Адам Глёбус

Невялiкае пра вялiкiх

 

Сёнагон

Сэй-Сёнагон жыла ў асяродзьдзi, вызваленым ад працы, падаткаў, вайны, i знаходзiла безьлiч тэмаў, каб пiсаць генiяльныя «Занатоўкi каля ўзгалоўя».

 

 

Джойс

Каб ахарактарызаваць адным ёмкiм словам постаць Джэймса Джойса, дастаткова сказаць «дублiнец». А ён гэтага вельмi не хацеў, ён жадаў называцца Улiсам.

 

 

Хэмiнгуэй

Кожны раман, якi б вялiкi ня быў, можна зьвесьцi да аднаго анатацыйнага сказу. Твор «Стары й мора» Эрнэста Хэмiнгуэя можна пераказаць так: «Дзед злавiў вялiкую рыбiну, а яе зьелi акулы iмпэрыялiзму».

 

 

Ерафееў

Творы Вэнэдыкта Ерафеева носяць на твары добрасардэчную ўсьмешку, поўную кепскiх зубоў.

 

 

Шэксьпiр

Уiльяму Шэксьпiру даруецца ўсё, навет бяздарная пастаноўка «Рамэа i Джульеты» ў самадзейным тэатры Менскага трактарнага заводу.

 

 

Басё

Мацуа Басё жыў у эпоху, якая ня ведала ўспышак фотаапаратаў, а таму аддана верыў у азарэньне.

 

 

Бунюэль

Як рэвалюцыйна настроены сюррэалiст, Луiс Бунюэль ня мог не сказаць: «Навука — вораг чалавека».

 

 

Борхес

Хорхе Луiс Борхес любiў хавацца ў блытанiне сапраўднага й выдуманага.

 

 

Гомэс дэ ла Сэрна

З усiх вясёлых гiшпанцаў, над чыiмi старонкамi давялося пасьмяяцца, Рамон Гомэс дэ ла Сэрна самы эксцэнтрычны й найвесялейшы. «Нудысты цудоўныя людзi, — казаў Рамон, — толькi калi доўга пасядзяць, абавязкова прылепяцца да крэслаў».

 

 

Мiро

Жуан Мiро самы iнфантыльны з дадаiстаў. У ягоныя семдзесят яму было, насамрэч, тры гады. Мiро самы кранальны жывапiсец ХХ стагодзьдзя. Яго любiш, як дзiця, шчыра i самааддана.

 

 

Далi

Сальвадор Далi марыў быць гiшпанскiм каралём, а калi не каралём, дык прыдворным жывапiсцам, кшталту Вэласкеса цi Гоi, а ў сапраўднасьцi Далi быў каралём у мастацкай правiнцыi Сюррэалiзм, заснаванай Брэтонам.

 

 

Сурбаран

Францыска Сурбаран намаляваў збанкi, зь якiх вылецелi духi. Яны пакiнулi сасуды ў 1640 годзе, а такое ўражаньне, нiбы толькi што.

 

 

Эль Грэка

У творах Талера дэ Дамiнiка Тэотакапуласа — Эль Грэка — зьзяе выключна месячнае сьвятло, як i ў палотнах Пабла Пiкаса. Сонца Гiшпанii занадта зыркае для вачэй жывапiсца.

 

 

Хэмiнгуэй

Эрнэст Хэмiнгуэй майстар пераўтварэньняў. Зь любога столiка ў кавярнi ён мог за адно iмгненьне зрабiць працоўны пiсьмовы стол.

 

 

Леанарда

Нi кроплi сумневаў, Леанарда да Вiнчы — найвялiкшы з мастакоў, але гледзячы на ягоныя шэдэўры, не магу пазбыцца нiякаватасьцi, бо ўсё намалёвана нязручнай для мяне, левай рукою. Разглядаць творы Леанарда ўсё адно, як чытаць тэкст у люстэрку, дзе замест Леанарда да Вiнчы — ..................

 

 

Моцарт

Доўга-доўга выбiраў свайго аднаго-адзiнага кампазытара на ўсе найчарнейшыя i найшчасьлiвейшыя выпадкi, i выбраў Амадэя Моцарта.

 

Хiмэнэс

Пiсаць вершы ў сталым веку непрыстойна. Сiвы чалавек, якi гаворыць рытмiзаванымi дый зарыфмаванымi сказамi, выклiкае сьмех цi, у лепшым варыянце, спачуваньне. I толькi ў тых выключных выпадках, калi ў паэтычную форму ўкладаецца адметнае сьветаразуменьне, калi вершы пiша мудры мастак, я згодны слухаць i чытаць паэзiю, не зважаючы на ўзрост аўтара. Да такiх паэтаў належаў Хуан Рамон Хiмэнэс.

 

Макiявэлi

Трактат Нiколы Макiявэлi «Гасудар» не чытаюць дыктатары, да якiх ён адрасаваны. «Гасудара» чытаюць i перачытваюць заўзятыя змагары з тыранiяю й рэальным, увасобленым у жыцьцё макiявэлiзмам. Так i мусiць быць, бо волат, перамагаючы цмока, сам ператвараецца ў пачвару, тырана й гасудара.

 

 

Уальд

Iрляндзец Аскар Уальд параўнаў iрляндзкае мастацтва з расколатым люстэркам пакаёўкi. Пэўна, у гэтым патрэсканым люстэрку ён i ўбачыў жахлiвы твар свайго героя — Дарыяна Грэя.

 

 

Алеша

Юры Алеша змог напiсаць пра сябе выдатны радок: «Я быў гiмназiстам невысокае клясы».

 

 

Чаплiн

Кiнаблазан Чарлi Чаплiн назваў сучаснасьць «стагодзьдзем злачынстваў». Комiк, якi лепей за ўсiх сыграў ролю Гiтлера, меў рацыю, бо ў ХХ стагодзьдзi маркiз дэ Сад i Захер Мазох прачытваюцца як лiрыкi.

 

 

Джойс

Раман Джэймса Джойса «Улiс» — праекцыя чалавечага мозгу.

 

 

Дэ Сад

Ёсьць толькi адзiны, не алгалягнiчны варыянт чытаньня прозы Данат’ена Альфонса Франсуа дэ Сада — раскрываць кнiгi наўздагад, чытаць хутка й нядоўга.

 

 

Малевiч

На знакамiтае палатно Казiмера Малевiча «Чорны квадрат» нягеглы менскi пэцкуль, якi дваццаць гадоў выкладае жывапiс у Беларускай акадэмii мастацтваў, абураўся наступным чынам: «Ну, паехаў я ў Маскву паглядзець на гэты квадрат... Ну, паглядзеў... I што? Ён жа крывы!»

 

 

Ван Гог

Вiнцэнт Ван Гог намаляваў сланечнiк, адрэзаў сабе вуха, намаляваў аўтапартрэт з адрэзаным вухам i застрэлiўся ў жыце. Ва ўсёй трагедыi мяне бянтэжыла адна акалiчнасьць: Ван Гог адрэзаў сабе вуха тупой брытвай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0