарда ўладаў у рэтраспэктыве, здаецца, ня надта хвалюе абарыгенаў. Кожны зь iх, ну як вылiты аджарац або мэгрэл, горда заяўляе: «Я — альзасец». Школы выключна францускiя, але выкладаецца нямецкая мова, усе аднолькава свабодна размаўляюць на абедзьвюх. Аднак спроба праз рэфэрэндум адкрыць нямецкамоўныя школы правалiлася дзесяць гадоў таму.

Выбар сядзiбы дзеля Рады Эўропы i ейных структураў быў такiм чынам невыпадковым. Мы з Алесем Бяляцкiм прыехалi ў Палац Правоў Чалавека ад праваабарончай арганiзацыi «Вясна-96» на канфэрэнцыю з удзелам прадстаўнiкоў краiнаў Цэнтральнай i Ўсходняй Эўропы пад эгiдай Фундацыi Фрыдрыха Наўмана. На жаль, адразу патрапiлi ў цэнтар увагi ўсёй стракатай грамады. Такое, як у Беларусi, не адбываецца нават у Босьнii i Герцагавiне. Палякi пыталiся: «Чы то правда?» А ўдушэньне беларускага школьнiцтва шакавала нават цыганскую дэпутатку парлямэнту Вугоршчыны. Пасьля нашага дакладу сакратарка пачала раздаваць, як гарачыя булачкi, прэс-рэлiз Рады Эўропы пад назвай «Беларусь: паў апошнi бастыён дэмакратыi», прысьвечаны закрыцьцю газэты «Свабода». Украiнская дэлегацыя адразу выступiла з iнiцыятывай прыняцьця рэзалюцыi ў падтрымку дэмакратыi ў Беларусi, супраць парушэньня правоў чалавека i прыгнёту беларускай культуры i мовы рэжымам. Устрымалася ад галасаваньня толькi частка расейскай дэлегацыi.

Перад галоўным будынкам комплексу ўзьнялiся шыхтом сьцягi дзяржаваў-сяброў рады Эўропы: ад чорнага арла Альбанii да сiня-жоўтага ўкраiнскага прапара. Мы ўпэўненыя, знойдзецца тут месца бел-чырвона-беламу сьцягу. А пакуль што афiцыёз РБ быў пазбаўлены статусу спэцыяльна запрошанага госьця за фальшывыя рэфэрэндумы ды посьпехi ў камунiстычным будаўнiцтве.

Валеры Буйвал

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0